Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі: захоўваць вернасць Богу па прыкладзе Марыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.12.2012 13:44

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святочную Імшу ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве. Арцыпастыр заахвоціў вернікаў кіравацца прыкладам Маці Божай, каб быць вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і будаваць больш чысты і справядлівы свет.

У гаміліі Мітрапаліт нагадаў пра гісторыю дагмата аб Беззаганным Зачацці Маці Божай. Касцёл зазвычай абвяшчае дагмат як праўду веры, каб адказаць на выклікі часу і яго праблемы. Дагмат таксама павінен мець сваё абаснаванне ў Святым Пісанні. Сярод выклікаў сярэдзіны XIX стагоддзя, як адзначыў арцыпастыр, найважнейшымі былі нарастаючае адступленне ад Бога, што выказвалася дэвізам Карла Маркса «рэлігія — опіум для народа», а таксама рост сацыяльнай несправядлівасці ў абставінах бурнага развіцця прамысловасці, калі багатыя абагачаліся, а бедныя яшчэ больш абядняліся. У выніку з’явілася так званая «рабочая праблема» і распачаўся імклівы працэс падзення маральнасці.

У такой сітуацыі, нагадаў Мітрапаліт Кандрусевіч, благаслаўлёны папа Пій IX звярнуў позірк людзей на Марыю і абвясціў дагмат аб Яе Беззаганным Зачацці. Тэалагічны падмурак гэтай праўды веры знаходзіцца ў Святым Пісанні: дастаткова ўзгадаць сцэну Звеставання, калі Арханёл Габрыэль назваў Марыю поўнай ласкі.

Арцыбіскуп узгадаў таксама аб тым, як у хуткім часе ў Люрдзе Панна Марыя аб’явілася малой дзяўчынцы Бэрнардэце Субіру. Дзяўчынка спыталася ў прыгожай жанчыны, хто яна. Жанчына адказала, што яна — Беззаганнае Зачацце. Гэта быў знак з неба, які пацвердзіў дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Сёння Люрд — гэта найбольш вядомы ў свеце санктуарый, куды штогод прыязджае каля 6 мільёнаў пілігрымаў, — працягваў Мітрапаліт. — Найчасцей яны едуць туды, каб атрымаць ласку аздараўлення. І сапраўды, цуды здараюцца. Касцёл ужо прызнаў каля 60 выпадкаў цудоўнага аздараўлення ў Люрдзе. Аднак ёсць і іншыя цуды — цуды аздараўлення душы чалавека. Колькі такіх было — ведае толькі Бог і той, хто гэта дасведчыў».

Іерарх прапанаваў паразважаць: ці актуальна для нас, людзей XXI стагоддзя, праўда веры аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі? «Безумоўна, так», — заключыў Мітрапаліт, нагадаўшы, што літургічнае чытанне на гэтую ўрачыстасць распавядае пра гісторыю духоўнага падзення нашых першых бацькоў, якія паддаліся спакусе злога духа і зграшылі. Праходзячы па раі, Бог не бачыў іх і спытаўся: «Адам, дзе ты?» Адам і Ева, адчуўшы сорам ад таго, што былі голымі, схаваліся, каб Бог іх не ўбачыў.

«Адам — азначае чалавек. І сёння Бог у нас пытаецца: чалавек, дзе ты? Чаму ты хаваешся ад Мяне? Можа, і ты зграшыў? Сучасны чалавек апранаецца ўсё лепей. Аднак якое ў яго духоўнае адзенне? Ці часам ён не голы духоўна?» — такія пытанні прапанаваў арцыпастыр удзельнікам урачыстасці ў Магілёве.

Марыя, па словах арцыбіскупа, была апранута ў адзенне Божай ласкі і захавала такі стан на ўсё сваё жыццё. Таму яе называюць другой Евай у супрацьпастаўленне першай, бо Ева зграшыла, а Марыя захавала ласку духоўнай чысціні.

«Мы прыйшлі ў гэты свет у стане першароднага граху. Дзякуючы сакрамэнту хросту былі вызвалены ад яго. Аднак наша чалавечая прырода была парушана першародным грахом, і мы, ведаючы, што такое зло, тым не менш яго чынім», — адзначыў Мітрапаліт.

У гэтым выпадку, падкрэсліў іерарх, варта вучыцца ў Панны Марыі, якая з’яўляецца прыкладам захавання духоўнай чысціні, згоды з воляй Божай і зоркай евангелізацыі, бо захоўвала ў сваім сэрцы Божае слова. «Няхай беззаганна зачатая Марыя сваім прыкладам і заступніцтвам дапаможа нам у час, калі буры секулярызму нішчаць веру, заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню і, захоўваючы чысціню сэрца, будаваць больш чысты і справядлівы свет і нашу краіну, каб яна сапраўды была Белай Руссю, гэта азначае чыстай і святой», — пажадаў Мітрапаліт Кандрусевіч.    

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме