Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Дабрачынны кірмаш у падтрымку будаўніцтва новай святыні прайшоў у мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.03.2016 16:26

У мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Пальмовую нядзелю на пагорак, дзе месціцца драўляная і ўтульная капліца, не ішоў вослік, як гэта па традыцыі адбываецца каля мінскай архікатэдры, але здалёк было бачна, нават тым, хто не памятаў, што ў католікаў «вербніца», што сёння якраз той дзень, калі распачынаецца Вялікі тыдзень.

Апрача таго, што вернікі прыйшлі на нядзельную Эўхарыстыю і асвячэнне вербаў, яны змаглі і падтрымаць парафію ў дабрачынным кірмашы, падрыхтаваным па ініцыятыве саміх парафіян і святароў-хрыстусоўцаў — а. Алега Шпеця SChr і а. Уладзіміра Марушэўскага SChr, якія служаць у гэтай парафіі.

Прыняць удзел у кірмашы, паўдзельнічаць у латарэі, сувеніры і білеты да якой былі падрыхтаваныя з дапамогай парафіян, азначала зрабіць свой невялікі матэрыяльны ўклад у справу будаўніцтва новай святыні.

Парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ расце, папаўняецца новымі сем’ямі, якія ў сваю чаргу папаўняюцца новым пакаленнем — нараджаюцца і выхоўваюцца дзеці, падрастае моладзь.

Між тым капліца знаходзіцца ў такім раёне Мінска, дзе яшчэ працягваюць паўставаць новыя жылыя дамы, будуюцца школы, а сярод многіх новых жыхароў, якія засяляюцца з кожным годам, ёсць і католікі.

Гэты раён мае патрэбу не толькі ў евангелізацыі, катэхізацыі, якая і так вядзецца дзякуючы святарам і катэхеткам, але і ў з'яўленні новай, больш прасторнай, пляцоўкі і святыні.

Дзякуючы дзецям, моладзі, якіх вельмі шмат, у гэтай парафіі радасныя перспектывы.

Таямніца «пельменяў ад біскупа»

Да нядзельнай акцыі далучыўся, але завочна, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Якім чынам да такой акцыі мог далучыцца біскуп і што за таямніца, якую не адразу раскрылі арганізатары, хавалася пад словамі «пельмені ад біскупа»?

Парафіяне, а ў прыватнасці ўдзельнікі руху хрысціянскіх сем’яў «Equipes Notre-Dame», спыталі ў біскупа, што іерарх умее і любіць рабіць. Адказ быў просты — «гатаваць пельмені і казанні».

У арганізатараў адразу з’явілася ідэя спалучыць адразу два навыкі біскупа — такім чынам былі падрыхтаваны імправізаваныя пельмені, начыненыя цукеркай і словам біскупа з гаміліі.

Хлопык з парафіі Ілля, які апрануўся ў кухара, з радасцю хадзіў каля капліцы і па тэрыторыі кірмашу, заклікаючы, каб ніхто не пайшоў дадому без «біскупскай пельменіны». Хтосьці адыходзіў нават не з адной пельменінай, а з цэлай жменяй.

Для наймалодшых дзяцей, якіх назбіраўся цэлы прыкаплічны пагорак, пасля Імшаў ладзіліся гульні і спевы пад гітару.

Ніхто не спяшаўся пакінуць гэты пагорак, не дачакаўшыся галоўнага розыгрышу прызоў, адным з якіх і самым вялікім, значным і жаданым, быў сертыфікат на ўдзел у пілігрымцы сем’яў у Санкт-Пецярбург.

Пашанцавала нумару 95, які аказаўся ў хлопчыка Арцёма, сына Людмілы і Паўла Чаган, адной з сем’яў з руху «Equipes Notre-Dame».

«Амаль падарунак на дзень нараджэння», — падзялілася радасная мама, якая яшчэ напярэдадні розыгрышу апавядала пра падрыхтоўку да кірмашу, пра сваю сям’ю і пра іх сямейны ўдзел у руху хрысціянскіх сем’яў.

Людміла і Павел Чаган выхоўваюць траіх сыноў, старэйшаму з якіх 12 гадоў, сярэдні вучыцца ў другім класе, а малодшаму 21 сакавіка спаўняецца шэсць.

Людміла падзялілася, што для іх было вельмі важна выхоўваць дзяцей у традыцыях адной канфесіі, сама яна — каталічка, а муж Павел — праваслаўны.

«Мы наведвалі і праваслаўную царкву, і касцёл, але мой Павел прыняў аднойчы рашэнне, што мы ўсё ж будзем выхоўваць дзяцей па-каталіцку. І тады ён перайшоў таксама ў каталіцтва. Зусім нядаўна мы сталі ўдзельнікамі руху "Equipes Notre-Dame", удзел у якім прыносіць шмат радасці і падтрымкі», — расказала Людміла.

Трэцяя па ліку ў Мінску суполка сем’яў «Equipes Notre-Dame» ў гэтай парафіі была заснавана напрыканцы снежня 2015 года, у яе ўвайшло пяць сем’яў, у ліку якіх і Чаган.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

26.07 16:02Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB асвяціў крыж на галоўнай вежы касцёла Спаслання Святога Духа ў Барысаве
25.07 01:2950 пілігрымаў з мінскага Чырвонага касцёла адправіліся на СДМ
24.07 22:45У свірскай парафіі адбылася ўрачыстасць св. Шарбэля, якую ўзначаліў новапрэзбітэр Аўгуст Калясінскі
21.07 22:17Імша ў пятую гадавіну смерці кардынала Казіміра Свёнтка прайшла ў Мінску
21.07 16:09«Канікулы з Богам» прайшлі ў Ляскоўцы
18.07 15:09Новапрэзбітэр Алег Каралёў SDB цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў новым касцёле ў Мінску
18.07 14:36Дыякан Алег Каралёў SDB атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне
18.07 10:53Парафіяне з Мінска (Лошыца) — сярод першых на Парафіядзе ў Польшчы
14.07 12:45«Рашэнне ў дачыненні трох святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі перагледжана»: паведамленне біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
13.07 11:54«Тры святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі не атрымалі дазволу на працяг душпастырскага служэння». Паведамленне біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB