Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч на Раратах у Мінску: збаўленне чалавека Бог абумовіў згодай чалавека
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.11.2016 09:31

29 лістапада ў мінскай архікатэдры распачаліся Рараты — Марыйнае набажэнства, якое традыцыйна цэлебруецца ў Адвэнце на світанні. Узначаліў Эўхарыстычную літургію Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Можна без сумневу сцвердзіць, што ў перыяд Адвэнту, большая частка якога прыпадае на снежань, раней за ўсіх прачынаюцца прыхільнікі раратніх набажэнстваў. Яшчэ цёмна, а вернікі ўжо ідуць са свечкамі і ліхтарыкамі ў святыню, пакідаючы першыя сляды на белым, некранутым снезе. Ідуць у святыню, каб праз Марыю, якая «ў гісторыі Збаўлення прадстаўляецца як ранішняя Зорка», набліжацца да Хрыста.

«Прарокі прадказвалі, што Збаўца народзіцца з Дзевы. Таму прыйсце ў свет Марыі стала знакам таго, што завяршаецца першы гістарычны Адвэнт і ў духоўным свеце пакрысе становіцца святлей. Свечка — гэта сімвал Хрыста. Раратнія набажэнствы са свечкамі акурат і адлюстроўваюць праўду пра тое, што дзякуючы Марыі ў свеце заззяла святло вечнай праўды, бо яна нарадзіла Збаўцу», — падкрэсліў у сваёй гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч.

Іерарх заахвоціў удзельнікаў літургіі вучыцца ад Панны Марыі паслухмянасці Божай волі: «“Так” Марыі з’яўляецца заўсёды новым і актуальным, бо новымі з’яўляюцца выклікі часу, якія патрабуюць новага нараджэння Езуса сваёй ласкай у нашых сэрцах, каб адказаць на іх згодна з Божай воляй. Такім чынам, беручы прыклад з Марыі, мы ствараем новую паўнату часу, у якую ўваходзіць Хрыстус».

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў задумацца «над тым фактам, што збаўленне чалавека ўсемагутны Бог абумовіў згодай чалавека». І гэтым чалавекам была Марыя. «Усё гэта нагадвае пра тое, што Адвэнт з’яўляецца найбольш адпаведным часам для таго, каб вучыцца пакоры», — сказаў іерарх.

Арцыпастыр таксама нагадаў, што найбольш каштоўным падарункам для іншага чалавека на надыходзячыя святы з’яўляецца «падарунак без цэнніка» — любоў «па прыкладу любові Бога да ўсяго чалавецтва і любоў, якою Марыя ахінае нас».

Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас раратняй святой Імшы ў мінскай архікатэдры

«Няхай жа раратнія набажэнствы, прысвечаныя ўшанаванню Марыі, натхняюць нас, каб на ўзор Марыі прымаць Божае слова, згаджацца з ім і з любоўю несці яго ў сучасны свет, каб той паверыў і стаў Бэтлеемам нашага часу», — пажадаў Мітрапаліт.

Рараты ў мінскай архікатэдры цэлебруюцца ў час Адвэнту кожны аўторак і чацвер у 6.45.

(DN), (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.