Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Касцёл верыць у вас і спадзяецца на вас»: у Івянцы завяршылася Малітоўная сустрэча моладзі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.07.2015 12:31

“Я веру ў вас, Касцёл верыць у вас і спадзяецца на вас. Вы – наша будучыня, і няхай яна будзе шчаслівай і Хрыстовай!” – з такімі словамі звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч да ўдзельнікаў Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы на заключнай Імшы 26 ліпеня.

Малітоўная сустрэча праходзіла 24-26 ліпеня і была сёлета прысвечана тэме "Маё асабістае навяртанне".

Разам з Мітрапалітам Імшу канцэлебравалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і святары.


“Даручаем моладзь Беларусі Богу, каб яна жыла Евангеллем, каб маладыя людзі былі сведкамі Евангелля ў нашы нялёгкія часы”, - сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на пачатку святой Імшы.

У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтай нядзелі, дзе распавядаецца пра цуд памнажэння хлябоў, Мітрапаліт звярнуў увагу, што пасля гэтага цуду за Езусам пайшла вялікая колькасць людзей. Але Ён таксама хацеў карміць іх хлебам вечнага жыцця. Калі ж Езус сказаў, што гэтым хлебам ёсць Яго Цела і Кроў, многія габрэі адышлі ад Яго.

“Езус захацеў выпрабаваць апосталаў і спытаў, ці яны часам таксама не хочуць пакінуць Яго. На што Пётр ад свайго імя і імя ўсіх апосталаў сказаў словы, якія павінны быць хрысціянскім сведчаннем ва ўсе часы, - а менавіта: “Пане, куды мы пойдзем, Ты маеш словы вечнага жыцця”. Пётр, які першым вызнаў веру ў Езуса, як чаканага Месію, і цяпер аказаўся на вышыні задання. Ён пацвердзіў, што той, хто хоча жыць вечна, а да такога жыцця мы створаны, павінен жыць паводле Божага закону”, - адзначыў Мітрапаліт.

“Жыць згодна з Божай воляй – гэта самая вялікая праблема чалавецтва, - дадаў арцыпастыр. - Ведаючы, што такое дабро, чалавек выбірае зло. Менавіта ў гэтым знаходзіцца крыніца ўсемагчымых крызісаў, якія перажывае чалавецтва”. Іерарх падкрэсліў, што “ў імя свабоды дзяцей Божых хрысціяне павінны адмовіцца ад секулярнага дыктату сучаснага свету, які навязвае ім нязгодны з Божай воляй стыль жыцця”.

Мітрапаліт узгадаў словы Папы Францішка, прамоўленыя падчас візіту ў Эквадор 6 ліпеня, калі Пантыфік сказаў, што хрысціянская вера з’яўляецца рэвалюцыйнай – “гэта азначае, што яна фармуе жыццё чалавека паводле крытэрыяў хрысціянскага, а не секулярнага стылю жыцця”.

“Калі мы вядзём машыну і заблукаем, то на карце шукаем адпаведнай дарогі, разварочваемся і едзем у іншым напрамку. Падобна павінна быць і ў духоўным жыцці. Неабходна толькі праз рахунак сумлення ўсвядоміць, што заблукалі і не ідзём указаным Богам шляхам, і зрабіць з гэтага адпаведныя высновы, каб, дзякуючы бязмежнай Божай міласэрнасці, у сакрамэнце пакаяння змяніць жыццёвы напрамак. У гэтым крыецца сакрэт нашага асабістага навяртання, якому прысвечана сёлетняя Малітоўная сустрэча моладзі”, - патлумачыў іерарх.

Мітрапаліт нагадаў, што хрысціянская іканаграфія прадстаўляе Езуса Хрыста нясучым на плячах заблукалую авечку. “Гэтай авечкай з’яўляемся мы, якія заблукалі ў жыцці. Езус не пакідае нас адных і прапануе ў сакрамэнце пакаяння вярнуць нам годнасць Божых дзяцей, - адзначыў арцыпастыр. - Неабходна толькі дазволіць Яму гэта ўчыніць”.

“Калі б хтосьці нам сказаў, што памерлы некалькі гадоў таму славуты спявак, ідал моладзі Майкл Джэксан, прыязджае да нас, то імгненна вялікія натоўпы моладзі паехалі б на сустрэчу з ім, - дадаў Мітрапаліт. - А на алтары падчас Эўхарыстыі да нас прыходзіць Кароль Сусвету; прыходзіць Той, які стварыў Майкла Джэксана. А дзе чэргі? Чаму мы не спяшаемся на нядзельную святую Імшу так, як спяшаемся на канцэрты? Ці ўсведамляем мы, што падчас Імшы Хрыстус прыходзіць да нас?” Арцыбіскуп падкрэсліў, што “Эўхарыстыя – наш хрысціянскі прывілей, і ім неабходна карыстацца”, і з яе вынікаюць “усе цуды, якія чыніць Езус, у тым ліку цуд навяртання”.  

Напрыканцы Імшы Мітрапаліт падзякаваў усім, хто паспрыяў правядзенню чарговай Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы і хто прымаў у ёй удзел. Звяртаючыся да моладзі, іерарх сказаў: “Я веру ў вас, Касцёл верыць у вас і спадзяецца на вас. Вы – наша будучыня, і няхай яна будзе шчаслівай і Хрыстовай!”

Пасля Эўхарыстыі адбылося асвячэнне транспартных сродкаў.

(AG)
Фота Віталія Палінеўскага

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.