Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Велікоднае віншаванне біскупа Антонія Дзям’янкі для духавенства і вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Іерархі
16.04.2017 08:00

«Благаслаўлёны Бог і Айцец  нашага Пана  Езуса Хрыста, які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў да жывой надзеі уваскрасенне Езуса Хрыста (1 П 1, 3).

Дарагія дыяцэзіяне!

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

Дзеля нашага збаўлення Бог правёў Езуса праз цярпенні і смерць да радасці новага жыцця ў паўстанні з мёртвых. Сваёй любоўю Ён ачысціў нас ад грахоў, праліў найкаштоўнейшую кроў Адзінароднага Сына, каб мы сталі перад Богам аздобленыя справядлівасцю.Абмытыя водамі святога хросту, які бярэ пачатак у таямніцы Пасхі, мы імкнёмся да нашай абяцанай зямлі, збаўлення, вечнага жыцця, сузірання Бога бясконцага ў міласэрнасці. Хрост — гэта пачатак, а штогадовае святкаванне Пасхальнай таямніцы — гэта памятка і аднаўленне ў перажыванні нашага збаўлення.  

Няхай любоў Бога, аб’яўленая ў перамозе нашага Пана над грахом, смерцю і недахопам надзеі, шчодра напоўніць нашыя сэрцы, каб мы, пакідаючы ранейшае жыццё, станавіліся ў сучасным свеце сведкамі Хрыста, гатовымі несці Добрую Вестку ўсім, хто яе яшчэ не ведае. Няхай перажыванне таямніцы Вялікай Ночы, а асабліва аднаўленне абяцанняў хросту, прыносіць у нашым жыцці новы і радасны плён, як знак бязмежнай любові Пана.

Няхай сіла і моц, якія зыходзяць з неспасцігальнага факту Уваскрасення Хрыста, стануць для нас палёгкай у клопатах, цярпеннях і хваробах, суцяшэннем у хвіліны сумненняў, прытулкам у моманты пагрозы. Няхай надзея, якая прамяніцца з велікоднай раніцы і пустой грабніцы нашага Пана Езуса Хрыста, напоўніць сэрца кожнага хрысціяніна спакоем і любоўю.

Няхай Галілея нашага жыцця заўсёды будзе месцам сустрэчы з Уваскрослым. А паўсталы з памерлых Езус няхай загосціць у нашых сем’ях, месцах працы і адпачынку. Няхай Ён дапаможа нам пераадолець усе цяжкасці і сумненні. Няхай моц Яго ўваскрасення прывядзе нас праз штодзённасць да вечнасці.

Езус, які прывёў нас са смерці да жыцця, няхай дасць нам упэўненасць, што Ён застаўся і жыве сярод нас ажно да сканчэння свету. Няхай радасць і спакой, дары Змёртвыхпаўсталага, дадаюць нам сіл і становяцца крыніцай сведчання пра жыццё поўнае веры. А Марыя, якая ядналася са сваім Сынам, стоячы пад крыжам, а цяпер цешыцца прабываннем з Ім у хвале неба, няхай будзе нашай спадарожніцай на шляху веры і даверу да добрага Бога.

Марыя, Маці ўкрыжаванага і ўваскрослага Пана, якая вучыць нас чэрпаць мудрасць з болю і слёз, няхай дапамагае нам адкрываць перамененае аблічча Хрыста ва ўсім, што знявечанае і ўкрыжаванае на шляхах служэння Богу і чалавеку ў Касцёле і свеце.

З запалам Марыі Магдалены, якая атрымала прабачэнне Збавіцеля, будзем дзяліцца радасцю ўваскрасення Хрыста з нашымі братамі і сёстрамі, да якіх пасылае нас Пан. Няхай наша пасхальная радасць стане таксама іх удзелам. А Хрыстовы спакой, які напаўняе нашыя сэрцы, няхай разальецца ва ўсе асяроддзі, у якіх мы жывём. А тым, хто перажывае сумненні, няхай дадае адвагі і суцяшэння наш давер і радасць жыцця.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!

На святкаванне Хрыстовай Пасхі ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю.

+Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію
16.05 12:13На завяршэнне сімпозіума ў Жодзіне Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў з дакладам пра тэалогію фацімскіх аб’яўленняў
03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
02.05 16:05Мітрапаліт Кандрусевіч: Прыйшоў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школах
02.05 15:31Мітрапаліт Кандрусевіч: Касцёл негатыўна ставіцца да стварэння каталіцкай партыі
02.05 14:34Мітрапаліт Кандрусевіч: Беларусі патрэбен закон аб рэстытуцыі
02.05 13:51Мітрапаліт Кандрусевіч: Я не ведаю ніводнай краіны, акрамя Беларусі, дзе замежны святар павінен прасіць ва ўладаў дазвол на цэлебрацыю св. Імшы
02.05 12:55Мітрапаліт Кандрусевіч: у Беларусі наспела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносін
01.05 10:52Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр пракаментаваў падпісаную ў Егіпце дэкларацыю паміж Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой