Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр: Ватыкан і Беларусь не адмовіліся ад ідэі канкардату, але працы яшчэ шмат | Друк |
Іерархі
02.01.2017 14:20

Размовы пра магчымае заключэнне канкардату паміж Ватыканам і Беларуссю вядуцца ўжо не першы год. Пры гэтым намер аб заключэнні канкардату выказваецца пастаянна.

Пра гэта ў гутарцы з журналістам інфармацыйнага партала naviny.by адзначыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

«Так, праца над канкардатам не скончана, але яна абсалютна дакладна і не адменена. Намер заключыць міжнародную дамову паміж Ватыканам і Беларуссю пастаянна выказваецца», — падкрэсліў дыпламат.

Паводле слоў арцыбіскуп Пінтэра, пытанне заключэння канкардату вельмі складанае.

«Яго павінны тысячу раз праверыць, таму што ён уплывае на юрыдычныя дэталі ў заканадаўстве краіны. Канкардат прадугледжвае шырокую дамову, якая ўлічвае мноства тонкіх пытанняў. Напрыклад, у сацыяльным жыцці — гэта служэнне святароў у турмах, у арміі, у школе», — патлумачыў кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Святога Пасаду.

Канкардат — гэта дамова паміж Папам Рымскім як кіраўніком Святога Пасаду з якой-небудзь дзяржавай. Дакумент рэгулюе прававы стан Рыма-каталіцкага Касцёла ў краіне.
Ватыкан заключыў канкардаты з многімі краінамі, але ў апошнія 30-50 гадоў такая форма міжнароднага дакумента — дастаткова рэдкая з’ява, адзначыў ватыканскі іерарх. Сёння часцей заключаюцца дамовы, якія закранаюць канкрэтныя тэмы паасобку. «Куды прасцей разабрацца спачатку з адным пытаннем, а пасля перайсці да іншага», — дадаў дыпламат.

Таксама па тэме:

Які варыянт у выніку выбяруць Беларусь і Ватыкан, арцыбіскуп не ведае. Аднак тыя адносіны, якія ўжо склаліся паміж Святым Пасадам і Мінскам ён лічыць «вельмі правільнымі і добрымі», хоць бакам «заўсёды ёсць над чым працаваць».



«Я магу запэўніць, што ў нас наладжаны вельмі добры кантакт з беларускімі ўладамі. За гэты непрацяглы тэрмін, які я тут знаходжуся, я адчуў гнуткасць ураду Беларусі. Там вельмі адкрытыя людзі, з якімі можна гаварыць пра любыя рэчы. Я таксама адчуў адкрытасць вашага прэзідэнта», — заявіў Апостальскі Нунцый.

Галоўныя каштоўнасці і асноўныя задачы, якія ставяць перад сабой Беларусь і Ватыкан, напрыклад, у знешняй палітыцы, «у той ці іншай меры супадаюць».

«Абедзьве нашы дзяржавы хочуць быць адкрытымі да ўсяго свету, хочуць пабудаваць добрыя, мірныя адносіны са сваімі суседзямі і іншымі краінамі», — падкрэсліў іерарх.

У той жа час дыпламатыя Ватыкана, як адзначыў арцыбіскуп Габар Пінтэр, накіравана не столькі на католікаў, якія жывуць у той ці іншай краіне: «Мы заўсёды імкнёмся працаваць з усім грамадствам па многіх сацыяльных пытаннях, у тым ліку па правах чалавека».

Паводле naviny.by

 
© 2003-2024 Catholic.by