Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
7 верасня — дзень посту і малітвы аб міры ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. Распараджэнне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
05.09.2013 10:59

Папа Францішак абвясціў дзень 7 верасня 2013 г. — вігілію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — днём посту і малітвы ў інтэнцыі міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. У гэты дзень у мінскім архікатэдральным касцёле ў 18.30 адбудзецца малітва, якую ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а затым святая Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Распараджэнне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Увесь свет занепакоены актамі насілля і збройнымі дзеяннямі ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і многіх іншых краінах. Гэта не што іншае як крывавая рана, да лячэння якой усім нам трэба далучыцца, бо мір – гэта вялікі дар Бога, аб якім неабходна клапаціцца і яго бараніць усімі сіламі. Нездарма падчас нараджэння Хрыста хоры анёлаў спявалі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі” (Лк 2, 14). Касцёл заўсёды выступаў за мірнае вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў шляхам перамоў, падкрэсліваючы пры гэтым, што насілле не вядзе да міру, а наадварот выклікае новае насілле.

Занепакоены складанай сітуацыяй у Сірыі, якая ўсё пагаршаецца, а таксама ў многіх краінах свету, папа Францішак звярнуўся з заклікам да Каталіцкага Касцёла, да іншых веравызнанняў і да ўсіх людзей добрай волі аб’яднаць свае дзеянні на карысць міру. Пры гэтым Пантыфік падкрэсліў, што не культура вайны і канфліктаў, але культура сустрэч і дыялогу вядзе да ўсталявання міру.

У сувязі з гэтым папа Францішак абвясціў дзень 7 верасня 2013 г. — вігілію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – днём посту і малітвы ў інтэнцыі міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце.

Адказваючы на гэты так важны і актуальны заклік папы Францішка, загадваю 7 верасня 2013 г. ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арганізаваць адпаведныя, паводле меркавання пробашча, набажэнствы. Адмысловае набажэнства ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца ў гэты дзень у 18.30.

Няхай Марыя – Каралева міру – выпрасіць у свайго сына Езуса Хрыста ласку міру ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 1 верасня 2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.