Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Івянцы прайшло свята для паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў: «старацца ўбачыць у прыгажосці прыроды прысутнасць Бога і Яго закону»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.11.2014 18:30

8 лістапада ў Івянцы прайшло свята для паляўнічых, рыбаловаў і леснікоў. Набажэнства ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«У створанай Богам прыродзе асаблівае месца займаюць лясы, азёры і рэкі. Кожны з нас глядзіць на іх са сваёй перспектывы. Для дзяцей яны звязаны з рознага роду таямніцамі, аб якіх мы памятам з баек. Для навукоўцаў яны з’яўляюцца складанай экалагічнай сістэмай, дзе адбываюцца не менш складаныя працэсы. Для многіх яны з’яўляюцца месцам працы, рэкрэацыі і адпачынку. Для паляўнічых і рыбакоў — месцам, дзе ажыццяўляецца іх хоббі», — звярнуў увагу Мітрапаліт у гаміліі. Іерарх адзначыў, што ў гэты дзень любіцелей прыроды збірае на набажэнстве святы Губерт — духоўны апякун паляўнічых і леснікоў.



«Калі мы знаходзімся ў лесе, на возеры ці на рацэ, то вельмі лёгка заўважаем на дрэвах, на берагах ці нават на вадзе спецыяльныя знакі ці табліцы, — нагадаў арцыбіскуп. — Найчасцей яны наказваюць нам, як мы павінны сябе паводзіць: можна купацца ці не, дазволена паляванне і рыбалка ці не. Але падобна і ў нашым духоўным жыцці, у якім Бог таксама расставіў свае знакі. Адны з іх дазваляюць нам нешта чыніць, іншыя забараняюць. Таму, чытаючы расстаўленыя ў лесе ці на вадзе знакі, нам неабходна памятаць і аб знаках, якія Бог у Святым Пісанні, як гісторыі збаўлення і кнізе Божага закону, нам пакінуў». Гэтым знакам, дадаў іерарх, вучыць Касцёл.

«Правілы палявання, рыбалоўства і паводзін у лесе і на вадзе — гэта тыя знакі, якія кажуць нам, як можна паводзіць сябе ў тых ці іншых абставінах, у тым ці іншым месцы. Яны павінны нагадваць нам аб нязменных правілах Евангелля, якое заўсёды актуальнае і дзейснае. У гэтым сэнсе вы, паляўнічыя, рыбаловы і леснікі, можаце адыграць вялікую ролю ў працэсе прыняцця праўды Евангелля і яе абвяшчэння, каб сучасны чалавек не паддаўся спакусам секулярнага свету, але жыў паводле Божага закону і гэтым самым змяняў свет на лепшы і ішоў дарогай збаўлення», — падкрэсліў Мітрапаліт, звяртаючыся да прысутных.



Прыкладам арцыпастыр назваў святога Губерта. Іерарх узгадаў жыццёвы шлях гэтага святога, які жыў у VII-VIII стагоддзях у Францыі, быў паляўнічым і спачатку вёў нязгоднае з Божым законам жыццё, але аднойчы падчас палявання ў Вялікую пятніцу, калі хрысціянскі свет разважаў аб збаўчай смерці Хрыста, убачыў белага аленя з крыжом паміж рагамі і пачуў голас з неба. Для Губерта гэта быў момант яго навяртання. Пазней ён быў прызначаны біскупам і шмат учыніў у справе навяртання язычнікаў у хрысціянскую веру.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Мітрапаліт пажадаў паляўнічым, рыбаловам і леснікам старацца «ў прыгажосці прыроды ўбачыць прысутнасць Бога і Яго закону» і пажадаў, каб ім дапамог у гэтым іх нябесны апякун святы Губерт.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.