Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мінскай архікатэдры адбыўся ўрачысты сход Легіёна Марыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
30.03.2010 13:54

27 сакавіка 2010 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбыўся ўрачысты сход — ACIES — Легіёна Марыі, апостальскага руху свецкіх. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 130 легіянераў з Маладзечанскай і Барысаўскай курый Легіёна Марыі і з мінскіх прэзідыумаў.

Падобная сустрэча праводзіцца штогод у знак ушанавання і адданасці Маці Божай. Мерапрыемства адбываецца звычайна ва ўрачыстасць Звеставання Пана альбо ў найбліжэйшую да гэтай даты суботу. ACIES — лацінскае слова, якое азначае войска, падрыхтаванае да бою. Гэтая назва вельмі адпавядае ўрачыстаму сходу, падчас якога легіянеры збіраюцца разам, каб аднавіць абяцанні вернасці Дзеве Марыі, атрымаць ад Бога сілу і благаслаўленне на далейшае змаганне са злом, на працяг працы на хвалу Пана, на прывядзенне да Яго новых душаў. Абяцанні складаюцца перад сцягам Легіёна, выява якога сімвалізуе распаўсюджванне Святым Духам, што дзейнічае праз Дзеву Марыю і яе дзяцей, евангельскай весткі па ўсім свеце.

Сустрэча распачалася двухгадзіннай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой легіянеры разважалі над таямніцамі Ружанца — галоўнай малітвы Легіёна Марыі. У святой Імшы, якую канцэлебравалі кс. Юрый Санько і духоўныя кіраўнікі супольнасцяў — кс. Андрэй Стэцкевіч і кс. Юзаф Дзяконьскі, — разам з легіянерамі прымала ўдзел таксама супольнасць «Сужэнскія сустрэчы». Пасля літургіі адбылося ўрачыстае аднаўленне членамі Легіёна Марыі супольнай прысягі на вернасць Маці Божай. Пасля наступіў самы хвалюючы момант сустрэчы, калі легіянеры, кожны індывідуальна падыходзячы да сцягу Легіёна, складалі абяцанні вернасці і адданасці сваёй Маці, прамаўляючы: «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе ...»

Галіна Аляшкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме