Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
6 жніўня міністранты з Мар’інай Горкі завяршылі вандроўныя рэкалекцыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.08.2016 16:04

Вандроўныя рэкалекцыі для міністрантаў з Мар’інай Горкі адбыліся з 2 па 6 жніўня. Падчас гэтай акцыі было здзейснена шмат падарожжаў да вядомых у каталіцкім свеце мясцін і цікавых людзей Беларусі.

«У аўторак ранкам пасля святой Імшы група міністрантаў вырушыла ў Пінск, — піша ўдзельнік рэкалекцый міністрант Андрэй Коўшар.

Распачаць з гэтага горада было вырашана таму, што там — у цэнтры беларускага Палесся — пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк і яго папярэднік біскуп Зыгмунт Лазінскі. 

Праз некалькі гадзін у семінарыйнай браме міністрантаў вітаў рэктар кс. Андрэй Рылка. Адразу пасля прыезду хлопцы пайшлі ў катэдру, каб пакланіцца Езусу Хрысту у Найсвяцейшым Сакрамэнце, пасля чаго наведалі крыпту, дзе пахаваны кардынал. 

Там у цішыні сэрцаў, пры труне гэтага слыннага чалавека мы прасілі Бога аб патрэбных ласках для парафіі, яе сем’яў, усяго свету. Мы маліліся таксама аб тым, каб той атэістычны рэжым, які прыйшлося перажыць кардыналу Казіміру, ніколі не вярнуўся на беларускія землі.

Пасля смачнага абеда ў семінарыйнай сталоўцы кс. Андрэй зладзіў вельмі цікавую экскурсію па катэдры і Пінску.

Акрамя таго, увечары з семінарыстам Андрэем мы пагулялі на семінарыйным стадыёне ў футбол, а раніцай для нас правялі экскурсію па семінарыі. Найбольш нас здзівіла, што ў семінарыі апрача стадыёна, музея ў гонар кардынала Казіміра, ёсць яшчэ і трэнажорная зала, трэнажоры якой мы таксама пратэставалі.

З Пінска мы вырушылі ў Іванава, дзе 16 мая 1657 г. скончылася жыццё мучаніка-езуіта Андрэя Баболі.  Усю гісторыю гэтага славутага чалавека нам распавёў кс. Павел Кручак, які некалі працаваў у нашай парафіі ў Мар’інай Горцы. Вельмі прыемна было не толькі слухаць, але і сузіраць, бо на прыгожай цаглянай агароджы вакол касцёла размешчаны малюнкі-абразы з жыцця святога Андрэя Баболі.

Пасля малітвы ў касцёле і пачастунка ад кс. Паўла мы накіраваліся ў лагішынскі санктуарый Каралевы Палесся і лагішынскі дом-інтэрнат для састарэлых.

Надзвычай цёпла нас там сустрэў пробашч кс. Тадэвуш Шэшко FDP.  У касцёле адправілі святую Імшу, а потым была магчымасць азнаёміцца з працай каталіцкага дома-інтэрната.

Развітваючыся з гэтай установай, мы паабяцалі маліцца за яе працаўнікоў, жыхароў і ахвярадаўцаў.

Па дарозе ў Лебедзева, дзе праводзіліся нашы рэкалекцыі, мы наведалі яшчэ Івянец. Там была магчымасць назіраць, як на чале з пробашчам а. Лехам Баханэкам OFMConv ідзе актыўная падрыхтоўка парафіі да "Музычнай майстэрні".

Падчас знаходжання ў Лебедзеве нам яшчэ неаднойчы ладзілі цікавыя выезды. Адным з іх стала экскурсія ў цэнтральную пажарную частку Маладзечна.

Арганізаваў яе для нас католік маёр Аляксандр Падлужны, які служыць у гэтай частцы. Шмат і цікава нам распавядалі пра гісторыю службы МНС, пра сучасныя тэхнічныя сродкі, пры дапамозе якіх ратуюць людзей. Дазволена было прымерыць экіпіроўку пажарнага і нават паруліць пажарнай машынай.

На заканчэнне прабывання ў Лебедзеве мы наведалі ўжо добра знаёмага нашай парафіі Рамана Стужынскага, які прыязджаў у Мар’іну Горку падчас сёлетніх велікапосных рэкалекцый. Тады ён са сваім сябрам Валянцінам Шафаловічам парадаваў усіх сваім касцёльным спевам. Але як высветлілася — гэта не адзіная адметная рыса гэтага чалавека. Мы зусім не ведалі аб тым, што ён разьбяр па чырвоным дрэве.

Наш пробашч распавёў, што Раман запраектаваў і выканаў алтары ў шэрагу касцёлаў: у Вілейцы, Беразінскім, Альковічах, Маладзечне.

Нам быў адкрыты і невялікі сакрэт: месяц таму Раман зрабіў алтар і для нашага новага касцёла ў Рудзенску, які будуецца недалёка ад Мар’інай Горкі. На момант нашага візіту майстар працаваў над алтаром для Жодзішак.

Кожнаму з нас пад наглядам майстра было дазволена зрабіць некалькі рэзяў у ягонай працы. Цяпер, калі мы будзем у жодзіцкім касцёле, то з гонарам зможам сказаць, што ўдзельнічалі ў выкананні іхняга алтара.

Дзякуем Богу і ўсім, хто паспрыяў правядзенню нашых рэкалекцый.

Сапраўды, мы вельмі шмат даведаліся, пачулі, убачылі і пазнаёміліся з цікавымі людзмі. Будзем з нецярпеннем чакаць наступнага года».

Аўтар фота кс. Генрых Кучынскі, (AYU)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.