Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.11.2012 16:22

22 лістапада 2012 г. у парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску адбылася сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У межах сустрэчы святары і кансэкраваныя асобы мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, а таксама ўдзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

На сустрэчы выступіў доктар медыцыны Антуан Лісец з Харватыі, які адзначыў, што, каб людзі маглі захаваць веру, ім трэба абвяшчаць хрысціянскія каштоўнасці, а духавенства, як ніхто іншы, можа найлепшым чынам растлумачыць прынцыпы хрысціянскай маральнасці.

Важным пунктам сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр адзначыў, што набліжаецца завяршэнне літургічнага года, і ўсе літургічныя чытанні ў гэтыя дні канцэнтруюцца на тэме Апошняга Суду і канца часоў. Як дадаў іерарх, «трэба добра падрыхтавацца, каб сустрэць прыходзячага Пана».

Мітрапаліт распавёў таксама пра пасяджэнне Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі, якое праходзіла ў Апостальскай Сталіцы 7–28 кастрычніка і на якім арцыпастыр прадстаўляў Беларусь. Па словах іерарха, кожны Сінод звычайна мае найперш тэарэтычнае вымярэнне, а дадзены быў адметны тым, што ў значна большай меры меў практычны характар.

Наступныя сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдуць 10 снежня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў 11 гадзін у Магілёве і 20 снежня ў 11 гадзін у мінскім архікатэдральным касцёле. Падчас гэтых сустрэч адбудзецца дзяленне аплаткай і абмен святочнымі пажаданнямі перад урачыстасцю Божага Нараджэння.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме