Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў Імшу ў парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне (+ фота) | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.06.2014 00:27

19 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў Імшу ў парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне. Разам з прадстаўніком Папы парафію наведаў арцыбіскуп на пенсіі з Вероны Флавіо Робэрто Караро OFMCap. Падчас Імшы адбыўся сакрамэнт канфірмацыі, а пасля яе – эўхарыстычная працэсія.

Арцыбіскуп Флавіо Робэрто Караро ў 1998-2007 гг. узначальваў родную дыяцэзію арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці – Верону, адну з самых вялікіх у Італіі; на працягу 12 гадоў быў генералам Ордэнa Меншых Братоў Капуцынаў.

У Імшы ўдзельнічалі пробашч маладзечанскай парафіі а. Арыюш Малыска ОFМСар, кусташ Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў а. Андрэй Жылевіч OFMCap, браты капуцыны, кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, віцэ-рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Уладзімір Русак.

У гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, вітаючы арцыбіскупа Флавіо Робэрто Караро, назваў яго айцом свайго жыцця і паклікання. “У словах маёй падзякі яму ёсць таксама падзяка ўсіх людзей Вероны”, - дадаў Апостальскі Нунцый. Як адзначыў прадстаўнік Папы, арцыбіскуп Караро “заўсёды меў што сказаць кожнаму – найперш людзям найбольш бедным і хворым”, яго памятаюць як чалавека, які "ўсё сваё жыццё даверыў Хрысту". “Ён – сапраўдны сын святога Францішка, і, напэўна, ніхто з нас не думаў, што будзе час, калі Папа прыме імя Францішак”, - дадаў іерарх.

 

Апостальскі Нунцый перадаў прывітанне і благаслаўленне ад імя Пантыфіка капуцынам, якія служаць у парафіі, вернікам, прымаючым сакрамэнт канфірмацыі. “Для Папы было б вялікай радасцю быць сёння тут і бачыць вашу жывую і гарачую веру”, - сказаў арцыбіскуп.

Нагадваючы, што ў гэты дзень Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, Апостальскі Нунцый прапанаваў прысутным уявіць “сцэну, калі нарадзілася гэтая таямніца”: Хрыстус прыходзіць у Ерузалем, ведаючы, што гэта апошнія дні Яго зямнога жыцця, хоча наладзіць святочную вячэру з вучнямі і выконвае падчас яе “жэст любові”: благаслаўляе і раздае хлеб, кажучы, што гэта Яго Цела, благаслаўляе келіх і кажа, што гэта Яго Кроў. “Быць можа, вучні не зразумелі, што гэта развітальны жэст. Магчыма, яны думалі, што Хрыстус узрушыўся, перажываючы асаблівае пачуццё сяброўства ў гэты вечар. Але праз некалькі гадзін, калі яны ўбачылі Хрыста, які быў на крыжы, то зразумелі значэнне гэтага жэсту. І значэнне яго сёння ў гэтай парафіі – дазволіць Богу сказаць: Я сёння тут з вамі аж да сканчэння свету”, - адзначыў арцыбіскуп.

Па словах іерарха, “кожны раз, калі ламаецца і раздаецца Хрыстовае Цела, – гэта жэст прысутнасці Хрыста між намі”. Кажучы, што ў гэты дзень вернікі панясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт ва ўрачыстай працэсіі, арцыбіскуп падкрэсліў: “Гэта не толькі знак – гэта насамрэч Пан”. “Мы не можам больш сцвярджаць, што нас пераследуюць і мы вымушаны хавацца, жывучы нашай верай. Мы не можам нашым жыццём запярэчыць таму Хрысту, якога мы неслі ў працэсіі. Усе чакаюць ад нас усмешкі Хрыста, чакаюць ад нас жэсту Хрыстовай любові – нават вельмі сціплага і простага”, - заўважыў Апостальскі Нунцый.

Арцыбіскуп дадаў, што жыццё вернікаў павінна быць прыгожым, у гармоніі з Эўхарыстыяй, якую яны нясуць, а перад абліччам цяжкасцяў свету і іх уласных слабасцяў з дапамогай да іх прыходзіць Дух Святы. “Гэта Божы подых, які ўваходзіць унутры нас і дазваляе адчуваць сябе жывымі”, - адзначыў іерарх, згадваючы пра тое, што ў гэты дзень парафіяне атрымаюць Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі.

 

Апостальскі Нунцый пажадаў гэтым вернікам імкнуцца да таго, каб кожная Эўхарыстыя, у якой яны будуць удзельнічаць, “была знакам подыху Духа”, якога яны атрымліваюць у гэты дзень. “Тады не будзе патрэбы тлумачыць іншым людзям, што гэта такое, бо само ваша жыццё будзе прапаведваннем, - падкрэсліў арцыбіскуп. - Пасля сённяшняга дня мы не можам сказаць, што Дух Святы не быў паміж намі, што Хрыста няма сярод нас, нават калі мы Яго фізічна не бачым”. Прадстаўнік Папы пажадаў кожнаму з іх “радасці ведаць гэта” і “адказнасці знайсці той жэст, каб зрабіць гэта бачным для свету”.

Напрыканцы Імшы вернікі, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, падзякавалі іерархам, пажадалі ім поспехаў у пастырскай працы, паабяцалі жыць дарамі Духа Святога, каб іншыя людзі праз іх “маглі пазнаць Хрыста”.

Пасля Імшы прайшла ўрачыстая эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

 

Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by