Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з журналістамі і працаўнікамі СМІ
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.12.2014 15:42

23 снежня ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску прайшла калядная сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі і працаўнікамі СМІ, а таксама з супрацоўнікамі каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі.

Гэтая сустрэча, якая па традыцыі праходзіць перад Божым Нараджэннем, з’яўляецца добрай нагодай, каб падвесці вынікі года і акрэсліць планы на будучы год. На заканчэнне яе ўдзельнікі дзеляцца аплаткай, складаючы адзін аднаму віншаванні з нагоды блізкіх святаў Божага Нараджэння і Новага года.

 

Падчас сустрэчы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч распавёў сабраным пра найбольш важныя падзеі з жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў 2014 г.

Арцыпастыр нагадаў, у прыватнасці, што Касцёл рыхтуецца да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. У межах падрыхтоўкі 2014 год быў аб’яўлены Годам малітвы, 2015 — Годам навяртання (яго дэвіз — «Марыя — прытулак грэшнікаў»), 2016 — Годам надзеі. Таксама, дадаў іерарх, у межах пыдрыхтоўкі да юбілею ўзнікла ідэя арганізаваць у парафіях місіі.

Таксама ў 2014 г. адзначалася 100-годдзе нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Адмысловыя набажэнствы прайшлі ў мінскай і пінскай катэдрах.

З падзей Касцёла

Сярод важных падзей арцыпастыр назваў і пасвячэнне трох новых беларускіх біскупаў: ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча 18 студзеня, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага 25 студзеня, дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага 1 лютага. Кажучы пра гэтую падзею, Мітрапаліт падкрэсліў: «Гэта ўмацаванне Каталіцкага Касцёла, яго іерархіі, выраз вялікай павагі да нашай краіны з боку Папы, Апостальскага Пасаду».

Арцыбіскуп узгадаў пра сумесную малітву прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій на тэму «Ці Хрыстус падзелены?», якая прайшла 26 студзеня ў мінскай архікатэдры ў межах Тыдня малітвы аб еднасці хрысціян. «Спадзяюся, што гэтая традыцыя будзе развівацца, бо выклікі сучаснасці патрабуюць нашага сумеснага сведчання», — дадаў Мітрапаліт. 

24-24 лютага ў Лідзе, як нагадаў іерарх, адбыўся Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Каманда духавенства Беларусі заняла на ім 4-е месца, 1-е — каманда Польшчы. «Такія чэмпіянаты мы будзем праводзіць і далей», — адзначыў арцыпастыр, дадаўшы, што спорт «выхоўвае пачуццё адказнасці, мужнасці, дапамагае ў чалавечым і духоўным выхаванні».

Таксама Мітрапаліт згадаў, што ў Адвэнт і Вялікі пост праходзяць малітоўныя чуванні моладзі, і 13-14 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылося адвэнтавае чуванне моладзі пад дэвізам «Застаньцеся тут і чувайце разам са Мною».

Вялікай падзеяй, якая штогод паўтараецца, іерарх назваў і тое, што моладзь кожны год ідзе ў пешай пілігрымцы на ўрачыстасці ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

Арцыбіскуп нагадаў пра IV Каталіцка-праваслаўны форум, які адбыўся ў Мінску 2-5 чэрвеня і быў прысвечаны маральным праблемам сучаснай Еўропы. У форуме прынялі ўдзел 25 каталіцкіх і праваслаўных іерархаў з розных краін Еўропы. Як адзначыў Мітрапаліта, на форуме як каталіцкія, так і праваслаўныя іерархі «выказаліся за неабходнасць евангелізацыі, сумеснага хрысціянскага сведчання, адказу на выклікі сучаснасці»; таксама «яго правядзенне засведчыла, што экуменічныя адносіны ў нашай краіне складваюцца добра».

Іерарх згадаў Х Юбілейны міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» на тэму «Каб усе былі адно», які прайшоў 24-27 верасня.

У межах Года малітвы, як адзначыў Мітрапаліт, у кастрычніку ва ўсіх чатырох беларускіх дыяцэзіях адбыўся Кангрэс Святога Ружанца.

 

Арцыпастыр узгадаў, што ў кастрычніку ў Ватыкане прайшла ІІІ Надзвычайная сесія Сінода Біскупаў, прысвечаная сям’і. У пасяджэннях прыняў удзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Па выніках пасяджэнняў, адзначыў іерарх, «можна сказаць, што сучасная сям’я вельмі хворая», «гэта можна назваць хваробай духоўнай Эболы». «Расце колькасць разведзеных, наступае дэвальвацыя традыцыйнай сям’і як адзінага непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны», «дэвальвацыя Божага дару жыцця», «вялікай праблемай застаецца хрысціянскае выхаванне дзяцей», дадаў Мітрапаліт. «Сёння сем’і часта праводзяць нядзелю ці святы ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах, але там яны не спаткаюць Бога, — заўважыў арцыбіскуп. — Сям’я — галоўная клетка грамадства, падмурак грамадства; і дом грамадства разваліцца, калі не будзе моцнай сям’і». Звычайная агульная асамблея Сінода Біскупаў пройдзе ў Ватыкане 4-15 кастрычніка 2015 г. на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і ў сучасным свеце» і стане працягам сёлетняй пазачарговай сесіі.

Нагадваючы пра 25-гадовы юбілей свайго біскупскага пасвячэння, які адзначаўся сёлета, іерарх падзякаваў усім за віншаванні з гэтай нагоды.

11 лістапада ў мінскай архікатэдры, як узгадаў Мітрапаліт, адбылася экуменічная малітва з нагоды 100-годдзя распачацця I сусветнай вайны за яе ахвяраў. У І Нядзелю Адвэнту ў Касцёле распачаўся Год кансэкраванага жыцця.

Падзеі, якія чакаюць Касцёл

Арцыпастыр расказаў таксама пра падзеі, якія чакаюць Касцёл у Беларусі ў 2015 г. Сярод іх — Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які пройдзе 18-25 студзеня (набажэнства ў мінскай архікатэдры адбудзецца 24 студзеня); велікапоснае чуванне моладзі ў мінскай архікатэдры, якое пройдзе ў ноч з 14 на 15 сакавіка: працэсія Божага Цела па вуліцах Мінска, якая адбудзецца 31 мая; урачыстасці ў Будславе, якія пройдуць 3-4 ліпеня; Малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы, якая пройдзе 24-26 ліпеня; Агульнабеларуская пілігрымка на Святую Зямлю на асвячэнне табліцы з гімнам Панны Марыі «Magnificat», запланаваная на 21-28 верасня; адмысловая канферэнцыя, прысвечаная 50-годдзю завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, якая пройдзе 21-22 лістапада ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску.

Журналісты мелі магчымасць задаць Мітрапаліту пытанні.

 

Затым адбылося дзяленне аплаткай. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў усіх прысутных з блізкімі святамі, павіншаваў католікаў і праваслаўных, якія будуць адзначаць Божае Нараджэнне праз два тыдні. Іерарх пажадаў, каб святы Божага Нараджэння «не ператварыліся толькі ў традыцыю адорвання адзін аднаго падарункамі», каб яны «не былі толькі знешнім праяўленнем, а мелі і духоўнае вымярэнне», бо «самая вялікая трагедыя — тое, што Езус праходзіць міма нас, а мы Яго не бачым». «Жадаю, каб нашы сэрцы сталі Бэтлеемам нашага часу», — дадаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, арцыпастыр.

Анастасія Грышан

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.