Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Быць святлом, якое прынясе сучаснаму чалавеку Бога»: адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.02.2014 17:07

4 лютага з нагоды Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца штогод у свята Ахвяравання Пана, у мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля праходзіла сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На сустрэчу прыбыў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў Імшу.

У праграме была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Удзельнікі сустрэчы прамовілі малітву Літургіі Гадзінаў. Таксама яны мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Падчас Імшы кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. На пачатку Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі з нагоды свята Ахвяравання Пана благаславіў свечкі, якія ўдзельнікі сустрэчы трымалі запаленымі ў руках.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу, што ў сцэне ахвяравання Езуса ў святыні, якая прыводзіцца ў чытанні Евангелля на свята Ахвяравання Пана, Марыя “ахвяруе Богу самае каштоўнае, што было ў Яе, а таксама ахвяруе Яму сваё жыццё”. Прарочыцу Ганну, якая, як гаворыцца ў Евангеллі, постам і малітвай служыла Богу ў святыні, можна назваць, па словах іерарха, правобразам манаскага жыцця.

“Манаскае жыццё – гэта жыццё, прысвечанае Богу, - адзначыў біскуп. – У гэты дзень, узгадваючы, як Марыя і Юзаф прынеслі ў Ерузалемскую святыню Дзіцятка Езуса, мы асабліва ўзгадваем тых, хто ахвяраваў сваё жыццё Пану”.

Па словах іерарха, “жыццё ў манаскіх супольнасцях павінна стаць святлом для асвятлення чалавека ўсіх часоў, усіх пакаленняў”. Біскуп назваў манаскае жыццё фактарам, які “ўмацоўвае дзейнасць Касцёла як у мінулым, так і сёння”. “Манаскае жыццё знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла, з’яўляецца маторам, які выклікае пульсаванне крыві ўсяго Касцёла, - падкрэсліў біскуп. – Гэта вельмі важная функцыя, бо Касцёл павінен быць жывым арганізмам”.

“Кожны з нас павінен быць святлом, якое прынясе сучаснаму чалавеку Бога, - сказаў іерарх, звяртаючыся да кансэкраваных асобаў. – Сёння вы аднаўляеце свае манаскія абяцанні. Гэта нагода не толькі ўзгадаць, што вы прысягалі Богу, але і яшчэ раз папрасіць у Яго патрэбныя ласкі. Бо вы сапраўды сталіся падобнымі да Хрыста ва ўсім”. “Сучасны свет не разумее такога жыцця, - дадаў біскуп. – І, можа, сапраўды такая форма жыцця стане для сучасных людзей святлом, якое асветліць іх цемру”.

“Вы прыпадабняецеся да Хрыста ў Яго чысціні, убостве, паслухмянасці. Але гэтага мала. Вы, як Ён, узялі на сябе крыж, - звярнуў увагу іерарх. – Гэта змаганне, каб быць у святле Хрыстовым, але такое змаганне мае сваю прыгажосць, бо яно дае неба”.

“Манаскае жыццё – гэта адказнасць і заданне, яно немагчыма без малітвы, - нагадаў біскуп сабраным законнікам і законніцам. – Вы – святло свету: такія словы Езус кажа вам сёння”. Па словах біскупа, “калі сучасны чалавек убачыць шчаслівага манаха, манахіню, якая падыходзіць да яго і радасна ўсміхаецца”, – гэтага, напэўна, будзе дастаткова, каб “Езус змог пастукацца ў сэрца гэтага чалавека”.

Біскуп ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча павіншаваў удзельнікаў сустрэчы з іх святам, дадаўшы, што цэлебруе гэтую Імшу за ўсіх законнікаў і законніц архідыяцэзіі.

Напрыканцы сустрэчы прамовіў віцэ-правінцыял Ордэна капуцынаў у Беларусі а. Андрэй Жылевіч OFMCap. “Мы ўсе служым дзеля дабра Касцёла”, - ад імя сабраных кансэкраваных асобаў сказаў святар.

Кажучы пра сустрэчу прадстаўнікоў інстытутаў кансэкраванага жыцця ў Беларусі з Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, якая адбылася 22 кастрычніка 2013 г., віцэ-правінцыял нагадаў, што на ёй было вырашана стварыць структуру, якая падтрымае законнае жыццё ў Касцёле ў Беларусі, дапаможа законнікам і законніцам нанава адкрыць уласны харызмат і ўнесці яго ў лакальны Касцёл. Такая структура можа дапамагчы кансэкраваным асобам разам вырашаць свае праблемы і ўзбагачаць Касцёл у адпаведнасці са сваімі харызматамі. У выніку, як паведаміў а. Андрэй Жылевіч, была створана камісія, задача якой – сабраць кансэкраваных асобаў і дапамагчы ім пачаць сустракацца.

Біскуп Юрый Касабуцкі на заканчэнне таксама пажадаў кансэкраваным асобам сустракацца, абмяркоўваць свае справы, утвараючы такім чынам “прыгожы букет Касцёла”. 

 

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.