Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Залатагорскі фэст, прысвечаны тэме ўсынаўлення дзяцей, прайшоў у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.06.2016 11:14

5 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) прайшоў «Залатагорскі фэст». Другі па ліку фестываль быў прысвечаны тэме ўсынаўлення і сабраў удзельнікаў з розных парафій Мінска. Сваімі выступленнямі ў гэты дзень гледачоў парадавалі гурты «Рэха», «Небасхіл» і «Laudans».

Уваходзячы ў касцёл на Залатой Горцы, чую дзіцячыя галасы. Касцёл ужо перапоўнены. Сталыя людзі, дарослыя і моладзь ужо занялі свае месцы. Спераду дзе сядзяць, дзе стаяць, а дзе і гойсаюць туды-сюды, з цікаўнасцю пазіраючы на алтар, самыя маленькія парафіяне.


У гэты дзень у дзяцей незвычайная Імша, прысвечаная заканчэнню навучальнага года. А для дашкалятаў гэта яшчэ адна магчымасць адкрыць Бога, а заадно і павывучаць людзей вакол. Акрамя гэтага, вернікі моляцца ў інтэнцыі ўсынаўлення дзяцей-сірот.


Пачынаецца святая Імша, якую цэлебруе пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Юрый Санько. На пачатку святар дзякуе ўсім, хто прыйшоў у касцёл, і запрашае пасля Імшы застацца на канцэрт.

Гэтая Вячэра Пана была адметная яшчэ і тым, што падчас яе прыняла хрост маленькая дзяўчынка.

Пасля Эўхарыстыі ўсе накіраваліся на вуліцу, дзе ля касцёла ўдзельнікаў фестывалю ўжо чакала гатовая сцэна.

«Наша акцыя з’яўляецца нейкім лагічным завяршэннем Дня абароны дзяцей. У нас ёсць мэта. Мэта нашай невялікай, але вельмі важнай акцыі — нагадаць людзям аб тым, што ёсць дзеці, якім патрэбны сем’і. А таксама стымуляваць у прыняцці рашэння ўсынавіць дзяцей. Лозунг таксама просты і зразумелы: “Калі кожная пятая сям’я Беларусі ўсынавіць сірату, то мы назаўсёды забудзем пра дзяцей, у якіх няма бацькоў”», — заўважыў на пачатку канцэрту адзін з арганізатараў фестывалю Іван Клінцоў.



Яшчэ некалькі хвілін падрыхтоўкі — і са сцэны даносяцца першыя гукі акардыёна і балалайкі. Пад вясёлыя, завадныя, лёгкія кампазіцыі гурта «Рэха», якія разам са сваімі сябрамі выканаў саліст гурта Андрусь Такінданг, гледачы танчылі і пляскалі ў далоні.

«Мы больш-менш стараемся рэгулярна прымаць удзел, калі нас запрашаюць. Гэта магчымасць пайграць для знаёмых, сяброў. Нядаўна мы гралі ў Лідзе, у замку. Там праходзіў фэст дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Таксама не так даўно мы выступалі, збіралі грошы для хворай дзяўчынкі. Калі нашымі песнямі мы можам неяк далучыцца да добрай справы,то гэта вялікі гонар для нас», — падзяліўся Андрусь Такінданг пасля свайго выступлення.


Дзеці ў гэты час «адрываліся» па-свойму. Пакуль дарослыя стаялі на адным месцы, малыя бегалі каля сцэны, выпрабоўвалі скакалку, шчыпалі адзін аднаго і, канешне ж, танчылі і кружыліся.

Акрамя гэтага, дабраліся яны і да сцэны. Пад гітарны акампанемент манахіні самыя маленькія артысты праспявалі некалькі касцёльных песень.

Перанялі эстафету ў новых зорачак іх дарослыя калегі. Гурт «Небасхіл» працягнуў канцэртную праграму і падарыў удзельнікам фэсту выдатныя гітарныя і драм-сола, а таксама цудоўны жаночы вакал.



Вядомыя спевы з касцёльнага жыцця і пілігрымак гучалі па-новаму, жыва і арыгінальна.

Фестываль быў прысвечаны тэме ўсынаўлення дзяцей, таму адным з пунктаў праграмы было сведчанне бацькі сям’і, якая ўсынавіла семярых дзяцей.

Таксама арганізатарамі фестывалю былі выпушчаны ў неба белыя балонікі як сімвал дзяцей-сірот, якія пакінуць дзіцячыя дамы і знойдуць сваіх бацькоў.



Завяршыўся ІІ Залатагорскі фэст выступленнем гурта «Laudans». Каманда Андрэя Лугіна і Алены Палачанскай сваімі лірычнымі кампазіцыямі заахвочвала прысутных ніколі не губляць веры і надзеі і заўсёды давяраць Богу.


«Гэта другі Залатагорскі фэст. Усё распачыналася з простай сяброўскай сустрэчы, калі прыехала моладзь з Бабруйска і мы вырашылі, што наступны год зробім гэта больш цэнтралізавана. Хочацца таксама і сведчанне даць для іншых людзей, што Касцёл — гэта не месца, дзе збіраюцца людзі, якія маюць нейкія праблемы або клопаты, цяжкасці; што Касцёл — гэта той арганізм у грамадстве, які дае шмат надзеі і радасці», — заўважае арганізатар фестывалю кс. Юрый Санько.

«Я дзякую Богу, што ўдалося знайсці і паплечнікаў у гэтай справе, і спонсараў, і тых, хто падтрымаў. Я думаю, што гэта стане добрай традыцыяй, і Залатагорскі фэст, дасць Бог, стане святам не толькі Мінска, але таксама і нашай архідыяцэзіі і ўсёй Беларусі», — дадае святар.


Як звычайна, у справе арганізацыі акцый «Чыстага сэрца» дапамагаюць валанцёры. Іх таксама можна было заўважыць на Залатагорскім фэсце. Аб тым, што натхняе бескарысна дапамагаць людзям, Catholic.by распавяла валанцёр Іна Рыкуніна.

«Мне здаецца, што католік павінен рабіць добрыя справы, а такога кшталту арганізацыі, як “Чыстае сэрца” або “Карытас”, дапамагаюць у гэтай справе. Ксёндз Юрый мяне папрасіў прыйсці, і я адгукнулася. Я і ў мінулым годзе была. Тут было вельмі весела і класна. Шмат народу, шмат дзяцей. Сённяшняя тэма фэсту — усынаўленне дзяцей — вельмі важная для нашай моладзі, якая ўжо ў такім узросце, калі ўсе могуць усынавіць дзіця. Мне здаецца, што будзе нейкі эфект ад таго, што мы зараз тут робім», — дзеліцца думкамі Іна.


Сярод удзельнікаў фэсту было шмат сем’яў з маленькімі дзецьмі.

«Пра фестываль я даведалася ад сваёй сяброўкі Вікторыі Сучынскай. А таксама ўбачыла ў інтэрнэце. Тэма ўсынаўлення для нас заўсёды адкрытая. Мы з іншай сяброўкай Вікторыяй арганізоўвалі семінар, звязаны з праблемамі плоднасці і ўсынаўлення, таму з радасцю прыйшлі сёння ўсёй сям’ёй», — падзялілася Святлана Глазырына.

А Інга Камоцкая, як і многія іншыя бацькі, прыйшла сюды, каб падтрымаць сваё дзіця, якое выступала падчас канцэрту.

«Важна праводзіць такія фестывалі, таму што сям’я — гэта, мабыць, самае галоўнае, што ў нас ёсць», — заўважае жанчына.

Марына Валасар,

Фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.