Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
23.01.2011 02:13

22 студзеня 2011 г. прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій сабраліся на супольнай малітве ў мінскім архікатэдральным касцёле. Набажэнства праходзіла ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.

У 1986 г. у Асізі (Італія) па ініцыятыве Яна Паўла ІІ была арганізавана малітва за мір, у якой прынялі ўдзел кіраўнікі амаль усіх хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў і прадстаўнікі іншых рэлігій. Менавіта гэта сустрэча і стала пачаткам традыцыі малітвы за адзінства хрысціянаў.

Сустрэча ў Мінску распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Канцэлебравалі літургію Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары.

«Увесь Касцёл з’яўляецца адным жывым звышпрыродным арганізмам, — падкрэсліў біскуп Дзям’янка ў гаміліі. — Хрыстус з’яўляецца яго галавою… Раздробленае цела азначае, што ўвесь арганізм хворы. Падзел хрысціянаў таксама з’яўляецца знакам хваробы». Экуменічныя намаганні, як далей адзначыў іерарх, спрыяюць вяртанню страчанага праз падзел здароўя.

Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>

Пасля літургіі распачалося набажэнства і малітва аб адзінстве хрысцінаў.

Мітрапаліт Кандрусевіч у сваім звароце нагадаў пра нялёгкі лёс першых хрысціянаў, якія, аднак, «верна і мужна трывалі ў навучанні апосталаў і супольнасці, у ламанні хлеба і малітве». «Гэта быў шлях да вытрывання і захавання сваёй хрысціянскай адметнасці, а таксама шлях да нябеснага Ерузалема», — дадаў іерарх.

У той жа час Мітрапаліт Кандрусевіч указаў на адказнасць саміх хрысціянаў за існуючыя паміж імі раздзяленні: «У наш час для рэалізацыі ўзнёслага задання і так жаданага Хрыстом адзінства хрысціянаў патрэбны рэалістычны позірк на нас саміх, бо мы, як ніхто іншы, найбольш адказныя за працяг раздзялення хрысціянаў… Таму нам трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства».

Поўны тэкст прамовы >>> 

Па словах арцыпастыра, «супольнае сведчанне, а таксама абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў і правоў хрысціян, з’яўляюцца адным з галоўных прынцыпаў, на якіх павінен будавацца шлях да адзінства».

Сваё бачанне хрысціянскага адзінства прадставілі і іншыя ўдзельнікі набажэнства.

Архімандрыт Гаек звярнуў увагу ўдзельнікаў набажэнства на тое, што сёння «мы раздзяляем хлеб слова Божага», «хлеб вопыту веры» — радаснага, а часта складанага і балеснага. Іерарх таксама заклікаў маліцца, каб маглі разам даваць сведчанне любові.

«Хрысціянскае адзінства павінна фундавацца на любві да Бога, і шлях павінен быць адзіны — служыць Богу, — адзначыў протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. — У разладзе заўсёды крыецца грэх, гардыня і любоў чалавека да самога сябе. Таму, калі мы будзем любіць Бога і адзін аднаго, так, як нам запаведаў Бог, то ўсе будзем адзіныя».

Біскуп саюза Цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў Аляксандр Фірысюк звярнуў увагу на агульныя карані хрысціянаў: «Аснова адзінства — гэта ўсведамленне таго, што мы дзеці аднаго Айца Нябеснага. Мы верым у Сына Божага Езуса Хрыста, Збаўцу ўсіх людзей, у нас адна Царква Хрыстовая і адно Валадарства Нябеснае, адна Біблія — слова Божае, адна зямля і адны грахоўныя праблемы людзей, сярод якіх мы жывём і якім імкнёмся служыць. У гэтай духоўнай вайне за выратаванне людзей мы аб’яднаны ў арміі Хрыста, хоць і маем розныя традыцыі і абрады».

«Усе нашы надзеі і ўсё наша адзінства — гэта перш за ўсё Святое Пісанне. Біблія — гэта слова Божае, гэта слова не чалавечае. Таму, калі мы больш удзяляем увагі чытанню Святога Пісання, мы і больш разумеем адно аднаго, і любім адно аднаго», — адзначыў старшыня Біблейскага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Герман Родаў.

Па словах біскупа Самастойнай евангельска-лютэранскай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіміра Мейерсана, крочыць да адзінства неабходна ў любові да Бога і бліжняга: «Каб дасягнуць Валадарства Нябеснага паводле наказу Езуса трэба выконваць дзве запаведзі: любі Бога свайго ўсім сваім сэрцам і бліжняга свайго, як самога сябе. Калі будзем так чыніць, будзем ісці наперад».

Такім чынам, «трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да адзінства». 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія

20.02 09:12Мітрапаліт Кандрусевіч: помста — гэта закон Старога Запавету
12.02 14:00Мітрапаліт Кандрусевіч: Езус папракаў фарысеяў за тое, што ў іх сэрцах не было любові
11.02 19:12Мітрапаліт Кандрусевіч ва ўспамін Маці Божай з Люрда: цудоўнага аздараўлення патрабуюць не толькі целы, але і душы
10.02 12:35Сквер каля Чырвонага касцёла прапануюць назваць імем Эдварда Вайніловіча
08.02 17:51Цяжарнасць, самаадрачэнне і вера сталі аздараўленнем ад смяротнай хваробы. Надзея Гацак у праграме «Прыват» Валярыны Куставай
07.02 13:55Так выглядаў шматрэлігійны Клецк у міжваенны перыяд (+фота)
06.02 11:55Мінская парафія прысвяціла фестываль мастацкай творчасці ў гонар 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
06.02 10:39Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр на развітанне з Магілёвам: буду маліцца за Касцёл на Магілёўшчыне (+фотарэпартаж)
06.02 08:32Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр здзейсніў візіт у Магілёў (+фотарэпартаж)
04.02 20:02Мітрапаліт Кандрусевіч падчас пастырскай сустрэчы ў Магілёве: святарства і кансэкраванае жыццё — гэта шлях крыжа і супрацьстаяння