Першая Кантакты Мапа
У мінскім архікатэдральным касцёле прайшло начное чуванне моладзі
22.03.2010 16:05

У ноч з 20 на 21 сакавіка 2010 г. у мінскім архікатэдральным касцёле адбылося начное чуванне моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел больш за 400 маладых людзей.

Сустрэча распачалася а 22-й гадзіне супольным малітоўным спевам. Праз гадзіну адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з арцыпастырам Эўхарыстыю канцэлебравалі святары, якія прыбылі з моладдзю з розных парафій. Прыгожы спеў да святой Імшы і літургію слова падрыхтаваў хор лошыцкай парафіі. Падчас працэсіі з дарамі моладзь склала на алтар і некаторыя арыгінальныя падарункі, адным з якіх быў бандаж як сімвал аздараўлення праз раны Хрыста. Своеасаблівым дарам стала таксама цішыня як знак маўчання перад голасам свету, які разрываецца ад крыку і гоману, і ўваходу ў свой уласны духоўны свет.

Важны пункт праграмы, які меў назву «Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала», быў падрыхтаваны сёстрамі законнымі з розных супольнасцяў, якія нясуць служэнне на тэрыторыі архідыяцэзіі. Сёстры расказалі аб сваім пакліканні, чыталі прысутным разважанні Казіміра Сваяка на тэму паклікання, а таксама выконвалі песні.

Затым група моладзі прапанавала ўвазе прысутных невялікую тэатральную пастаноўку, прысвечаную тэме адносінаў кожнага маладога чалавека з Богам. З 2-й да 3-й гадзіны ночы адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Укленчыўшы перад Эўхарыстычным Езусам, удзельнікі чування ў цішыні разважалі над тэкстамі на тэму сакрамэнтаў святарства і Эўхарыстыі, дзякавалі Хрысту за Яго прысутнасць у постацях хлеба і віна і ў служэнні святароў. Пасля адарацыі адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях і ружанцовая малітва. Моладзь падчас разважанняў слухала сведчанні розных знакамітых людзей, у тым ліку кардынала Казіміра Свёнтка, Маці Тэрэзы з Калькуты і Андрэ Фроссара, а таксама сведчанне ананімнага наркамана. Чуванне скончылася ў 6.30 удзяленнем благаслаўлення.

За арганізацыю начнога чування моладзі адказваў кс. Віталій Драздоўскі, вікарый мінскай архікатэдры. На працягу чування ў канфесіяналах чакалі святары, каб удзяліць сакрамэнт пакаяння. Сустрэча стала магчымасцю пазнання многіх талентаў архідыяцэзіяльнай моладзі, а галоўнае месца займала пачуццё радасці ад сустрэчы, ад вызнання сваёй веры і намеру несці Хрыста ў свет.

Маладыя людзі падзяліліся ўражаннямі аб малітоўным чуванні. Некаторыя з іх прыводзім ніжэй.

Праграма была вельмі насычанай, і сумаваць не было калі. Катэдра была запоўнена моладдзю. Гэта сведчыць аб тым, што мы, моладзь, шукаем нечага большага, чым тое, што дае нам сучасны свет. Больш за ўсё мяне ўразіла сведчанні сясцёр законных аб сваім пакліканні. Уразіла мяне і тое, што падчас іх выступлення ў храме панавала цішыня. А гэта гаворыць аб тым, што нам, маладым, цікава ведаць, як Бог дзейнічае ў чалавечым жыцці.

Алена


Малітва была цудоўнай. У гэты час Пан вельмі гучна казаў аб сваёй любові да нас. Моцная агульная малітва стварала ўражанне, што ўсе мы сталі часткай Цела Хрыста. Вельмі важнымі былі сцэнка і Крыжовы шлях. Яны адкрылі нам вочы на разуменне штодзённых сітуацый, навучылі бачыць міласэрнасць Бога ў дробязных момантах жыцця. Такія малітвы павінны стаць больш частай з’явай. Па тварах людзей было відаць, што яны чакаюць такой размовы з Богам.

Насця


Супольная малітва, удзел у святой Імшы дапамаглі яшчэ больш задумацца аб тым, як важна годна перажываць Вялікі пост і выкарыстоўваць гэты час для духоўнага ўзрастання. Не раз гучала тэма аб сапраўдным пакліканні хрысціяніна, аб адвазе і радасці, з якімі мы павінны несці Хрыста ў сваім штодзённым жыцці. Падчас такіх малітоўных сустрэч асабліва адчуваецца дух еднасці, і гэта надае сілы і рашучасці.

Ірына


Спадабалася адарацыя, падчас якой можна было паразважаць пра свае адносіны з Панам Богам. Таксама цікава было паслухаць сведчанні сясцер з розных ордэнаў. Вельмі радавала тое, што было шмат моладзі, шмат тых, хто прыступаў да сакрамэнту пакаяння. Супольная малітва, Крыжовы шлях, пастаноўкі таксама давалі штуршок для духоўных разважанняў падчас Вялікага посту.
Насця


Гэта неверагодна! Упершыню я сустрэў біскупа, які непасрэдна звяртаўся да моладзі і ў гаміліі гаварыў аб спорце! А яшчэ выкарыстоўваў красоўкі, жоўтыя і чырвоныя карткі. Я пад уражаннем абсалютнай цішыні, якая панавала падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Да гэтага часу я не ведаў, што можна суцішыцца і пры гэтым не заглушаць сумлення і слухаць Бога.
Павел


Дзякуй усім, хто арганізаваў начное малітоўнае чуванне для моладзі. Дзякуй за дар сакрамэнту пакаяння, які гэтай ноччу змяніў маё жыццё.
Уладзік
Bookmark and Share
Фотарэпартаж
 

 Архіў >>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
Парафіяда «Тэатр – Святыня – Спорт» адбудзецца ў Івянцы

18–21 жніўня 2010 г. у Івянцы адбудзецца Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пад назвай «Тэатр – Святыня – Спорт». Да ўдзелу запрашаецца моладзь 14–17 гадоў.

Падрабязней ...  
У Оршы сустрэнуцца байкеры з усяго свету

8 жніўня 2010 г. у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы (Віцебскі дэканат) адбудзецца сустрэча байкераў з усяго свету. Акрамя гэтага, сваю праграму прадставіць гістарычны клуб «Мансельвант», удзельнікі мерапрыемства сустрэнуцца як з раннім класіцызмам, так і з сучасным рокам, выступяць са сваімі спевамі дзеці і моладзь.

Падрабязней ...  
Запрашаем у пілігрымку па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава

Каардынатар пілігрымак у Віцебскай дыяцэзіі пробашч парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах кс. Вячаслаў Барок шчыра запрашае ўсіх жадаючых у чарговае падарожжа. Пілігрымка па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава адбудзецца з 9 па 16 жніўня 2010г.

Падрабязней ...