Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл св. Міхала Арханёла асвечаны ў Акалове
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
21.09.2014 16:25

21 верасня адбылося асвячэнне касцёла св. Міхала Арханёла ў Акалове. Святую Імшу ў парафіі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр паразважаў над чытаннем Евангелля ХХV Звычайнай нядзелі пра гаспадара вінаградніка, які ў розныя часы дня наймаў працаўнікоў, але ўсім заплаціў аднолькава. Першыя, якія працавалі ўвесь дзень, пратэставалі. Але гаспадар адказаў ім, што не пакрыўдзіў іх, бо заплаціў ім столькі, колькі было дамоўлена, а тое, што апошнія атрымалі столькі ж — не што іншае, як шчодрасць гаспадара.

Гэтая евангельская парабала, як адзначыў Мітрапаліт, нагадвае аб прынцыпах Божага Валадарства. «Яно аднолькавае для ўсіх, і апошнія могуць стаць першымі. Калі чалавек навяртаецца, то ён годны вечнага шчасця. Бог міласэрны і хоча, каб усе людзі дасягнулі збаўлення. Гэтую праўду асабліва падкрэслівае Папа Францішак, кажучы, што Касцёл з'яўляецца нашай Маці, а маці заўсёды клапоціцца аб сваіх дзецях і даруе ім правіны, асабліва калі яны гэтага просяць», — заўважыў іерарх.


Арцыбіскуп дадаў, што Касцёл з’яўляецца «сакрамэнтам паўсюднага збаўлення», і «той, хто знаходзіцца ў яго ўлонні, заслугоўвае яго». Вінаграднік, як патлумачыў іерарх, з’яўляецца евангельскім вобразам Касцёла, таму ўсе працаўнікі атрымалі аднолькавую плату, бо ўсім членам Касцёла, калі яны жывуць паводле Божага закону, падрыхтаваны ўдзел у вечным шчасці.

«Членамі Касцела мы становімся ў сакрамэнце хросту. Але каб жыць хрысціянскім жыццём, мы павінны захоўваць Божы закон і прытрымлівацца духу Евангелля. Для гэтага неабходны адпаведныя духоўныя сілы. Іх мы атрымліваем у сакрамэнтах, Божым слове і служэнні Касцёла. Таму нам патрэбны дамы малітвы — касцёлы і капліцы», — звярнуў увагу арцыпастыр. Касцёл у гонар св. Міхала Арханёла ў Акалове, які асвячаецца ў гэты дзень, якраз і будзе, па словах Мітрапаліта, служыць гэтай справе.

«Вернікі Акалова і наваколля доўга чакалі гэтага дня. Многія не дачакаліся і сёння, напэўна, з дому Нябеснага Айца радасна спазіраюць на падзею, якая адбываецца тут, — сказаў арцыбіскуп. — Іх малітвы і цярпенні падчас ганенняў на веру не прайшлі дарма. Кроў мучанікаў ёсць насеннем хрысціян».

Іерарх дадаў таксама, што новы касцёл — гэта «Божы дар і адначасова заданне», і, будучы месцам спаткання чалавека з Богам, ён павінен такім быць. Для гэтага неабходна, як падкрэсліў арцыпастыр, «каб у ім былі жывыя людзі», «каб яны прымалі ўдзел у нядзельных і святочных набажэнствах». «Мы будуем касцёлы і капліцы найперш для таго, каб у іх праз слуханне Божага слова, удзел у сакрамэнтах, катэхізацыі, дабрачыннасці і іншай касцёльнай дзейнасці будаваўся Касцёл як Народ Божы», — адзначыў Мітрапаліт.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў пробашчу парафіі кс. Томашу Маліноўскаму, вернікам і ўсім, хто садзейнічаў будаўніцтву касцёла, і пажадаў парафіі апекі яе святога апекуна — Міхала Арханёла, каб вернікі па яго прыкладу на першым месцы ставілі Бога.

 

Напрыканцы Імшы Мітрапаліт падарыў парафіі абраз св. Міхала Арханёла.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.