Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кс. Міхал Сапель: «У святарскім жыцці трэба прытрымлівацца здаровых традыцый і прынцыпаў»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
12.06.2015 15:03

У гэтым годзе шмат чаму ў нашым Касцёле спаўняецца 25. Шмат каму таксама. 1989 і 1990 гады былі тым часам, калі зварухнулася вялікая глыба і вырушыла ў шлях адраджэння, прытым не толькі ў Беларусі. 25 гадоў мінула з пасвячэнняў кс. Міхала Сапеля, вартаўніка Залатой Горкі, толькі 2 чэрвеня ён адзначаў 25-годдзе з першай прыміцыйнай Імшы.

Спаўняецца 25 гадоў, як браслаўчанін прыехаў на сталічную пляцоўку, каб распачаць сваю паслугу спачатку вікарыем на Кальварыі, крыху пазней — пробашчам на Залатой Горцы.

Калі маладога святара прызначалі на залатагорскую парафію, то біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які выконваў абавязкі Апостальскага адміністратара, сказаў: «Ты мусіш заняцца беларусамі».

90-я — камусьці «ліхія», а камусьці «святыя»

І ў гэтыя камусьці «ліхія», камусьці «святыя» 90-я парафія на Залатой Горцы стала сапраўды залатым месцам, дзе збіралася шмат нашай выбітнай інтэлегенцыі.

«Старшынёй касцёльнай рады, напрыклад, быў Алесь Бяляцкі, які на той час з'яўляўся дырэктарам музея М. Багдановіча, а таксама дэпутатам Гарадской рады. У касцёльны камітэт уваходзіў Фелікс Янушкевіч, а Валяр'ян Янушкевіч прычыніўся сваёй рукой да ўсяго, што наш касцёл упрыгожвае. Гэты спіс, канечне, можна працягваць, дадаючы Алеся Жлутку, Язэпа Янушкевіча і іншых», — прыгадвае кс. Міхал Сапель.

Сапраўды, якраз у той час было заснавана грамадскае аб'яднанне — Беларуская каталіцкая грамада, асноўныя кірункі дзейнасці якой былі ў вяртанні Касцёла ў Беларусі да нацыянальных вытокаў, да выкарыстання ў набажэнствах беларускай мовы.

Ужо ў 1992 годзе было наладжана выданне часопіса «Хрысціянская думка».

Праца бурліва рухалася наперад, ствараліся беларускамоўныя тэксты, выходзілі малітоўнікі — усё адраджалася.

Святароў яшчэ было мала, таму ў тыя 90-я, напрыклад, яшчэ будучы вікарыем на Кальварыі, кс. Міхал прыязджаў у Ракаў, а кс. Уладзіслаў Завальнюк, будучы ўжо ў Мінску, нядзельныя Імшы праводзіў як мінчукам, так і глыбачанам.

Гэтыя 90-я былі настолькі жвавыя і бурлівыя, што яшчэ як прыдалася прыроджаная жвавасць і няўседлівасць маленькага Міхала, які ў дзяцінстве, калі былі асабліва доўгія набажэнствы, за сваю неспакойнасць ды актыўнасць трапляў у качагарку да дзеда, які жыў насупраць касцёла ў Браславе…

Але пра гэта ўсё па парадку.

Пачнем ад дзяцінства кс. Міхала Сапеля.

«Я сын не рыбака, а рыбачкі!»

«Я сын не рыбака, а рыбачкі!» — кажа кс. Міхал Сапель, бо мама Леакадзія яго працавала пасля нараджэння сына на мясцовым рыбзаводзе. Тата ж — Канстанцін Сапель — чалавек з філасофіяй хутараніна, калі трэба ўсё рабіць самому, сваімі рукамі, працаваў электрыкам.

Ксёндз Міхал прыгадвае, што менавіта дзякуючы маці, якая пасля вайны зведала горыч сіроцтва і шмат цяжкасцяў, у сям'і заўсёды панавала атмасфера жыццялюбства і працавітасці.

«Жыццё ў працы» — так можна было акрэсліць спалучаную хутарскую філасофію таты і мамін сіроцкі пасляваенны вопыт. Безумоўна, двое сыноў Сапеляў праходзілі ў сваёй сям'і загартоўку працай.

Калі казаць пра рэлігійнае жыццё будучага святара, то неад'емную ролю кс. Міхал надае выхаванню пры касцёле, хоць сям'я ў яго была змешанай: бацька – праваслаўны, маці – каталічка.

У дзяцінстве ў сям'і куцця, Вялікдзень былі двойчы. Ксёндз Міхал прыгадаў, што асабліва было незвычайна, калі 6 студзеня, пасля Трох Каралёў, надыходзіў час сціслага посту — бо гэта ж час праваслаўнай вігіліі!

Да Першай Камуніі, якую прымалі падпольна, дзяцей таксама падпольна рыхтавалі сёстры эўхарысткі.

«Сапель, і ты ходзіш у касцёл?»

Ксёндз Міхал прыгадаў адзін момант са школьнага жыцця, звязаны з гэтым падпольным рэлігійным выхаваннем.

На адной з класных гадзінаў настаўніца пачала ругаць дзяўчынку за тое, што яна ходзіць у касцёл. Тады гэтая пакрыўджаная вучаніца ўстала і сказала: «А чаму вы ругаеце толькі мяне, бо ходзіць і гэты, і той, і той…» У тым ліку яна паказала і на Міхала, чаго настаўніца зусім, відаць, не чакала і здзіўлена прамовіла: «Сапель, і ты ходзіш у касцёл?»

Трэба сказаць, што здзіўленне настаўніцы і яе строгія словы паўплывалі на дзіцячую свядомасць, бо Міхал ужо пачаў прыдумляць, як гэта схітрыць, каб не схадзіць у касцёл. «Напрыклад, абутак куды закідваў і спецыяльна не паспяваў знаходзіць, а тады абутку шмат не было, таму мама пакідала мяне дома», — кажа, усміхаючыся, кс. Міхал.

Аднак ужо ў трэцім-чацвёртым класе ў Міхала з'явілася ўласнае жаданне пайсці ў касцёл. «Памятаю, як падышоў раніцою да маці і сказаў: «Мама, я пайду да споведзі», — кажа святар.

Потым хлапца занялі маёвыя набажэнствы, а яшчэ адным ключавым момантам стаў парафіяльны тэатр. «Пасля першых сцэнак адбыўся пэўны пералом, пасля якога я пачаў стала хадзіць у касцёл, служыць міністрантам», — прыгадвае святар.

Як аказалася, для міністранта Міхала быў вельмі важны прыклад святара, пры якім ён служыў.

«Гэты святар з ліку тых, хто шмат цярпеў і прайшоў шматлікія выпрабаванні. Ён меў дэфект маўлення, магчыма, таму быў маўклівым, а, можа, маўчаў, бо тады кожнае слова магло быць па-рознаму расцэнена рознымі людзьмі», — прыгадвае кс. Міхал.

Адным словам, маўклівасць святара не пужала хлопца, які цягнуўся да яго. Ксёндз Міхал адзначае, што людзі, якія перажылі шмат цярпенняў, становяцца, сапраўды, як магніт для іншых.


Калі бабулі час ад часу казалі: «Хіба будзе ксяндзом», то Міхал адказваў: «Ні ў жыцці!»

Але, калі было яму 14 гадоў, прыйшоў да святара і сказаў аб намеры пайсці ў семінарыю.

На гэта святар сказаў: «Добра, гадуйся, але нікому пра гэта не кажы». Гадаваўся Міхал да 16 гадоў, але гэты ўзрост быў замалады для вучобы ў семінарыі.

Трэба было крыху пачакаць, і перад тым, як стаць навучэнцам рыжскай семінарыі, па парадзе мамы, Міхал адвучыўся адзін год у даўгапілскім медыцынскім вучылішчы. Мама тады сказала так: «Ведаеш, сын, ідзі лепш вучыся, бо яшчэ напрацуешся».

Вучоба ў рыжскай семінарыі была знакавым часам, найперш таму, што ў саміх краінах, а асабліва ў Прыбалтыцы, адбываліся вялікія змены. Трэці курс семінарыі якраз супаў з «перабудовай», усё актыўна бурліла.

Пасля сканчэння семінарыі малады святар прыехаў на радзіму – у Мінск, дзе і акунуўся ў хвалю адраджэння, як Касцёла, так і беларускасці — у свой залатагорскі перыяд.

Святар і радыё

Ксёндз Міхал Сапель зараз вядзе на радыё «Беларусь» на беларускай і польскай мовах праграму «Дзённік католікаў Беларусі». Гэты праект запусцілі з 2013 года, але ж радыё-практыка ў святара пачалася раней.

«Калісьці сваё першае інтэрв'ю даў для абласнога радыё на турзлёце, потым у 1989 годзе з кс. Ігарам Лашуком наведалі радыё Ватыкана, дзе быў зроблены невялічкі запіс. Падчас працы ў Мінску, паколькі святароў было няшмат, то вельмі часта інтэрв'ю бралі ў мяне. Перад кожным інтэрв'ю трэба было прасіць дазволу ў светлай памяці кардынала, які аднойчы мне нарэшце сказаў: «Ксёндз Міхал, ну можа ўжо хопіць прасіць дазволу. Ты ўжо маеш пастаянны дазвол», — прыгадвае святар.

Святар дзеліцца, што дома — на Браслаўшчыне — праграмы слухаюць тыя, хто добра ведае яго і часамі могуць пакрытыкаваць, напрыклад, мама — за нейкія недакладнасці ў мове.

Як выглядае дзень святара Сапеля сёння?


«Я — жаваранак, — кажа кс. Міхал, — прачынаюся, як Папа Францішак — пасля чатырох раніцы. Пакуль раблю ранішнюю гімнастыку — слухаю земляка з Браслаўшчыны — кс. Аляксандра Амяльчэню ў праграме Ватыканскага радыё, потым выпраўляюся пешшу з вуліцы Альшэўскага на Залатую Горку, куды прыходжу на 8.00, каб служыць Імшу».

Наконт малітвы?

«У мяне ўжо цэлы рытуал выпрацаваўся наконт ранішняй малітвы. Пачынаючы з хаты, дзе станаўлюся на калені, раблю знак крыжа, малюся Вяночак да Божай Міласэрнасці, змешваючы ўсходнюю традыцыю з заходняй, дадаючы малітву Езуса, Літанію да Двору Нябеснага — столькі тых апекуноў ужо панабралася (смяецца), потым Ружанец, скончваючы які, я падыходжу да Горкі», — кажа святар.

Аўтамабілем кс. Міхал карыстаецца, калі ў гэтым існуе патрэба.

Са сталых звычак — тэлефанаванне родным, але наўмысна неўпапад і ў розны час — каб бацькі не прызвычайваліся. Зараз ён тэлефануе кожную раніцу і вечарам перад 21.00.

Некалькі слоў пра святарства і пакліканні

«Ніхто не кажа быць невядома якім выкапнем, з заскарузлым кансерватызмам, але ў святарскім жыцці трэба прытрымлівацца здаровых традыцый і прынцыпаў. Хоць зараз і новыя ўмовы працы, але прынцыпы павінны заставацца, — кажа кс. Міхал.

Трэба сказаць, што зараз святары і моладзь — гэта тое самае, бо сучасныя святары прыходзяць менавіта з гэтай моладзі. На жаль, крыху збалаваныя , бо часта за іх працавалі бацькі.

Як у маладых сем'ях, так і ў жыцці маладых святароў часта чакаецца, што хтосьці прыйдзе і зробіць за цябе.

Але павінна развівацца адказнасць і самастойнасць, пачынаючы ад бытавых абавязкаў штодзённага жыцця: папраць адзенне, прыбраць за сабою, падрыхтаваць сабе кашулю. Гэта толькі выдаецца, што гэта не ўплывае, але якраз тут і пачынаецца самастойнасць, якая і ўплывае на самастойнасць думак і адказнасць за рашэнні.

І ў святарстве, і ў сужэнскім жыцці трэба разумець важную рэч, што мы павінны сталець: сталець у любові да Бога, у каханні ў шлюбе, сталець праз выпрабаванні.

Адкуль жа з'явяцца ноткі сталасці ў тваім голасе, калі ты не прайшоў праз цяжкасці, калі не перамог сябе?»

Яшчэ калі кс. Міхал разважаў пра святарскае пакліканне, то падкрэсліў, што святарства трэба ўспрымаць як крыж: «Часамі мы занадта прыгожа клічам, але ў выхаванні мусіць быць свядомасць, што святарства — гэта крыж. Калі пайшоў, то будуць цярпенні, як у сямейным жыцці, так і ў святарскім. Трэба ўсведамляць, што будуць і несправядлівыя абвінавачванні, і спакусы. Іх не пазбегнуць. І калі чалавек нявызначаны і не ўсвядоміў вельмі глыбока, за Кім пайшоў, то тады будзе ўсё роўна, што сядзець на двух крэслах.

Калі да мяне прыходзяць маладыя людзі са словамі: «Пайду ў семінарыю», то я часта кажу, каб пачакалі і падумалі, выконваючы своеасаблівую, як у кананізацыйным працэсе, ролю «адваката д'ябла».

Асабіста пра сябе кс. Міхал кажа, што сам не меў ваганняў наконт таго, ці ёсць пакліканне: «Вельмі важна і за што ўдзячны Богу, што ў мяне ваганняў, ці маю пакліканне, не было. Так, былі спакусы, але я меў унутранае адчуванне, што пакліканне ёсць. Калі існуюць сумневы, то хутчэй за ўсё пакліканне яшчэ недаспелае».

Напрыканцы кс. Міхал прыгадаў гісторыю юнака, які прыйшоў за парадаю да філосафа, ці ажаніцца яму з пэўнай дзяўчынай.

Тады філосаф, які той дзяўчыны не ведаў, сказаў: «Ажэнішся – пашкадуеш, што ажаніўся, а не ажэнішся — таксама пашкадуеш». Ад шкадавання не ўцячэш.



«Дык тое самае і са святарствам, — сказаў кс. Міхал, духоўны вартаўнік Залатой Горкі і на сёння яе вікарый, які спяшаўся ў метро, бо і ў гэты ранак прыйшоў на ранішнюю Імшу пехатою.

Аксана Ючкавіч






 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.