Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пасхальная вігілія ў мінскай архікатэдры: «Хрыстус уваскрос — няма больш падбадзёрваючых слоў, чым гэтыя»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
27.03.2016 03:59

Пасхальная вігілія 26 сакавіка сабрала ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі мноства вернікаў горада. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасхальная вігілія, якая адбываецца ў ноч Уваскрасення, лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго літургічнага года. У гэтую ноч Касцёл у малітоўным чуванні чакае ўваскрасення Пана.


Вігілія гэтай ночы ўключае шмат прыгожых старадаўніх абрадаў. Пачынаецца яна з Літургіі святла, падчас якой адбываецца благаслаўленне агню і пасхала — вялікай свечкі, што з’яўляецца сімвалам Хрыста і важным элементам літургіі. Затым спяваецца грыгарыянскі спеў Exsultet, у якім абвяшчаецца радасная вестка пра ўваскрасенне Пана, пасля чаго ў літургіі слова Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам для збаўлення чалавецтва. Трэцяя частка вігіліі — Літургія хросту. Потым адбываецца Эўхарыстычная Літургія.

Хрост і аднаўленне абяцанняў хросту займаюць важнае месца ў літургіі Пасхальнай вігіліі, бо гэты сакрамэнт уключае людзей у збаўчую таямніцу Хрыста.


«Крыжовая смерць Езуса — гэта не канец, але пачатак»


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў: «Ён уваскрос! Ніхто і ніколі не мог сказаць больш падбадзёрваючых слоў, чым гэтыя».

«Мы завяршылі Вялікі пост — час нашага духоўнага ўваскрашэння. У духоўнай вандроўцы разам з церпячым Езусам мы прыйшлі да сённяшняга радаснага дня. У Вялікую пятніцу мы перажывалі драму Кальварыі. Сын Божы дабравольна аддаў сваё жыццё за нас, каб выбавіць з улады злога духа і палону граху. Нявінны аддаў сваё жыццё за вінаватых і грэшных. Ці можа быць большая любоў?» — дадаў арцыпастыр.

Па словах іерарха, «Пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста адкрывае нам схаваную праўду пра Бога»: «Здаецца, што Крыж на Кальварыі закрывае Яго магчымасці. Але на самой справе крыжовая смерць Езуса — гэта не канец, але пачатак. Гэта толькі пункт часовага затрымання, як быццам аўтобусны прыпынак. Як пасля прыпынку аўтобус едзе далей, таксама і Хрыстус сваёй боскай моцай не спыняецца і працягвае дзейнічаць».


«Хрост – духоўны маркер нашай хрысціянскай тоеснасці»


Мітрапаліт звярнуў увагу, што «ва ўсіх абставінах мы павінны заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, якое бярэ свой пачатак у сакрамэнце хросту, што з’яўляецца маркерам нашай хрысціянскай тоеснасці». «Гэтым духоўным маркерам пазначаны кожны хрысціянін, які ў сакрамэнце хросту ўключыўся ў Хрыста і прабывае з намі ў служэнні Касцёла», — дадаў арцыпастыр.

«Уваскрослы Хрыстус аб’яўляе нам прыроду і логіку не суду, але Божай міласэрнасці. Ён як быццам прамаўляе да нас: “Паглядзі, чалавек, ты забіў Мяне, але Я прыходжу да цябе з пасланнем міру, бо хачу, каб ты разам са Мною вярнуўся да жыцця”», — падкрэсліў арцыбіскуп.

«Таму вызнаўцы Хрыста павінны адзначацца згодным з Яго вучэннем жыццём. Гэта азначае, што наш позірк павінен быць скіраваны не на нас саміх і на нашы індывідуальныя справы, але на Божыя. Ён таксама павінен быць скіраваны на духоўныя і матэрыяльныя патрэбы іншых, як да гэтага заклікае Папа Францішак у Юбілейным Годзе Божай Міласэрнасці», — нагадаў іерарх.

Пастырскае пасланне Мітрапаліта на Вялікдзень 2016 г.>>>


«Свята Пасхі — магутнае “ТАК” Бога для дабра чалавека»


«Свята Пасхі — гэта магутнае “ТАК” Бога для дабра чалавека. Гэта надзея, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія сёння перажывае хрысціянства і свет. Гэта дар для ўсяго чалавецтва, што ў Хрысце смерць перамяняецца ў жыццё. Таму разам з анёламі мы павінны казаць: “Езуса няма ў магіле. Ён уваскрос і ёсць сярод нас!”» — адзначыў Мітрапаліт.

Арцыпастыр павіншаваў усіх са святам Вялікадня. Мітрапаліт выказаў святочныя пажаданні хрысціянам іншых канфесій, якія сёння разам з католікамі адзначаюць гэтае свята святаў, павіншаваў таксама праваслаўных братоў і сясцёр, якія будуць праз некаторы час святкаваць Уваскрасенне Хрыста, і ўсіх людзей добрай волі. «Радаснай, поўнай ласкі ўваскрослага Пана, свята Пасхі Хрыстовай і Яго супакою!» — пажадаў арцыбіскуп.

(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

07.12 10:38Біскуп Аляксандр Яшэўскі наведаў парафію ў Свіры ва ўрачыстасць св. Мікалая
04.12 20:53Мітрапаліт Кандрусевіч на ўрачыстасці ў Замосці: «Свабода — гэта вялікі Божы дар, але адначасова — і выклік»
02.12 16:19Былога дапаможнага біскупа Магілёўскай архідыяцэзіі Тэафілюса Матулёніса абвесцяць благаслаўлёным
29.11 14:01У каталіцкай парафіі ў Бараўлянах прайшоў адкрыты ўрок мастацкіх курсаў «Гармонiя»
29.11 09:31Мітрапаліт Кандрусевіч на Раратах у Мінску: збаўленне чалавека Бог абумовіў згодай чалавека
29.11 08:01Будаўніцтва святыні ў Катоўцы падтрымліваюць больш за дзве тысячы чалавек
28.11 16:07Дзяўчаты мінскай парафіі Божага Цела прынялі медальён Беззаганнай Марыі
28.11 13:16Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў з кананічнай візітацыяй парафію ў Рубяжэвічах
22.11 08:19Віншаванне Мітрапаліта Кандрусевіча харыстам, спевакам, касцёльным аркестрам і музычным гуртам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з нагоды свята святой Цэцыліі
21.11 14:58Канцэрт у гонар святой Цэцыліі прайшоў у мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля