Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: Малітва, пост і міласціна — лекі, якія Касцёл рэкамендуе на Вялікі пост
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
14.02.2016 16:08

14 лютага, у І нядзелю Вялікага посту, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў Эўхарыстыю ў мінскім архікатэдральным касцёле. Як сказаў арцыбіскуп у гаміліі, атмасфера сустрэчы Папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла «дазваляе спадзявацца, што візіт Папы ў Беларусь сёння настолькі блізкі, як ніколі перад гэтым яшчэ не быў».

У гаміліі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі паразважаў над чытаннем Евангелля першай нядзелi Вялiкага посту, якое апавядае, як Езус пасцiўся ў пустыні 40 дзён i начэй i як Яго спакушаў д’ябал. «У гэты час Езус пацвердзiў, што любоў да свайго нябеснага Айца мацнейшая за ўсё iншае. Наша любоў да Езуса ў Вялiкi пост вядзе нас блiжэй да Яго i пераўзыходзiць усё, што нас аддзяляе ад Яго», — дадаў арцыпастыр.

Мітрапаліт нагадаў, што «ад пачатку свайго iснавання Касцёл рэкамендуе тры наступныя лекi на Вялiкi пост з мэтай вылечыць нас ад духоўнай хваробы, прывесцi блiжэй да Езуса i перамагчы грэх: малiтву, пост i мiласцiну». «Яны пацверджаны шматвяковым досведам Касцёла, дапамагаюць у барацьбе са злым духам, спакусамi i вядуць блiжэй да Езуса», — адзначыў іерарх.

Адасобленым месцам малiтвы, па словах Мітрапаліта, можа быць касцёл i адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая ў Год Божай Міласэрнасці кожны дзень адбываецца ў катэдры; разважанне Крыжовага шляху цi сумесная малiтва Ружанца ўсёй сям’ёй.

Пасцiцца, як адзначыў арцыпастыр, можна «не толькi i не столькi адмаўляючыся ад мясных страваў у некаторыя днi, але таксама абмяжоўваючы час прагляду тэлевiзара цi карыстання інтэрнэтам з мэтай больш часу прысвяцiць сям’i, вучобе, чытанню Святога Пісання», а найважнейшае — «можна пасціцца, перастаючы грашыць».

«Мiласцiна з’яўляецца выражэннем нашай любовi да Бога i патрабуючых. Калi мы любiм Бога, то мы таксама любiм людзей у нястачы i патрэбе i дапамагаем iм, бо яны таксама Божыя дзецi», — сказаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт дадаў, што сёлетні Вялікі пост «увойдзе ў гісторыю хрысціянства, бо падчас яго ў Гаване на Кубе ўпершыню ў гісторыі сустрэліся Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, якія назвалі сябе братамі».

«З усёй адказнасцю прадстаяцелі Цэркваў заклікалі як католікаў, так і праваслаўных імкнуцца да еднасці і сумеснага хрысціянскага сведчання, да абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў, інстытуту сям’і і Божага дару жыцця, да захавання хрысціянскай ідэнтычнасці Еўропы. Яны таксама звярнуліся да палітычных і грамадскіх сіл з заклікам учыніць усё магчымае, каб спыніць пераслед хрысціян, якія змушаны пакінуць месцы гістарычнага прабывання», — нагадаў іерарх.

Па словах Мітрапаліта, «сустрэча паказала, што рубікон недаверу пройдзены і мы ўваходзім у новую эпоху нашых адносін», а атмасфера сустрэчы «дазваляе спадзявацца, што візіт Папы ў Беларусь сёння настолькі блізкі, як ніколі перад гэтым яшчэ не быў».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

16.01 15:51Выстаўка «Пра-лайф» у абарону жыцця прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле
16.01 12:49«Стаць соллю праўды і любові для гэтага свету». Біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў мінскай архікатэдры (+фотарэпартаж)
14.01 11:57Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB стаў госцем каляднага канцэрта дзіцячых мастацкіх школ
10.01 09:08Cалезіянская моладзь паставіла калядны спектакль «Сон перад Калядамі»
09.01 17:28«Трэба змяняцца, а не планаваць змены»: моладзь — пра духоўны плён начнога чування ў Бабруйску
09.01 13:53Каляднае прадстаўленне для св. Мікалая падрыхтавалі дзеці з парафіі ў Мар'інай Горцы
09.01 12:08На «Радыё Марыя» дасяжны запіс каляднага канцэрта ў касцёле на Залатой Горцы
09.01 11:21«Хоць маленькага мы росту, верым мы ў Бога проста»: у мінскім Чырвоным касцёле дзеці прадставілі калядную батлейку (+відэа)
08.01 21:03Аплаткавая сустрэча для чыгуначнікаў прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле (+фота)
07.01 15:27Мітрапаліт Кандрусевіч падчас Імшы з дзецьмі: «Памятайма, што сэнс Божага Нараджэння — не ў падарунках, а прышэсці ў свет Збаўцы»