Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Дзям'янка: малітва за памерлых — ключ, які адчыняе ім брамы раю
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2011 19:55

2 лістапада 2011 г. на мінскіх Кальварыйскіх могілках адбылася працэсія ў інтэнцыі памерлых і святая Імша. Набажэнствы ва ўспамін усіх памерлых вернікаў узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

Падчас працэсіі ўдзельнікі набажэнства маліліся за спачылых святароў, бацькоў і продкаў, за сваіх родных, выхаваўцаў і дабрадзеяў, за загінуўшых і ахвяраў войнаў. «Маліцца за памерлых — гэта выражэнне нашай веры ў тое, што пасля смерці жыццё не сканчваецца», — адзначыў напрыканцы працэсіі біскуп Антоні Дзям’янка. Як дадаў іерарх, мы верым і ў тое, што душы памерлых, за якіх мы молімся, будуць дапамагаць нам у нашым жыцці.

Пасля працэсіі адбылася святая Імша. У гаміліі падчас літургіі біскуп Дзям’янка падкрэсліў, наколькі важна памятаць у сваіх малітвах і пра тых, пра каго, магчыма, людзі ўжо забыліся. Малітва, па словах біскупа, — гэта добры спосаб дапамогі памерлым, праява нашай хрысціянскай міласэрнасці да душы, час збірання заслугаў якой ужо скончыўся. Іерарх нагадаў пра важнасць малітвы, міласціны, добрых учынкаў для душаў спачылых, назваўшы гэта «ключом, які адчыняе ім брамы раю».

Успамін усіх памерлых, па словах іерарха, «заахвочвае нас глянуць на жыццё з перспектывы веры». Свечкі ж, якія вернікі запальваюць у гэты дзень, молячыся за спачылых, — гэта, з аднаго боку, просьба душы, якая ў вечнасці чакае нашай дапамогі, а з другога — сімвал нашай веры. Молячыся, мы, як дадаў біскуп Дзям’янка, паглыбляем і нашу ўласную веру ва ўваскрасенне і жыццё вечнае.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.