Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію ў Мядзелі (абноўлена)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.08.2016 23:09

7 жніўня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў з пастырскай візітацыяй парафію Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі.

Праграма візітацыі пачалася з наведвання мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы. Пры ўваходзе Мітрапаліта прывіталі прадстаўнікі кіраўніцтва бальніцы. Арцыпастыр наведаў капліцу Божай Міласэрнасці, а таксама адведаў хворых у палатах, удзяляючы ім святую Камунію і благаслаўленне.

Пасля адбылося прывітанне пры дзвярах касцёла і ўрачысты ўваход у святыню. Словы вітання скіравалі прадстаўнікі парафіі, моладзь, дзеці і пробашч а. Павел Леліто OCD, прадстаўляючы адначасова актуальны маральна-рэлігійны стан парафіі.

У гаміліі на святой Імшы Мітрапаліт засяродзіў увагу на галоўнай думцы Евангелля гэтага дня, якая выражаецца ў словах: чувайце, бо не ведаеце, калі Пан прыйдзе. Разважаючы над літургічным чытаннем, арцыпастыр адзначыў: «Ясна, што Езус кажа пра сваё другое прыйсце напрыканцы свету. Ясна таксама і тое, што мы павінны быць гатовы да Яго прыйсця ў славе, каб судзіць жывых і памерлых. І хаця мы не ведаем, калі гэта адбудзецца, тым не менш мы пакліканы цярпліва чакаць, як чакаюць верныя слугі вяртання свайго гаспадара».



«Мы чакаем другога прыйсця, якое будзе падобна да грому. Калі на небасхіле мы бачым маланку, то ведаем, што потым загрыміць гром. Пасля Уцелаўлення Сына Божага распачаўся адлік часу, як у гульні ў хованкі: “1-2-3-4 і г.д.”, і мы ведаем, што прыйдзе момант сустрэчы з Езусам-суддзёй, але не ведаем, калі гэта настане», — дадаў Мітрапаліт.

«Практыка штодзённага жыцця паказвае, што мы часта падобныя да школьнікаў, якія застаюцца ў класе адны. Настаўніца выходзіць з класа, кажа дзецям выконваць тое ці іншае заданне і абяцае хутка вярнуцца. Што тады робяць дзеці? Ці ўсе сумленна выконваюць заданне? Найчасцей большасць з іх пускае ў паветра зробленыя з паперы самалёцікі, жартуе паміж сабой або занята чымсьці іншым, усім магчымым, каб толькі не вучыцца. Ці настаўніца пахваліць дзяцей за такія паводзіны? Напэўна, не. Дзеці гэта ведаюць і, хаця не слухаюць настаўніцу, тым не менш баяцца яе вяртання, бо яна можа спытаць, чаму яны навучыліся. Тады ўсе хутка бяруць у рукі падручнік, каб адказаць на пытанне», — адзначыў арцыбіскуп.



«Падобна і з другім прыйсцем Хрыста. Ён, наш Настаўнік з Назарэта, адыйшоў у бачнай постаці з класа нашага жыцця, але пры гэтым пакінуў нам заданне, якое мы павінны выканаць. А менавіта мы павінны жыць і любіць як тыя, хто належыць Богу, і тады мы не будзем баяцца прыйсця Езуса», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Нагадваючы, што ў мінулую нядзелю ў Кракаве завяршыліся XXXI Сусветныя дні моладзі, іерарх адзначыў, што падчас іх Папа Францішак «заклікаў моладзь не спаць, але чуваць і быць людзьмі дзеяння, а не людзьмі канапы, якія нічога не робяць, а толькі выгодна ляжаць на канапе, чытаюць газету або глядзяць тэлевізар».



«Хрыстус заклікае нас быць людзьмі чування, бо д’ябал, як рыкаючы леў, кружыць вакол і толькі чакае, каб кагосьці праглынуць. І што будзе, калі ў той час прыйдзе Хрыстус альбо наступіць канец нашага зямнога жыцця і трэба будзе сустрэцца з Хрыстом-суддзёй?» — паставіў пытанне арцыпастыр. Мітрапаліт пажадаў вернікам, каб заклік Езуса — чуваць — абуджаў з духоўнага сну, «каб мы чувалі над захаваннем Божага права ў нашым жыцці і будавалі яго на вечна жывых прынцыпах Евангелля».

Пасля ўрачыстай Імшы адбыліся душпастырскія сустрэчы арцыбіскупа з дзецьмі, моладдзю, міністрантамі, удзельнікамі руху Жывога Ружанца і «Маці ў малітве». На сустрэчу прыбылі таксама вернікі з в. Канстанцінава, якая знаходзіцца прыкладна ў 40 км ад Мядзела.

Адбылася сустрэча і размова з Ядвігай Шчучко, маці кс. Віктара Шчучко, які паходзіць з Мядзела і зараз працуе ў парафіі ў Крывічах (Мядзельскі дэканат). Адбылося наведванне парафіяльных могілак і малітвы за памерлых вернікаў і дабрадзеяў парафіі. Акрамя таго, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з парафіяльнай радай і настаўнікамі. На заканчэнне візітацыі іерарх здзейсніў прагляд кніг і дакументаў у парафіяльнай канцылярыі.


(AG), а. Юрый Кулай OCD

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.