Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адсвяткаваў 70-гадовы юбілей: «Я з вас узяты і для вас пастаўлены»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.01.2016 18:08

2 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ўрачыстая святая Імша з нагоды 70-гадовага юбілею Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў юбіляр, прысутнічалі каталіцкія біскупы Беларусі, духавенства з усіх дыяцэзій Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, родныя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, землякі іерарха з яго роднага Адэльска, яго былы аднакласнік, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, Лютэранскую Царкву – пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.


«Адчуць пашану, удзячнасць і любоў усіх вернікаў»


На пачатку Імшы прысутных прывітаў біскуп вікарый для Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB. «Пачуцці ўдзячнасці Богу за дар жыцця чалавека суправаджаюць заўсёды родных, блізкіх і знаёмых. Пачуцці яшчэ большай удзячнасці суправаджаюць нас сёння, калі гэтай асобай з’яўляецца Мітрапаліт, наш арцыпастыр», — сказаў біскуп.

Іерарх заахвоціў прысутных маліцца за арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, за яго спачылых бацькоў і за ўсіх, хто блізкі сэрцу Мітрапаліта. «Пражыта нямала, і перажыта таксама шмат», — дадаў біскуп і запрасіў усіх святароў ахвяраваць гэтую Найсвяцейшую Ахвяру за юбіляра, «каб падтрымаць яго далейшае служэнне і праз гэта выказаць нашу ўдзячнасць і адданасць».

Біскуп пажадаў юбіляру адчуць на гэтай малітоўнай сустрэчы «не толькі любоў і спагадлівасць Усемагутнага Бога, але і пашану, удзячнасць і любоў ад біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў нашай краіны».


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, павіншаваў усіх іх з Новым годам. Узгадаўшы, што ў гэтым годзе Касцёл адзначае Год Божай Міласэрнасці, арцыбіскуп пажадаў: «Няхай добры Бог будзе міласэрным да кожнага з нас, міласэрным да нашага служэння. Няхай гэты новы час нашага жыцця будзе напоўнены Божай ласкай, добрымі ўчынкамі і няхай споўняцца нашы мары».

Арцыпастыр падзякаваў усім, хто прыняў запрашэнне прыйсці на гэтую святую Імшу, выказаў падзяку Богу за дар жыцця і паклікання, сваім бацькам, сястры, блізкім, святарам, якія стаялі на шляху яго паклікання, духавенству, з якім працуе ў Беларусі і з якім працаваў у Расіі, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам. «Я з вас узяты і для вас пастаўлены», — сказаў юбіляр, просячы маліцца ў знак удзячнасці за пражытыя гады і аб благаслаўленні на наступны шлях, каб ён мог годна выканаць заданні, якія Божы Провід ставіць перад ім, і каб святары маглі весці народ да духоўнага ўдасканалення.


«Дар пастыра, святара і сапраўднага чалавека»


Гамілію падчас Імшы прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх адзначыў, што ў сваёй сям’і, ад сваіх бацькоў будучы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў першы рэлігійны досвед і задатак любові да Бога, што «дазволіла яму несці веру праз усё сваё жыццё». Біскуп нагадаў жыццёвы шлях арцыпастыра, асноўныя моманты яго біяграфіі, шматлікія выпрабаванні, праз якія ён праносіў свой моцны давер Пану.


«Мы шчыра віншуем Вас, Ваша Эксцэленцыя, і жадаем Вам яшчэ шмат-шмат гадоў узначальваць Касцёл у нашай краіне і весці нас да збаўлення, — адзначыў біскуп. — Мы хочам падзякаваць Богу за такі вялікі дар — дар пастыра, святара і сапраўднага чалавека, у якога кожны з нас можа павучыцца, як у сваім жыцці важна практыкаваць цноты, пра якія кажа Святое Пісанне: веру, надзею і любоў». «Мы ведаем, як Вы любіце наш народ, як з энтузіязмам, унутранай энергіяй прамаўляеце гаміліі, наведваеце людзей, так, што ўсім нам хочацца больш адкрыцца на Бога», — дадаў іерарх і пажадаў Мітрапаліту, каб Божае слова заўсёды так пранікнёна гучала з яго вуснаў. «Жадаем дзяліцца з намі гэтым энтузіязмам і ўмацоўваць усіх нас», — сказаў біскуп.


«Пранеслі праз жыццё вернасць Езусу Хрысту»

Ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Мітрапаліта павіншаваў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, агучыўшы прывітальнае слова кіраўніка дзяржавы. Як было адзначана ў прывітальным слове, «сёння Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна развіваецца і плённа працуе ў грамадскай, дабрачыннай і сацыяльнай сферах». Прэзідэнт выказвае ўпэўненасць, што пастырская і духоўная дзейнасць Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча «і ў далейшым будзе садзейнічаць умацаванню хрысціянскіх традыцый», «развіццю канструктыўных адносін паміж дзяржавай і Рыма-Каталіцкім Касцёлам», жадае «здароўя, аптымізму і поспехаў у рэалізацыі планаў і пачынанняў».  

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў уручыў юбіляру кветкі ад імя Прэзідэнта.

Віншавальны адрас старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэя Шорца зачытала Ала Мартынава, загадчык сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. «Сведчачы самую вялікую да Вас павагу, дазвольце з пачуццём сардэчнай радасці павіншаваць Вас са знамянальнай датай, — гаворыцца ў адрасе. — У сучасных умовах Рыма-Каталіцкі Касцёл выконвае важную ролю ў жыцці грамадства, адраджэнні духоўнасці ў сэрцах людзей. Каталіцкія супольнасці садзейнічаюць умацаванню міру, любові і гармоніі». «Ваша духоўнае служэнне, мудрасць і жыццёвы вопыт прынеслі Вам аўтарытэт у каталіцкім свеце, — адзначае старшыня Мінскага гарвыканкама. — Вашы гаміліі фарміруюць у рыма-каталіцкіх вернікаў высокае пачуццё доўгу, працалюбства і талерантнасці, патрыятызму і бескарыслівасці ў служэнні Айчыны».

Іерарха павіншаваў старшыня Мінскага абласнога савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. «Усё сваё жыццё Вы прысвяцілі высокай місіі на зямлі — несці людзям святло і дабро, абуджаць іх розум і ўмацоўваць душу, натхняць на правільны і стваральны шлях», — сказаў старшыня Мінскага абласнога савета дэпутатаў і пажадаў юбіляру моцнага здароўя, душэўнай радасці і нязгаснай энергіі «для доўгага служэння дзеля нашай Айчыны». «Ваша натхняльнае слова ўваходзіць у кожнага з нас, вернікаў, са святлом дабра, святлом любові», — было сказана ў віншаванні.


Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ад імя Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, святароў і вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы. «Вы праз сваё жыццё пранеслі вернасць Пану нашаму Езусу Хрысту, — сказаў протаіерэй. — Мы жадаем Вам многіх гадоў плённай працы, служэння Богу і свайму народу».  

Пастар Уладзімір Татарнікаў, віншуючы Мітрапаліта, адзначыў: «Не перастаеш здзіўляцца, калі бачыш на сайтах ці па тэлебачанні, як Мітрапаліт здзяйсняе пілігрымку на ровары, наведае маленькія і вялікія супольнасці». «У Вас столькі энергіі, што не кожны паверыць, што Вы адзначаеце такі юбілей», — дадаў пастар і пажадаў іерарху Божай дапамогі, многіх гадоў жыцця, а таксама падзякаваў за тую працу, якую арцыбіскуп здзяйсняе на карысць міжканфесійнага адзінства.

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з віншаваннямі звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. «Паводле чалавечых меркаванняў, 70 гадоў можа азначаць схіл жыцця, — сказаў віцебскі ардынарый. — Але інакш выглядаюць Божыя планы: у свой час Майсей у гэтым узросце атрымаў місію вывесці Абраны народ з егіпецкай зямлі». Іерарх пажадаў, каб да багатага чалавечага, святарскага і біскупскага вопыту Мітрапаліта Бог «дадаваў здароўя, святла Духа Святога для актыўнай працы на карысць Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне».


Словы віншаванняў прагучалі ад святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў. Ад усёй супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску арцыпастыра павіншаваў рэктар семінарыі кс. Андрэй Рылка.

Сярод іншых, ад імя вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі іерарха павіншавалі прадстаўнікі мінскай архікатэдральнай парафіі, моладзі, вернікі Магілёва.




«Я стараўся служыць верай і праўдай людзям, Касцёлу, грамадству»


Вернікі парафіі Божай Міласэрнасці (Лошыца) падарылі юбіляру арыгінальны падарунак — фуражку з гербам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Арцыпастыр з радасцю прыняў падарунак і прымерыў яго.

Падчас малітоўнай сустрэчы гучалі і словы ўдзячнасці ў адрас бацькоў Мітрапаліта — Ігнацыя і Ганны, за якіх сабраныя таксама маліліся.

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, падзякаваў Богу за дар і ўвесь досвед жыцця, бацькам за хрысціянскае выхаванне ў цяжкія часы, калі вера падвяргалася пераследу, сваім блізкім, землякам, братам у святарстве і ўсім удзельнікам гэтай сустрэчы, у тым ліку за добрыя словы віншаванняў. «Я стараўся служыць верай і праўдай людзям, Касцёлу, усяму грамадству», — сказаў арцыпастыр.


(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.