Мітрапаліт Кандрусевіч: «Каб быць шчаслівым, трэба жыць паводле Божых запаведзяў» | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
31.07.2010 14:19

Каталіцкая моладзь Беларусі перажывае ўжо трэцюю малітоўную сустрэчу моладзі ў Івянцы. Ці застануцца гэтыя спатканні добрай традыцыяй і надалей? Ці змогуць прыжыцца такія сустрэчы сярод моладзі? На гэтую тэму разважае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Яшчэ цяжка казаць пра традыцыі, бо тры гады — гэта не шмат. Вось Сусветныя дні моладзі — гэта ўжо традыцыя, бо ў гэтым годзе адзначаецца 25 дзень моладзі. Гэта ўжо юбілей, — кажа іерарх. — Што датычыцца сустрэчы ў Івянцы, думаю, яна будзе папулярнай, бо моладзь патрабуе такіх спатканняў. Гэта адначасова і катэхізацыя, і практыка рэлігійная — святая Імша, споведзь, Крыжовы шлях, разважанні Ружанца. Адначасова гэта і моладзевая забава, якая, аднак, носіць хрысціянскі характар. Моладзі гэта падабаецца. Я размаўляў сёння з гасцямі, якія прыехалі з-за мяжы . Яны прыбылі сюды спецыяльна на сустрэчу. Гэта значыць, што пра нас ужо многа дзе ведаюць. Я думаю, гэтыя сустрэчы будуць мець сэнс, і трэба іх праводзіць».

У гэтым годзе спецыяльна для малітоўнай сустрэчы быў створаны крыж. Такая традыцыя зарадзілася падчас правядзення Сусветных дзён моладзі — яны таксама праходзяць са спецыяльным крыжам. «25 гадоў назад Слуга Божы Ян Павел II падчас першага Сусветнага дня моладзі асвяціў гэты крыж. У Дэнверы у 1993 годзе падчас Крыжовага шляху на стадыёне быў вельмі моцны вецер. Здавалася, што ен паваліць гэты крыж. І раптам моладзь з трыбунаў кінулася і трымала яго вельмі моцна. Гэта было вельмі сімвалічна. Я не магу гэтага забыць», — узгадвае арцыбіскуп Кандрусевіч. Крыж, створаны для малітоўнай сустрэчы ў Івянцы, будзе і надалей суправаджаць моладзь на розных спатканнях, а таксама падчас пілігрымак. Так, напрыклад, па словам Мітрапаліта, праз некалькі дзён вырушае пілігрымка з Гродна ў Рось. І яе ўдзельнікі вырашылі ўзяць гэты крыж з сабой.

У пасланні на 25-ы Сусветны дзень моладзі Папа Бэнэдыкт XVI разважае пра Божыя запаведзі. Менавіта гэты факт паўплываў на выбар тэмы сёлетняга спаткання ў Івянцы. Арганізатары вырашылі праводзіць тую ж думку: яны паставілі мэту паказаць шлях чалавека да шчасця. «Чалавек марыць аб шчасці. І мы хочам патлумачыць моладзі, што, каб быць шчаслівым, трэба жыць паводле Божых запаведзяў», — згаджаецца з гэтай ідэяй Мітрапаліт Кандрусевіч.

 
© 2003-2024 Catholic.by