Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў магілёўскай катэдры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
25.03.2016 11:44

У Вялікі чацвер, 24 сакавіка, біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Літургія Вячэры Пана нагадвае пра Апошнюю Вячэру, калі Езус Хрыстус у ноч, калі быў выдадзены, ахвяраваў Богу Айцу пад постацямі хлеба і віна свае Цела і Кроў, даўшы іх апосталам, каб спажывалі іх, а іх наступнікам у святарстве – наказаўшы, каб нястомна складалі гэтую ахвяру на Яго памяць. У Вялікі чацвер узгадваюцца сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння, за якія вернікі ў гэты дзень асабліва дзякуюць Богу.

Імша Вячэры Пана распачала Пасхальны Трыдуум і цэлебравалася на ўспамін пра ўстанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і пасвячэння. Езус, устанаўліваючы сакрамэнт Эўхарыстыі, даў апосталам і іх наступнікам уладу над сваім Найсвяцейшым Целам і ўпаўнаважыў іх здзяйсняць Найсвяцейшую Ахвяру Імшы, тым самым паказаўшы, што няма Эўхарыстыі без святарства і святарства без Эўхарыстыі.

На пачатку Імшы вернікі павіншавалі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, а таксама святароў, якія служаць у парафіі, – пробашча кс. Віталія Драздоўскага і ксяндза Паўла Беразуна – з нагоды ўстанаўлення ў гэты дзень Езусам Хрыстом сакрамэнтаў пасвячэння і Эўхарыстыі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі нагадаў вернікам, чым з’яўляецца святая Камунія, прыводзячы шматлікія прыклады эўхарыстычных цудаў.  

Шмат увагі таксама звярталася на тое, як трэба прыступаць да святой Камуніі: «Многія з нас, ідучы прымаць святую Камунію, адчуваюць смутак і збянтэжанасць. Мы сустракаемся з Панам, а так занятыя сабою і сваімі думкамі! Ці годны я, ці няма ніводнага граху, ці дастаткова разумею… Добра было б нарэшце ўсвядоміць той факт, што ніколі не буду годны і толькі ў Ім магу знайсці сілу, каб стаць лепшым. Менавіта таму, што зноў і зноў падаю, я павінен прымаць як пасілак Яго Цела…»

Напрыканцы гаміліі біскуп заахвоціў усіх вернікаў імкнуцца заўсёды быць блізка Бога: «Быць бліжэй да табэрнакулюма, бліжэй да Езуса Эўхарыстычнага — гэта значыць выбраць найлепшую долю, якой ніколі не будзем пазбаўлены».

Падчас Імшы Вячэры Пана адбыўся абрад абмыцця ног 12 мужчынам, які здзейсніў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Гэты жэст сімвалічны: раней яго рабілі нявольнікі, і той жа жэст здзяйсняе Езус, пакідаючы яго таксама ўсім наступным пакаленням і такім чынам вучачы ўсіх, што яны павінны служыць адзін аднаму.

Пасля Камуніі біскуп у працэсіі перанёс кансэкраваныя гостыі ў цямніцу, што сімвалізуе арышт Езуса, пасля чаго разам са святарамі адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт. Потым на адарацыі трывалі вернікі парафіі.  

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

30.05 12:09Агульнамагілёўская ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста: «Эўхарыстыя — самы каштоўны дар, які Езус пакінуў нам»
29.05 16:00«Езус выходзіць, каб быць бліжэй да чалавека»: працэсія Божага Цела прайшла ў Мінску (+фотарэпартаж)
28.05 21:17Канцэрт «Agnus Dei» з нагоды 30-годдзя аварыі на ЧАЭС адбыўся ў магілёўскай катэдры
28.05 16:18«Дар Бога чалавеку, Касцёлу і краіне» — у мінскай катэдры віталі новага беларускага святара айца Паўла Федаровіча MIC
23.05 18:03Будаўніцтва новага касцёла ў мінскай парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно: пытанні, цяжкасці, перспектывы
23.05 15:17Гадавіну прыняцця Першай святой Камуніі адзначылі дзеці ў Багданаве
23.05 15:05Вернікі мінскай парафіі Божага Цела здзейснілі пілігрымку ў санктуарый у Будславе
19.05 16:13Распачаў працу сайт мінскага Чырвонага касцёла
19.05 15:31Салезіянская моладзь з Мінска прадставіла ў Маскве мюзікл пра ксяндза Боско
18.05 14:41«Вернікі прасілі прыязджаць яшчэ»: «Рэха Магніфікату» прайшло ў нясвіжскай парафіі Божага Цела