Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Як дзіцяці — калыску, так Богу — адкрытае сэрца»: аплатковая сустрэча навучэнцаў і выкладчыкаў тэалагічнага каледжа ў Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.12.2014 20:17

20 снежня ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску адбылася аплатковая сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча са студэнтамі  і выкладчыкамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Сустрэча пачалася святой Імшой.

к«Ці я дазваляю Богу дзейнічаць ува мне і ў грамадстве?»

У гаміліі, разважаючы над чытаннямі, якія Касцёл прапануе на гэты дзень, Мітрапаліт прыгадаў, што калі на авансцэне Адвэнту знаходзіцца святы Ян Хрысціцель, заданнем якога было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу, то ў апошнія дні адвэнтавага перыяду Касцёл рыхтуе людзей да непасрэднага святкавання таямніцы Богаўцелаўлення. Таму, па словах іерарха, у гэты дзень у Евангеллі з’яўляецца новы пратаганіст – Марыя.

Чытанне Евангелля гэтага дня – гэта, як звярнуў увагу арцыпастыр, Евангелле з урачыстасці Звеставання Пана. «Божы пасланец арханёл Габрыэль абвяшчае Марыі, што Яна Богам выбрана стаць Маці Збаўцы. Зямля, пекла і неба ў тую хвіліну былі засяроджаны на Назарэце. Што адкажа Марыя? Паступіць, як першая Ева, і не згодзіцца з Божай воляй ці яе прыме? Марыя прыняла і гэтым самым дала пачатак практычнай рэалізацыі Божага плану збаўлення чалавека, каб уцелаўлёны Бог стаў нашым спадарожнікам на шляхах нашага жыцця», — адзначыў Мітрапаліт.

Па словах іерарха, «калі Ева была маці грэшнага чалавецтва, то Марыя стала Маці новага Адама – Езуса Хрыста, які адарыў чалавецтва збаўчай ласкай»;  «дзякуючы згодзе Марыі з Божай воляй ажыццявілася Божае абяцанне збавіць чалавецтва ад вечнай смерці».

«Згаджаючыся з Божай воляй, Марыя дала пачатак эры збаўлення і сама, як Маці Сына Божага, стала Маці Бога, — дадаў арцыпастыр. — Калі мы згаджаемся з Божай воляй, то становімся на шлях жыцця ў Божай ласцы. Бог адорвае нас сваёй ласкай і чакае нашага пазітыўнага адказу, нашай паслухмянасці і даверу Яму, як гэта было з Марыяй. Калі Бог чагосьці чакае ад нас, то таксама дапамагае і дае сілы, каб станоўча адказаць на Яго заклік. У нас ёсць толькі дзве магчымасці: згадзіцца з Божай воляй або не».

«На гэта нам, людзям XXI стагоддзя, неабходна звярнуць асаблівую ўвагу, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Бог даверыў ажыццяўленне свайго збаўчага плану волі чалавека, менавіта волі Марыі. Бог нічога нікому не навязвае, але толькі прапануе сваю дапамогу, і ад нас залежыць, ці прымем мы яе».

«Ці я дазваляю Богу дзейнічаць ува мне, у грамадстве? — звярнуўся іерарх з такім пытаннем, адзначаючы, што студэнты павінны стаць не проста настаўнікамі рэлігіі, але найперш сведкамі гэтай дзейнасці Бога ў гісторыі іх асабістага перамянення і навяртання іншых.

Студэнты Мінскага тэалагічнага каледжа, як адзначыў арцыпастыр, рыхтуюцца стаць катэхетамі і сведкамі нашай веры ў сучасным свеце. Такім чынам у іх рукі Бог давярае ўдзел у далейшым ажыццяўленні Яго плану збаўлення. Яны, па словах Мітрапаліта, ужо адказалі станоўча на Божы заклік актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў ім, каб і далей праз станоўчы адказ на кожную Божую прапанову яны ўсё больш набліжаліся да Бога самі і вялі да Яго іншых.


Як дзіця калыскі патрабуе, так Бог — адкрытага сэрца чалавека

Пасля Імшы ўсе перамясціліся ў дольны касцёл, дзе на сцэне тэатра «Зніч» навучэнцы каледжа, далёка не 10-гадовыя пастухі і не 6-гадовыя анёлы, прывіталі Нованароджанага Хрыста ў спектаклі, які паставіла таксама навучэнка 2 курса каледжа — Алена Татун.

Яна — рэжысёр і аўтар гэтага спектаклю, якая прыязджае ў каледж з в. Канстанцінава (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобласці). Жанчына з'яўляецца актыўнай парафіянкай у мясцовым касцёле Святой Тройцы: «Я простая звычайная жанчына. Мне 46 гадоў. Я працую ў калгасе, але па стану здароўя — на палову працоўнай стаўкі, таму другую палову дня прысвячаю працы ў касцёле: прыбіраю, стаўлю букеты, падчас Імшы спяваю».

Ідэя спектакля, як кажа аўтар, была ў тым, каб нагадаць людзям, што Езус прыходзіць у вялікі свет менавіта маленькім — дзіцём, якое расце і развіваецца, як кожны чалавек, што Ён праз гэта вельмі блізкі да чалавека.

«Увесь сцэнар быў задуманы так, каб напрыканцы Марыя і Юзаф выйшлі ў цэнтр, паказалі маленькае дзіця і заклікалі людзей прыйсці і пакланіцца Збаўцу. Менавіта таму акторы і спявалі заключны спеў «Прыйдзіце пакланіцца Госпаду». Мне вельмі хацелася, каб з дапамогай спектаклю людзі прыгадалі і ў сябе ў сэрцы зразумелі, што Бог найперш прыходзіць маленькім дзіцяткам і патрабуе нашага адкрытага сэрца. Бо я думаю, што калі чалавек яго нарэшце адкрывае, то потым атрымлівае ад Бога тыя дары, якія сапраўды заслужыў», — кажа Алена Татун.

Сапраўды, у перыяд гэтых зімовых святаў мы прыгадваем, што Бог патрабуе нашага сэрца, як маленькае дзіця патрабуе калыскі, патрабуе самых простых ясляў, няхай толькі з сенам, але з увагай, шчырасцю і пяшчотай.

Менавіта гэтым і дзяліліся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, будучыя катэхеты і іх выкладчыкі пасля спектакля падчас ламання аплаткай.

Аксана Ючкавіч
Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.