Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэс Легіёна Марыі ў Маладзечне
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
22.02.2010 14:56

Кангрэс Легіёна Марыі на тэму «Легіянер і Эўхарыстыя» сабраў у Маладзечне 65 членаў руху з Маладзечна, Вілейкі, Мядзеля, Смаргоні, Радашковічаў і Крывічоў. Святую Імшу ў межах сустрэчы, якая адбылася 13 лютага 2010 г., узначаліў кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, пробашч маладзечанскай парафіі Святога Юзафа.

У працы кангрэса прынялі ўдзел духоўны кіраўнік Легіёна Марыі ў Беларусі а. Юрый Находка OCD, духоўны кіраўнік курыі кс. Андрэй Фёдараў, духоўны кіраўнік прэзідыума ў маладзечанскай парафіі Святога Казіміра а. Генрых Кучынскі OFMConv і сёстры назарэтанкі з парафіі Святога Юзафа.

Легіянеры паслухалі падрыхтаваныя святарамі даклады, у якіх раскрывалася тэма кангрэса, пасля чаго адбылося іх абмеркаванне ў групах. Удзельнікі падзяліліся думкамі аб асабістым успрыманні Эухарыстыі, аб яе важнасці у сваім жыцці.

Адным з важных пунктаў сустрэчы стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважанні да якой падрыхтавалі легіянеры з Маладзечна. Стоячы перад Езусам у манстранцыі, удзельнікі кангрэса перапрашалі Бога за недавер да Яго любові і дабрыні, дзякавалі за атрыманыя ласкі, прасілі аб нястомным паглыбленні веры, аб дарах Духа Святога, ахвяравалі Богу ўсю сваю легіянерскую дзейнасць.

На развітанне легіянеры праспявалі свой гімн і, узмоцненыя Эўхарыстычным хлебам, напоўненыя Божай любоўю, накіраваліся ў свае парафіі з жаданнем і далей здабываць новыя душы дзеля праслаўлення Езуса і на карысць Божаму народу.

Галіна Аляшкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.