Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Любоў — узвышае»: замалёўкі з поснай пілігрымкі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
03.07.2013 13:31

Трэцяга ліпеня з Мінска ў Будслаў выйшла т.зв. «посная» пілігрымка — пілігрымка на хлебе і вадзе. Шлях да Маці Божай пілігрымы пройдуць ужо ў восьмы раз. У новым нумары часопіса «Ave Maria» сваімі назіраннямі з леташняй поснай пілігрымкі падзялілася пілігрым Ядвіга Рай.


Начная малітва

…Далікатная постаць гэтай дзяўчыны ўразіла мяне яшчэ ў мінулай пілігрымцы. Было ў ёй нешта моцнае і адначасова хваравітае, што праглядала падчас хады. Ды яшчэ ў руках Таццяна (так звалі тое дзяўчо), амаль заўсёды трымала то фотаапарат, то нават і кінакамеру. А каб выбраць лепшы ракурс, зрабіць якасны здымак, трэба або забегчы наперад групы, або паспець зайсці недзе збоку. І гэта ёй удавалася, адкуль толькі сіла бралася (ды ведама, адкуль – з Неба!).

Пазалетась, падчас маёй першай пілігрымкі ў Будслаў, мы з ёй начавалі ў вёсцы Стайкі ў хаце Сакалоўскіх. А праз год, 4 ліпеня 2012 года, мы зноў вечарам дайшлі да гэтай вёскі, і пры размяркоўванні — дзе хто будзе начаваць — мы з Таццянай не турбаваліся — пойдзем да нашых гаспадароў. Але чакалі, што скажуць кіраўнікі. І калі многія ўжо разышліся адпачываць, нам сказалі, каб дзесяць чалавек ішлі ў хату з жоўтымі веснічкамі.

Гэта была дагледжаная, пафарбаваная хата Сакалоўскіх. Стары бацька памёр, дзеці з горада не прыехалі, таму гасцінная гаспадыня запрасіла так многа падарожных. Пакояў многа, усе размеркаваліся. У падрыхтаванай лазні вады гарачай хапіла таксама ўсім. Нас ужо не так настойліва запрашалі за стол, бо ведалі пра нашы звычкі.

 

Моладзь мае больш сілы, і дзяўчаткі доўга яшчэ гаманілі, а я ў суседнім пакоі ўладкавалася адпачываць. Апоўначы падхапілася, агледзелася, прыслухалася: ва ўсіх пакоях было ціха, але  з-пад дзвярэй прабівалася святло. Ціхенька прайшла туды. У гэтым пакоі ўсе спалі, Таццяна таксама спала, але седзячы за сталом, — галоўка падпертая рукой з ружанцам у далоні, вусны раскрытыя, як бы ў яе ідзе размова з Небам. Стомленае цела знерухомела ў сне, а малітва адляцела ў неба...

Пчолы

Ідзем ужо не першы дзень. Кожную хвіліначку перад намі адкрываецца нешта новае. Не бывае на нашым шляху аднолькавых даляглядаў. Палявыя і лясныя дарогі рэдка бываюць прамымі.

Вось і на гэты раз, калі мы толькі пачалі выходзіць з лесу, у вочы нечакана кінулася жаўцізна неабсяжнага поля. Здзіўляемся і радуемся сонечнаму колеру, адчуваем новыя пахі, а слых ловіць нейкі роўны новы гук.

У нашай групе больш за 50 чалавек, мы расцягнуліся на даволі вялікай адлегласці. Мне падабаецца ісці ў ліку першых, здаецца, што так лягчэй. Непадалёку ад мяне ішоў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Раптам чую ягоны заклапочаны ўсклік: «Ого!». Углядаемся: наперадзе, недалёка ўжо ад нас, проста на дарозе стаяць два трактарных прычэпы, на якіх роўненькімі радамі адзін на адным пастаўлены вуллі. Ужо добра было чуваць многагалоссе працавітых пчолаў.

Кіраўнік пілігрымкі сказаў, што разумны ў гару не пойдзе, ён яе абыдзе, і павёў групу ў абход. А мне не хацелася вяртацца, ды яшчэ з’явілася жаданне праверыць сябе, «дамовіцца» з пчоламі. І я пайшла далей, не зварочваючы з дарогі. Злева — неабсяжнае поле квітнеючага рапсу, справа, побач — можа сотня вулляў. Ішла спакойна. Не рабіла рэзкіх рухаў, малілася. Пад нагамі ўбачыла мноства пчолаў, якія з невядомай прычыны згубілі сваю знакамітую працаздольнасць. Надта ж многа іх ляжала пад нагамі, некаторыя яшчэ варушыліся, як бы хацелі зноў узляцець і працаваць. Мне стала іх шкада. Раблю наступны крок, і ў гэты момант на шыі адчуваю пчолку. Змахваю яе рукой, думаю, у чым справа, чаму яна мяне ўкусіла? Вуллі засталіся ззаду.

Па дарозе настойліва думала, чаму мяне ўкусіла пчала. І зразумела, што не шкадаваць трэба было, а проста любіць. Калі толькі шкадаванне — яно прыніжае іншую істоту, няхай нават і пчалу. А любоў — яна ўзвышае, дадае сілы...

Фота Алы Невяровіч

Цалкам тэкст чытайце на ave-maria.by



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.