Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Чэллі: СМІ служаць свабодзе, служачы праўдзе
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.05.2011 13:00

13 мая 2011 г. у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены з прадстаўнікамі свецкіх СМІ сустрэўся старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі. Ватыканскі іерарх выступіў з дакладам на тэму «Інфаэтыка дзеля міру ў глабалізаваным грамадстве», а таксама адказаў на пытанні журналістаў.

Госць з Апостальскай Сталіцы заклікаў прысутных прадстаўнікоў СМІ да дыялога. Менавіта бачанне журналістаў, як падкрэсліў арцыбіскуп, дапаможа яму ў разуменні шляху, па якім ідзе Беларусь.

Сёння, як і ў кожныя часы, па словах іерарха, неабходна інфаэтыка дзеля абароны чалавечай асобы праз сацыяльную камунікацыю, якая павінна базавацца на «стратэгіі даверу». На чым жа будуецца «стратэгія даверу»? Праўда, справядлівасць, свабода і любоў — вось чатыры слупы гэтай стратэгіі.

СМІ займаюць ключавыя пазіцыі ў абмене думкамі і маюць вялікую моц — як у добрым, так і ў дрэнным. Указваючы на гэта, ватыканскі іерарх падкрэсліў, што журналісты маюць адказную місію ў грамадстве, бо павінны працаваць на карысць праўды і дабра.

Поўны тэкст даклада >>>

Пытанні, якія да арцыбіскупа Чэллі скіравалі журналісты, былі даволі гарачымі і актуальнымі.

Адно з пытанняў датычыла рэгуляцыі СМІ. Заклапочанасць гэтым, як адзначыў іерарх, сведчыць аб зацікаўленасці беларускіх СМІ ў дабры грамадства. Рэгуляцыя СМІ, па словах іерарха, перш за ўсё мае на ўвазе абарону непаўналетніх падчас карыстання Інтэрнэтам. І, як падкрэсліў, гэтым павінна быць занепакоена само грамадства. Тым не менш, Касцёл выступае за інфармаванне і адукацыю праз сучасныя мас-медыя, хоць і ўсведамляе рызыку і небяспеку.

Як ісці па шляху праўды, працуючы журналістам, і не баяцца пры гэтым страціць працу ці нават свабоду? Ці можа Касцёл адказваць на палітычныя падзеі? Як Апостальская Сталіца ставіцца да пераследу журналістаў па палітычных матывах?

Адказваючы на гэтыя пытанні, старшыня ватыканскага ведамства адзначыў, што журналісцкая дзейнасць даволі далікатная і ў той жа час, падвержаная шматлікім выклікам. Журналісты, як і кожны чалавек, пакліканы да пошуку праўды, хоць часам гэты шлях напоўнены рызыкай і выпрабоўвае сумленне. Тады паўстае выбар: страціць працу ці згадзіцца на няпраўду. Выбар, па словах ватыканскага іерарха, будзе залежаць ад таго, ці жадае журналіст заставацца верным пошуку праўды. Касцёл жа, як дадаў арцыбіскуп Чэллі, пакліканы быць побач з тымі, хто працуе дзеля агульнага дабра грамадства.

Ёсць моманты, пра якія Касцёл павінен казаць ясна і моцна, але толькі не ў палітычнай гульні. На гэта звярнуў увагу старшыня Папскай рады і падкрэсліў, што Касцёл пакліканы абараняць годнасць і свабоду чалавека, але не можа стаць апазіцыйнай партыяй.

Валянціна Крутая

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.