Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Будславе адбыўся цыкл рэкалекцый для вілейскай парафіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.08.2016 11:27

З 8 па 20 жніўня ў Будславе праходзіў цыкл рэкалекцый для вернікаў вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (для розных узроставых груп). Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны перажыванню Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці.

Першымі рэкалекцыі перажывалі дзеці, якіх разам з аніматарамі было 34 чалавекі. На працягу пяці дзён дзеці разам маліліся, слухалі катэхезы, вучыліся жыць па-хрысціянску, а таксама разам забаўляліся і вучыліся быць міласэрнымі, як Нябесны Айцец. Тэматыкай рэкалекцый былі Радасныя таямніцы Ружанца. Кожны дзень дзеці разам разважалі над адной з таямніц з жыцця Марыі і Езуса, вучыліся па-хрысціянску перажываць нараджэнне Збаўцы, а таксама мелі магчымасць другі раз у гэтым годзе ў жніўні паўдзельнічаць у сапраўднай вігіліі з ёлкай, дзяленнем аплаткай, святым Мікалаем і Імшой пастэркай. Адным з пунктаў праграмы дня былі т. зв. майстэрні: вакальная, танцавальная, тэатральная і кулінарная, на якіх дзеці развівалі свае таленты і здольнасці, а потым прадставілі тое, чаму навучыліся, на выніковым канцэрце.

Наступныя рэкалекцыі з 12 па 14 жніўня перажываў парафіяльны хор «Angeli», які ўжо традыцыйна прыязджае напрыканцы лета ў Будслаў, каб каля цудатворнага абраза Маці Божай падчас духоўных практыкаванняў аднавіць жыццёвыя сілы і набрацца моцы на ўвесь наступны год. На працягу трох дзён удзельнікі рэкалекцый — 21 чалавек — праз малітву, сакрамэнт пакаяння і паяднання, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і канферэнцыі імкнуліся наблізіцца да таямніцы Божай міласэрнасці і навучыцца быць міласэрнымі да кожнага бліжняга ва ўсіх абставінах жыцця. Кульмінацыйным момантам рэкалекцый стаў пераход праз адкрытую Браму Міласэрнасці будслаўскага санктуарыя і атрыманне звязанага з гэтым поўнага адпусту. Рэкалекцыі для дзяцей і хору «Angeli» праводзіў пробашч вілейскай парафіі кс. Аляксандр Барыла.

Трэцімі па чарзе сталі рэкалекцыі для школьнай моладзі перад пачаткам новага навучальнага і катэхетычнага года. Духоўныя практыкаванні, якія праходзілі з 15 па 20 жніўня і ў якіх прыняло ўдзел 39 маладых людзей, праводзіў вікарый вілейскай парафіі кс. Юзаф Сярпейка. Тэмай гэтых дзён стала прыпавесць пра міласэрнага самараніна, а кожны асобны дзень быў прысвечаны перажыванню аднаго з фрагментаў прыпавесці. Расклад кожнага дня ўключаў малітвы і набажэнствы, прысвечаныя гэтай тэме, працу ў групах, спартыўныя, інтэлектуальныя і творчыя спаборніцтвы, на якіх удзельнікі маглі праявіць дадзеныя Богам таленты і здольнасці.

Маці Божая Будслаўская «выхавала» ўжо не адно пакаленне вілейскай моладзі, таму ў чацвер на такіх моладзевых рэкалекцыях ужо традыцыйна адбываецца «вечар сустрэчы выпускнікоў». На вечар прыязджаюць усе тыя, хто ў свой час прымаў удзел у гэтых рэкалекцыях. Большасць з «выпускнікоў» ужо працуе, некаторыя маюць свае сем’і, таму яны жадаюць хоць на адзін вечар сустрэцца разам на малітве каля цудатворнага абраза Маці Божай, якая стала вельмі блізкай для вілейскай парафіі.

Кацярына Дурко
Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.