Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Купалаў фэст» у Радашковічах сабраў вернікаў на малітву і на танцы дзеля ўшанавання хрысціянскага сужэнства
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.07.2016 15:23

У другі раз парафія Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах з дапамогай Catholic.by прыняла гасцей на гучны фэст у гонар Янкі Купалы. Гэтым разам свята, якое адбылося 10 ліпеня, было прысвечана 100-годдзю сужэнства Івана Луцэвіча і Уладзіславы Станкевіч і тэме хрысціянскага сужэнства ў цэлым.

Фэст, які сабраў і мясцовых парафіян, і гасцей з Мінска, Гродна, Магілёва, Краснага, распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў ксёндз Юрый Быкаў. Дапамагаў святару ў цэлебрацыі набажэнства дыякан Мікола Гракаў.

Перад Імшой святар нагадаў пра асаблівую сувязь Радашковіч з вялікім паэтам беларускага народа — менавіта тут Іван Луцэвіч быў ахрышчаны ў ліпені 1882 года.

У 1916 годзе ішла Першая сусветная вайна, і Іван Луцэвіч — ужо вядомы ўсім пад літаратурным псеўданімам як Янка Купала — апынуўся ў эміграцыі ў Маскве, дзе абвянчаўся ў касцёле святых Пятра і Паўла са сваёй абранніцай Уладзіславай Станкевіч.

«Гэты фэст набліжае нас да вялікай творчасці Янкі Купалы, які імкнуўся абудзіць беларускі народ да духоўнай дзейнасці», — сказаў ксёндз Юрый Быкаў.

Падчас Імшы адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў Валянціна і Катажыны Шаўрук у 10-годдзе іх шлюбу.

Ксёндз Юрый Быкаў у літургічным адзенні, аздобленым беларускім нацыянальным арнаментам, згадаў верш Янкі Купалы «Маладым на вяселлі»:

Ужо зьвязалі рукі вам
Прад алтаром навекі,
«Сама» ўжо – жонка, мужам – «сам»,
Ня трэба вам апекі...

Вы самі будзеце ўжо знаць,
Што годна, што ня годна,
Адно другога пільнаваць
Лепш маткі, бацькі родных.
(1905-1907)

Гамілія была прысвечана роздуму над прыпавесцю Хрыста пра добрага самараніна з Евангелля паводле Лукі: як быць добрымі самаранамі для нашых бліжніх, ці гатовыя мы зразумець іншых людзей, каб правільна дапамагчы ім?

«Дарога, на якой юдэю сустрэўся добры самаранін, — гэта і наш шлях, на якім мы сустракаем розных людзей», — сказаў святар.

Па словах кс. Юрыя Быкава, абавязак католікаў — стаць такімі добрымі самаранамі, «перамяніць сабе, каб рабіць дабро», і ў гэтым дапамагае святая Камунія — «ежа для душы, каб яна не памерла».

Святар дадаў, што духоўнае адраджэнне кожнага чалавека непарыўна абумоўлівае здароўе і адраджэнне сем'яў, а нацыянальнае адраджэнне Беларусі не можа адбыцца без здаровых беларускіх сем'яў і правільнага выхавання дзяцей.

«Для аздараўлення душы трэба не толькі адпраўляць дзяцей на фізкультурныя секцыі, але і размаўляць з імі пра веру, любоў, правільныя адносіны паміж людзьмі, пра беларускую культуру», — адзначыў святар.

Ксёндз Юрый Быкаў вобразна падкрэсліў ідэю пра непарыўнасць духоўнага і нацыянальнага адраджэння Беларусі вершам Янкі Купалы «Вялікдзень».

Два святы на свеце — ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!
Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.
І далей к жыццю з паніжэння і сна!
Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў
Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!
Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты
У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!
(1909)

Завяршылася святая Імша малітвай за хрысціянскія сем'і і за Івана і Уладзіславу Луцэвічаў.

Пасля пачаўся сам фэст: Аксана Ючкавіч, журналістка Catholic.by, запрасіла сужэнскія пары выйсці ў цэнтр касцёла, каб мужы чыталі сваім жонкам вершы Янкі Купалы.

Было бачна, як пяшчотныя словы беларускай мовы, якія паэт склаў у цудоўныя радкі, з новай сілай распальваюць агенчыкі радасці ў вачах сужэнцаў. Чым далей мужы чыталі жонкам вершы, тым больш параў падыходзіла да алтара.

Магчыма, некаторыя з удзельнікаў ўпершыню пасля школы чыталі вершы на беларускай мове. Можна сказаць, што Янка Купала праз 100 гадоў абуджае сваёй лірыкай сярод тутэйшых людзей цікаўнасць да роднай мовы.

Кожная пара атрымала падарункі ад вядомага паэта і барда Алеся Камоцкага і Catholic.by.

Затым супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы правялі медыяпрэзентацыю, прысвечаную жонцы і сужэнству паэта, і правялі віктарыну. У яе ходзе выявілася, напрыклад, што Уладзіслава і Янка пазнаёміліся ўпершыню за восем гадоў да шлюбу ў рэдакцыі газеты «Наша Ніва» ў Вільні.

У фінале пераможцы атрымалі тэматычныя прызы.

У гонар фэсту сцены касцёла былі ўпрыгожаны старымі шлюбнымі здымкамі парафіян, дзякуючы чаму стваралася ўрачыстая і пры гэтым цёплая і хатняя атмасфера ў святыні.

«Традыцыя была ўжо закладзена ў мінулым годзе фэстам, прымеркаваным да дня нараджэння Купалы, а ў гэтым годзе адзначаецца 100-годдзе вянчання Івана Луцэвіча і Уладзіславы Станкевіч. Таму мы вырашылі зрабіць гэты фэст якраз у касцёле, таму што сям'я і сужэнства вельмі важныя для Каталіцкага Касцёла. На прыкладзе гэтых постацяў, якіх ведае ўся Беларусь, на прыкладзе вершаў Янкі Купалы пра сапраўдную любоў, каханне мы вырашылі паказаць і распавесці нашым парафіянам і нашым гасцям пра шанаванне сакрамэнту сужэнства», — распавёў ксёндз Юрый Быкаў пра ідэю свята.

Наступны этап святкавання праходзіў у касцёльным двары — парафіяне падрыхтавалі багаты на традыцыйныя вясельныя прысмакі стол і гарбату з кавай.

Тут жа перад касцёлам выступілі запрошаныя музыкі.

Сыграла на цымбалах салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяна Шумакова, лаўрэатка і фіналістка многіх міжнародных конкурсаў і фестываляў. У 2007 годзе ў Сеўле (Паўднёвая Карэя) на фестывалі, у якім бралі ўдзел выканаўцы народнай творчасці і фальклору пяці кантынентаў, Таццяна атрымала сертыфікат «Майстар Свету», годна прадставіўшы беларускі народны музычны інструмент — цымбалы, з яго пранікнёным гучаннем.

З лірычнымі творамі на вершы Янкі Купалы, Рыгора Барадуліна і свае ўласныя выступіў Алесь Камоцкі, які скончыў сваю праграму беларускімі інтэрпрэтацыямі ірландскіх паўстанцкіх песень.

«Я вельмі шмат выступаў у касцёлах, у мяне нават ёсць спецыяльная праграма. Па-другое, я вельмі шчыльна супрацоўнічаю з музеем Янкі Купалы. Таму мне вельмі прыемна тут быць», — распавёў пазней вядомы бард, грэка-католік па веравызнанні.

Андрусь Такіданг граў на домбры і вясёлыя, і сумныя песні, адказам на якія была жывая рэакцыя слухачоў.

На гітары граў бард Арцём Сітнікаў, чые творы адрозніваліся больш суровым, часам баявым настроем і, магчыма, абуджалі ў кагосьці жаданне далучыцца да касінераў Кастуся Каліноўскага ці жаўнераў Слуцкага паўстання.

Адкрыццём для многіх прысутных стаў гурт «Балцкі Субстрат», які па-майстэрску спалучае беларускія народныя мелодыі з матывамі блюзу і джазу.

Затым прыйшоў час танцаў — Юлія Бажок, Максім Гінтаў і Ігар Расолька, які граў на дудзе, вучылі ўсіх жадаючых беларускім традыцыйным танцам, асабліва тым, якія танчылі на вяселлях. Лявоніха ў розных варыянтах, полька-бабачка, падэспань і іншыя забавы продкаў прымусілі і маладых, і сталых успацець, патрэніраваць памяць і навыкі каардынацыі рухаў.

Скончылася свята гэтак жа ўрачыста, як і пачалося.


Ксёндз Юрый Быкаў зноў сабраў удзельнікаў у касцёле на агульную малітву, згадаўшы новыя радкі Янкі Купалы:

Мы пелі б, маліліся смела,
Каб наша малітва ўзляцела
Аж там, аж пад неба, да Бога!

Затым пад зводамі радашковіцкай святыні прагучалі словы гімна «Магутны Божа».

Аляксандр Гелагаеў. Фота Аксаны Ючкавіч. 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.