Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч: маліцца за памерлых — наш абавязак
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2011 10:26

1 лістапада 2011 г., ва ўрачыстасць Усіх Святых, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў працэсію на мінскіх Кальварыйскіх могілках. Гэта самыя старажытныя могілкі ў Мінску, першыя пахаванні на якіх датуюцца канцом XVIII ст.

На пачатку працэсіі Мітрапаліт Кандрусевіч падкрэсліў важнасць малітвы за памерлых.

«Мы сабраліся, каб маліцца за  тых, хто жыў да нас, будаваў маральныя і духоўныя каштоўнасці грамадства, — адзначыў іерарх. — Каб маліцца за бацькоў і родных, знаёмых, якія ўжо адышлі ў вечнасць. Але і памятаць пра тых, чые імёны ведае толькі Бог і за каго ніхто не моліцца. Гэта наш абавязак. Няхай жа гэтая малітва праявіць нам Божую Міласэрнасць да памерлых, а таксама дапаможа паглядзець на нашае жыццё, задумацца пра тое, кім мы з’яўляемся і ці гатовы стаць перад судом Божым».

У працэсіі іерарх заклікаў маліцца не толькі за сваіх родных, але і памятаць «пра Курапаты, Магадан і іншыя месцы, дзе былі забіты людзі, якія, як і ўсе, заслугоўвалі шчасця на зямлі і ў небе». Мітрапаліт дадаў, што ў кожным, нягледзячы на веравызнанне, «мы павінны бачыць чалавека, створанага для вечнага жыцця».

Падчас святой Імшы пробашч парафіі кс. Андрэй Бародзіч нагадаў, што прыкладам святых варта не толькі захапляцца, але і наследаваць: праз малітву, добрыя ўчынкі, жаданне ісці за Хрыстом.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме