Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша на завяршэнне Года веры ў мінскай архікатэдры: расчышчаць дарогу прыходзячаму Пану (+фота)
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
24.11.2013 15:03

24 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, завяршыўся Год веры, абвешчаны Папам Бэнэдыктам XVI 11 кастрычніка 2012 г. Імшу на завяршэнне Года веры ўзначаліў у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Імша пачалася абрадам благаслаўлення вады і акраплення ёю вернікаў. Ахвяраванні падчас літургіі традыцыйна ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету збіраліся на ўтрыманне Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да вернікаў, нагадаў, што гэтая нядзеля з’яўляецца апошняй у літургічным годзе. «Праз увесь літургічны год Касцёл вёў нас да гэтага дня», — сказаў іерарх. Па словах арцыбіскупа, «на зямлі мы не маем пастаяннага месца прабывання», «наша пілігрымка веры вядзе да Божага Валадарства».

Арцыпастыр нагадаў, што распачацце Года веры было прымеркавана да 50-годдзя адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору, а таксама што ў гаміліі на распачацце гэтага года Папа Бэнэдыкт XVI «заахвоціў нанова распаліць агонь веры, каб ён гарэў у душы кожнага чалавека». Сённяшні ж дзень, падкрэсліў Мітрапаліт, з’яўляецца нагодай «спытаць сябе, як мы правялі гэты год».

«Сёння патрэбны новыя спосабы нясення Хрыста ў сучасны свет, — адзначыў іерарх. — Бога трэба данесці людзям, і пошук гэтых шляхоў вельмі важны».

Мітрапаліт узгадаў, што ў межах Года веры адбылося святкаванне 400-гадовага юбілею прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў, беларуская моладзь прыняла ўдзел у Сусветным дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, прайшла таксама Усебеларуская сустрэча моладзі ў Івянцы. Гэтыя мерапрыемствы, па словах арцыпастыра былі прысвечаны таму, каб «адкрыць прыгажосць веры і яе ўмацоўваць».

Як адзначыў арцыбіскуп, сімвалічна, што Год веры завяршаецца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету. Гэтую ўрачыстасць устанавіў Папа Пій ХІ у 1925 г. — у час, калі набіралі моц ідэалогіі нацызму і сацыялізму, таму важна было сцвердзіць, патлумачыў Мітрапаліт, што Хрыстус, а не гэтыя ідэалогіі, з'яўляецца сапраўдным Валадаром. Сёння ж «з’яўляюцца новыя валадары, сярод якіх імкненне да багацця, да задавальненняў», і важна, як дадаў іерарх, зразумець, што «мы забярэм з сабою не гэтыя даброты, але ласку Езуса Хрыста». «Наш Валадар — Езус, адзіны Збаўца свету, і сёння Касцёл хоча паказаць Яго людзям», — падкрэсліў Мітрапаліт.

«Сёння трэба нанова адкрыць, што не развіццё навукі, не развіццё тэхналогій, не абсалютная свабода, а Хрыстус з’яўляецца Валадаром Сусвету», — сказаў арцыпастыр, дадаўшы, што словы Хрыста «Навяртайцеся і верце ў Евангелле» павінны быць «праграмай жыцця кожнага хрысціяніна».

«Завяршаецца Год веры, але пошук веры, імкненне да яе ўмацавання не павінны завяршацца», — звярнуў увагу Мітрапаліт і заклікаў прысутных вернікаў зрабіць на завяршэнне Года веры пастанаўленне: «кожны дзень свайго жыцця расчышчаць дарогу прыходзячаму Пану».

Удзельнікі Імшы вызналі сваю веру, прамовіўшы тройчы«Сredo» на лацінскай мове і трымаючы запаленыя свечкі.

«Нам неабходна памятаць, што не грэх і дрэнныя звычкі, а вера павінна быць спадарожніцай нашага жыцця, — адзначае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у пасланні на завяршэнне Года веры. — Яна дазваляе нам пазнаць цуды, якія Бог чыніць нам. Вера, якая стараецца распазнаваць знакі часу, абавязвае нас быць жывымі сведкамі прысутнасці Уваскрослага ў свеце. (...) Удзячныя Богу за дар Года веры і атрыманыя ў ім ласкі, на парозе новага літургічнага года, які праз тыдзень распачнём, ніколі не адмовімся ад Хрыста, у якога паверылі (пар. Цім 1, 12), зробім пастанаўленне заўсёды расчышчаць дарогу прыходзячаму Хрысту (пар. Мк 1, 3), выходзіць на Яго спатканне, як нашага Валадара, які прыходзіць да нас праз служэнне Касцёла. Адчынім Яму дзверы нашых сэрцаў і душаў, упусцім Яго туды, каб Ён там валадарыў і ўмацоўваў нашу веру, без якой няма збаўлення».  

Анастасія Грышан


 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.