Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў у Мінску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.01.2013 06:00

28 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Тамаша Аквінскага. Узгадваючы асобу вялікага святога, святара і доктара Касцёла, варта адзначыць, што яго ведаюць і шануюць таксама ў Касцёле ў Беларусі. Яго імем названа міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя ў Пінску. А некалі ў Мінску быў касцёл святога Тамаша Аквінскага.

Гісторыя будаўніцтва дамініканскага кляштара і касцёла пачынаецца з 1605 г., калі менская шляхта ў гонар перамогі над маскоўскім войскам сабрала ахвяраванні, якія атрымалі назву «капыткоўскі збор» і пайшлі на адбудову рэзідэнцыі дамініканаў. Але ў 1615 г. гэтыя будынкі, верагодна, драўляныя, знішчыў пажар. У 1615 г. менскі ваявода Пётр Тышкевіч падараваў законнікам дзялянку для ўзвядзення мураваных будынкаў касцёла і кляштару. Будынак касцёла ўзвялі ў 1620–1640 гг. і асвяцілі ў гонар святога Тамаша Аквінскага, найбольш славутага прадстаўніка дамініканскага ордэна, філосафа і прапаведніка.

Узвядзенне кляштарных муроў завяршылася толькі ў 1703 г., а ў 1709 г. пачалася частковая рэканструкцыя касцёла, у першую чаргу, яго галоўнага фасада. Апошняя перабудова касцёла адбылася ў канцы XVIII ст.

Касцёл св. Тамаша Аквінскага ўяўляў класічную трохнававую шасціслуповую бязвежавую базыліку. У архітэктурным вырашэнні гэтай святыні спалучаліся рысы рэнесансу і ранняга барока. Па баках галоўнага фасада, які меў ярусную будову, сіметрычна размяшчаліся прыгожыя капліцы. Інтэр’ер святыні вызначаўся пышнасцю і багаццем дэкаратыўнага аздаблення, быў размаляваны фрэскамі, уключаў 13 стукавых і драўляных разьбяных алтароў, цудоўны арган, які мясціўся на хорах над уваходам.

Пасля пажару ў 1809 г., які знішчыў менскую фару на Траецкай гары, яе парафія лікам каля 3000 вернікаў была прыпісана да касцёла св. Тамаша Аквінскага. У 1832 г. кляштар скасавалі, а законнікаў выслалі. Касцёл быў пераведзены ў ранг парафіяльных і рэкансэкраваны як нашчадак фары пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У 1845 г. кляштар быў перададзены каталіцкай семінарыі, але пасля паўстання 1863–1864 гг. з 1869 г. выкарыстоўваўся пад вайсковыя казармы.

Ансамбль кляштара і касцёла моцна пацярпеў у Другую сусветную вайну, пасля чаго ў 1950 г. быў цалкам зруйнаваны. Храм, які перажыў дзясятак войнаў, узрывалі ў мірны час, пад покрывам ночы. Дынаміт вырываў з цела касцёла аскепкі цэглы, але доўга не мог адолець трохмятровыя сцены. Яго камяні тут жа леглі ў падмуркі новых будынкаў Мінска. Засталіся толькі падмуркі на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Энгельса (былой Дамініканскай).

JavaScript must be enabled in order for you to use Google Maps.
However, it seems JavaScript is either disabled or not supported by your browser.
To view Google Maps, enable JavaScript by changing your browser options, and then try again.

 

Спасылкі

Падрыхтаваў Віталій Палінеўскі

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.