Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першая святая Камунія адбылася ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.05.2015 12:06

Урачыстасць Спаслання Духа Святога, 24 мая, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску адсвяткавалі асаблівым чынам: да Першай святой Камуніі прыступілі 15 дзяцей.

Парафіяльная капліца ў гэты дзень была ўпрыгожана асабліва сімвалічна: зялёнымі галінкамі дрэў – на знак шанавання Святой Тройцы, альбо Зялёных святак, а таксама белымі і чырвонымі кветкамі – сімвалам чыстых дзіцячых сэрцаў, пакліканых у Касцёл ахвярай Езуса Хрыста.

Звяртаючыся да дзяцей, якія прымалі Першую святую Камунію, да іх бацькоў, сваякоў і сяброў, якія напаўнялі капліцу, пробашч парафіі ксёндз Генадзь Кухарэвіч прыгадаў словы Евангелля, заклікаючы ўсіх прысутных жыць паводле Божага слова. “Дарагія бацькі! У сённяшнім Евангеллі чуем вельмі прыгожыя словы: “І сказаўшы гэта, Езус дыхнуў на іх…” Дыхніце добрым прыкладам на сваіх дзяцей: не злосцю і нянавісцю, але сваім добрым прыкладам. Дыхніце і напоўніце іх ласкай, дабрынёй, зычлівасцю і любоўю. Дыхніце на іх тым, што дасць ім добры прыклад. Дарагія дзеці! Няхай Дух Святы, Езус, які тут прысутны, дыхне сёння на вас. Прыміце Духа Святога, каб у вас былі сілы працаваць над сабой і даваць прыклад іншым людзям. Каб Дух Святы дапамагаў падняць угору вашыя галовы і сэрцы”, - сказаў святар.

У прысутнасці бацькоў, родных і парафіян дзеці выракліся зла і вызналі сваю веру, а затым упершыню ў жыцці ўрачыста прынялі святую Камунію.

Урачыстасць Першай святой Камуніі ў парафіі сёлета была асабліва значнай, таму што разам з пробашчам яе рыхтавалі катэхеты з ліку парафіян. Таму на завяршэнне дзеці і іх бацькі падзякавалі таксама свецкім вернікам. Але асабліва цёплыя словы падзякі і пашаны прагучалі ў адрас ксяндза Генадзя Кухарэвіча, які непасрэдна падрыхтоўваў дзяцей да прыняцця Першай Камуніі. “Вельмі сімвалічна, што сёлета Езуса Хрыста ў святым сакрамэнце прынялі 15 дзяцей. Сёлета ж споўнілася 15 гадоў Вашага святарства. Няхай Ваш асабісты прыклад пашырае колькасць працаўнікоў на ніве Пана”, - адзначылі бацькі.

Кожны з 15 дзяцей атрымаў з рук святара бохан хлеба, як сімвал Хрыста, які карміў сваіх вучняў духоўна і фізічна.

Цёплымі словамі падзякі за ахвярнае служэнне з нагоды 15-годдзя святарства пробашча павіншавалі таксама ўсе парафіяне: “Божа, адудзяч!” 


Галіна Абакунчык

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.