Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Фігура Маці Божай з Фацімы прыбыла ў Мінск
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.10.2016 01:03

13 кастрычніка ў мінскую архікатэдру прыбыла фігура Маці Божай Фацімскай. Над галовамі шматлікіх вернікаў у руках узняліся белыя хусткі — прысутныя віталі Фацімскую Пані, падобна таму, як і людзі з усяго свету чыняць гэта ў Фаціме.

На вуліцы перад святыняй фігуру Багародзіцы сустрэлі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Пасля фігуру ўрачыста ўнеслі ў святыню, дзе адбылося набажэнства да Маці Божай. «Ты ведаеш кожнага з нас па імені, нашыя сем'і, усіх хворых, беспрацоўных, патрабуючых… Мы разлічваем на Тваю дапамогу», — прамаўлялі малітву пробашч кс. Антоні Клімантовіч і парафіяне.

Урачыстую літургію, якая цэлебравалася за Беларусь, узначаліў Мітрапаліт Кандрусевіч. Іерарх адзначыў, што падчас гэтага набажэнства Беларусь яднаецца ў малітве са Святым Айцом, бо яго пасланнік, Дзяржаўны Сакратар кардынал П'етро Паралін у гэты дзень моліцца ў Фаціме.

«Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыходзіць да мяне?» — такімі словамі распачаў гамілію Мітрапаліт Кандрусевіч, тым самым даносячы да ўсіх прысутных усю значнасць падзеі гэтага дня.

Разам з Фацімскай Паннай у фігуры прыходзіць і напамін пра Яе пасланне. «У ім Марыя 99 гадоў таму накрэсліла гісторыю свету, асабліва Усходняй Еўропы, з жорсткім, нябачным раней пераследам веры, (…) і адначасова з надзеяй на вызваленне з сецяў ваяўнічага атэізму», — нагадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт вельмі выразна ўказаў на прарочую ролю Марыі ў атрыманні свабоды веравызнання ў Беларусі.

«Успомнім толькі некаторыя, цяпер ужо гістарычныя факты. Пасля таго, як св. Ян Павел II у свята Звеставання 25 сакавіка 1984 г. ахвяраваў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, у былым Савецкім Саюзе пачалі адбывацца нябачныя да гэтага сацыяльна-палітычныя перамены... У 1988 г. Праваслаўная Царква ўрачыста святкавала юбілей 1000-годдзя хросту. Зазванілі званы на вежах касцёлаў, абвяшчаючы, што вера не памерла, — адзначыў іерарх. — Прызначэнне першага біскупа ў Беларусі ў 1989 г., потым у 1990 г. першага прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў СССР, стала знакам прышэсця новых часоў».


«Фацімскія аб'яўленні нельга аддзяліць ад гісторыі нашага Касцёла і яго адраджэння», — у чарговы раз падкрэсліў арцыпастыр і заклікаў не адпачываць «на лаўрах мінулых дасягненняў», а быць «людзьмі заўтрашняга дня», якія клапоцяцца аб захаванні хрысціянскай спадчыны.

«У 1917 г., калі атэістычны рэжым набліжаўся да нашай краіны, Марыя ў далёкай Фаціме праявіла сваю міласэрнасць: Яна заклікала да малітвы і навяртання і таксама дала нам надзею на свабоду і адраджэнне веры», — падкрэсліў Мітрапаліт.  

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на прыбыццё фігуры Маці Божай Фацімскай у мінскую катэдру

Арцыпастыр выказаў веру ў тое, што Божая ласка разам з Марыяй нанова прыходзіць у нашу краіну: «Сёння, калі свет стаіць на скрыжаванні дарог, мы свой позірк звяртаем да Цябе і просім, будзь міласэрнай да нас».

Як падкрэсліў іерарх, у нашы дні свет моцна патрабуе заступніцтва Марыі: «Сучасны свет, можна сказаць, стаіць на парозе трэцяй сусветнай вайны. Таксама Папа Францішак кажа, што ўжо ідзе гібрыдная сусветная вайна».

На заканчэнне літургіі прысутныя прайшлі па вуліцы ў працэсіі ўслед за Маці Божай у фацімскай фігуры, трымаючы свечкі і спяваючы «Авэ, Марыя!».

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр перад тым, як удзяліць папскае благаслаўленне, ад імя Святога Айца падзякаваў вернікам за прыклад іх веры і вернасць Маці Божай. Іерарх падкрэсліў, што Марыя блізкая асабліва да тых, хто спазнаў пераслед у атэістычныя часы, які перажыла як Беларусь, так і Венгрыя — радзіма Апостальскага Нунцыя. «Дзякуючы Яе заступніцтву вера на гэтых землях была ўратавана», — дадаў нунцый.

Фігура, якую Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў у Фаціме 4 кастрычніка, прабудзе ў мінскай архікатэдры да нядзелі, 16 кастрычніка. У гэты дзень пасля Імшы на 13.00 распачнецца яе перэгрынацыя па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а затым і па парафіях іншых дыяцэзій. Пасля Мінска фігуру будуць вітаць вернікі Магілёва.

Валянціна Грамыка
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

22.06 17:587 незвычайных фактаў пра Эдварда Вайніловіча, у гонар якога хочуць перайменаваць сквер у Мінску
21.06 08:51«Рыбы» і Laudans прадставяць Касцёл Беларусі на фестывалі «Магутны Божа»
20.06 16:13Бабруйск: Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр памаліўся ў справе мясцовага касцёла
20.06 15:38Пілігрымы з Маладзечна дзеляцца сваім досведам пра шлях у Будслаў пешшу
19.06 15:48Мітрапаліт Кандрусевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам у Свіры (+фота)
19.06 15:0425-годдзе адраджэння парафіі Св. Антонія адзначылі ў Слуцку
19.06 14:37У Мінску прайшла канферэнцыя ў гонар св. Шарбэля
19.06 14:12Дыпломы катэхетаў уручылі выпускнікам Мінскага тэалагічнага каледжа
19.06 12:11«Касцёл на Магілёўшчыне — жывы»: урачыстая працэсія Божага Цела прайшла ў Магілёве
19.06 11:36У Нясвіжы распачалі духоўную падрыхтоўку да святкавання 425-годдзя касцёла Божага Цела