Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў магілёўскай катэдры | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.03.2016 11:44

У Вялікі чацвер, 24 сакавіка, біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Літургія Вячэры Пана нагадвае пра Апошнюю Вячэру, калі Езус Хрыстус у ноч, калі быў выдадзены, ахвяраваў Богу Айцу пад постацямі хлеба і віна свае Цела і Кроў, даўшы іх апосталам, каб спажывалі іх, а іх наступнікам у святарстве – наказаўшы, каб нястомна складалі гэтую ахвяру на Яго памяць. У Вялікі чацвер узгадваюцца сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння, за якія вернікі ў гэты дзень асабліва дзякуюць Богу.

Імша Вячэры Пана распачала Пасхальны Трыдуум і цэлебравалася на ўспамін пра ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння. Езус, устанаўліваючы сакрамэнт Эўхарыстыі, даў апосталам і іх наступнікам уладу над сваім Найсвяцейшым Целам і ўпаўнаважыў іх здзяйсняць Найсвяцейшую Ахвяру Імшы, тым самым паказаўшы, што няма Эўхарыстыі без святарства і святарства без Эўхарыстыі.

На пачатку Імшы вернікі павіншавалі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, а таксама святароў, якія служаць у парафіі, – пробашча кс. Віталія Драздоўскага і ксяндза Паўла Беразуна – з нагоды ўстанаўлення ў гэты дзень Езусам Хрыстом сакрамэнтаў пасвячэння і Эўхарыстыі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў вернікам, чым з’яўляецца святая Камунія, прыводзячы шматлікія прыклады эўхарыстычных цудаў.  

Шмат увагі таксама звярталася на тое, як трэба прыступаць да святой Камуніі: «Многія з нас, ідучы прымаць святую Камунію, адчуваюць смутак і збянтэжанасць. Мы сустракаемся з Панам, а так занятыя сабою і сваімі думкамі! Ці годны я, ці няма ніводнага граху, ці дастаткова разумею… Добра было б нарэшце ўсвядоміць той факт, што ніколі не буду годны і толькі ў Ім магу знайсці сілу, каб стаць лепшым. Менавіта таму, што зноў і зноў падаю, я павінен прымаць як пасілак Яго Цела…»

Напрыканцы гаміліі біскуп заахвоціў усіх вернікаў імкнуцца заўсёды быць блізка Бога: «Быць бліжэй да табэрнакулюма, бліжэй да Езуса Эўхарыстычнага — гэта значыць выбраць найлепшую долю, якой ніколі не будзем пазбаўлены».

Падчас Імшы Вячэры Пана адбыўся абрад абмыцця ног 12 мужчынам, які здзейсніў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Гэты жэст сімвалічны: раней яго рабілі нявольнікі, і той жа жэст здзяйсняе Езус, пакідаючы яго таксама ўсім наступным пакаленням і такім чынам вучачы ўсіх, што яны павінны служыць адзін аднаму.

Пасля Камуніі біскуп у працэсіі перанёс кансэкраваныя гостыі ў цямніцу, што сімвалізуе арышт Езуса, пасля чаго разам са святарамі адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Потым на адарацыі трывалі вернікі парафіі.  

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by