Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша Хрызма ў архікатэдры: чаму трэба жыць святарскім братэрствам?
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.03.2013 16:06
У мінскай архікатэдры 28 сакавіка адбылася Імша Хрызма для святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Напачатку літургіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які канцэлебраваў Імшу, павіншаваў святароў з іх святам і нагадаў пра місію святарства ў сучасным свеце.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Вялікі чацвер.

Апостальскі Нунцый звярнуўся да святароў, прыгадваючы важнасць адчування еднасці паміж імі:

«З’яднаныя між сабой, разам мы ўтвараем Божую сям’ю. Але калі мы адчуваем сябе сям’ёй толькі ў гэты дзень, то мы сям’я няважная. Бо мы або ўвесь час сям’я, або ніколі. Быць сям’ёй увесь час — гэта значыць клапаціцца адзін пра аднаго, разумець, што цяжар субрата ў святарстве таксама і наш цяжар. Яго радасць — наша радасць. Няхай ніколі не будзе спаборніцтва паміж намі і імкнення быць першым».

Гаворачы пра духоўнае братэрства паміж святарамі, Нунцый зазначыў:

«Дарагія браты, калі людзі ўбачаць, што мы з’яднаныя,  што мы перажылі досвед Бога, яны не будуць бачыць у нас прадстаўнікоў якойсьці фірмы. Чаму трэба жыць святарскім братэрствам? Таму што мы з’яўляемся з вамі адным целам, і кожны з вас — частка гэтага цела. Галавою гэтага цела з’яўляецца біскуп ад імя Хрыста. Цела Хрыста — гэта ўвесь Касцёл, а ўсе вернікі з’яўляюцца часткамі Касцёла. Мы, святары, асаблівая частка цела, бо ў нейкі асаблівы спосаб звязаныя з Хрыстом. Мы знаходзімся на службе святарства ўсяго Касцёла».

Асаблівую ўвагу ў сваёй гаміліі Нунцый звярнуў на Божую міласэрнасць. Іерарх выказаў упэўненасць у тым, што досвед Божай міласэрнасці з’яўляецца базавым складнікам святарскага жыцця: «Міласэрнасць — гэта тое, што дае нам моц быць адзіным братэрскім целам. Не тое, што робіць з нас вайсковую адзінку, а тое, што робіць нас адзіным святарскім прэзбітэрыем».

«Прапаведаваць пра Божую міласэрнасць трэба з пахіленай галавой, а не з пыхай, — зазначыў арцыбіскуп. — Вельмі важна ўмець адказаць на пытанне, як Божая міласэрнасць праяўляецца ў маім жыцці? Божая міласэрнасць — шматлікая, яна складаецца з бясконцых канкрэтных актаў ».

Разважаючы пра дар святарства, Нунцый падкрэсліў небяспеку, у якую могуць трапіць некаторыя святары, калі «цяжка пазбавіцца прывычкі, што святарам «цалуюць» абутак».


«Прычына пакутаў нашага народа ў тым, што яны не маюць сілы падняць галаву»

«Мяне моцна закранае прыклад беларускага народа — як глыбока яны перажываюць муку Хрыста. Часамі гэта настолькі глыбока, што яны адчуваюць сябе таксама вялікімі грэшнікамі, не маючы ўжо больш надзеі, што ім могуць прабачыць, — зазначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, гаворачы пра прыклад, які святар павінен даваць вернікам. — Прычына пакутаў нашага народа ў тым, што яны не маюць сілы падняць галаву — настолькі нягоднымі яны сябе адчуваюць (баючыся, што падняўшы галаву, яе могуць адсячы). 

Мы пасланыя да гэтага народа, каб ён узняў галаву і каб мы маглі глядзець яму ў вочы і сказаць, што гэты народ каштоўны ў вачах Бога».

Дзелячыся сваім досведам, іерарх узгадаў:

«Калі я быў маладым святаром, я адчуваў прагненне дарыць іншым цяпло. Гэта ўжо пасля я зразумеў, што любові іншага чалавека патрабую найперш я — з голаду любові мы ніколі не будзем аздароўленыя. Досвед Божай міласэрнасці — адзіны досвед, які ў нас ніхто не здольны забраць. І народ мае патрэбу ў адчуванні гэтага досведу.

Калі святар не ўмее жыць гэтай любоўю, ён не зможа гэта перадаць людзям. Але ў святарскім жыцці няма месца для страху. Святар павінен умець сказаць народу: адкрыйся, будзь больш свабодным — пачні жыць. Сёння народ мае патрэбу ісці за сваім святаром».

Адным з галоўных момантаў Імшы Хрызмы стала благаслаўленне алею хворых, а таксама асвячэнне хрызма. Святая Імша Хрызма ў Вялікі чацвер завяршыла перыяд Вялікага посту.

Ілья Лапато OCDS

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме