Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB да ўдзельнікаў Легіёна Марыі: «Будзьце вуснамі, рукамі і нагамі Езуса» | Друк |
Іерархі
28.12.2016 15:24

28 снежня, як і штогод, члены Легіёна Марыі катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве сабраліся на аплаткавую сустрэчу.

Ганаровым госцем сустрэчы стаў біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёна Аляксандр Яшэўскі SDB, які прыбыў да легіянераў разам з кс. Дзянісам Бразінскім.

Біскуп падзякаваў прысутным за служэнне іншым, асабліва за апеку над хворымі, за дапамогу пры дзяжурстве ў катэдры, за дбанне пра чысціню навакольнай тэрыторыі і прыбіранне ў святыні. Таксама біскуп адзначыў важнасць існавання ў парафіі Легіёна Марыі і іх служэння Касцёлу і ўсяму грамадству.

Іерарх заахвоціў легіянераў быць слугамі Езуса ў сучасным свеце: «Сёння Бог не мае сваіх вуснаў, каб абвяшчаць Добрую навіну і накіроўваць людзей на шлях збаўлення, як гэта было падчас Яго бачнай прысутнасці на зямлі. Сёння Бог не мае сваіх рук, каб з пачуцця любові і міласэрнасці абдымаць людзей, суцяшаць, бо яны прыбітыя да крыжа.

Сёння Бог не мае сваіх ног, каб ісці і абвяшчаць, які добры і міласэрны наш Айцец, бо і яны прыбіты да дрэва крыжа. Аднак Бог мае сёння нашыя вусны, нашыя рукі і нашыя ногі. Таму дайце Езусу свае рукі, ногі і сваё сэрца, пазычце Яму свае вусны для абвяшчэння Евангелля, якое заўсёды прыносіць вясну духоўнага абнаўлення і надалей з адвагай служыце харызматычнай сутнасцю Легіёна Марыі», — сказаў іерарх.


Ян Багдановіч
Фота кс. Дзяніса Бразінскага


 
© 2003-2024 Catholic.by