Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру 2017 года
Іерархі
31.12.2016 11:39

«Этыка братэрства і мірнага суіснавання не павінна абапірацца на логіцы страху, насілля і закрыцця, але на адказнасці, дыялогу і ўзаемапавазе. У сувязі з гэтым Папа заклікае да спынення насілля ў сям’і і злоўжывання адносна жанчын і дзяцей, заклікае да раззбраення, а таксама да забароны і знішчэння ядзернай зброі», — чытаем у каментарыі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру 2017 года.

ф НЕНАСІЛЛЕ: СТЫЛЬ ПАЛІТЫКІ ДЛЯ МІРУ

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

1. Ужо ў пяцідзясяты раз Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень міру, устаноўлены благаслаўлёным папам Паўлам VI. З нагоды гэтага дня папа Францішак абвясціў сваё пасланне, дэвіз якога — «Ненасілле: стыль палітыкі для міру». Пасланне складаецца з уступу, чатырох частак і заключэння.

Святкаванне гэтага дня з’яўляецца добрай нагодай засяродзіцца на праблеме захавання міру ў наш час, калі ён усё часцей парушаецца, пра што сведчыць штодзённае жыццё.

2. На пачатку паслання ва ўступе Папа складае сваё пажаданне міру народам свету, кіраўнікам дзяржаў і рэлігійных супольнасцяў, а таксама розным грамадскім інстытуцыям. Пры гэтым Пантыфік заклікае да ўзаемнай пашаны людзей, як створаных на вобраз і падабенства Божае, і да таго, каб ненасілле стала стылем нашага жыцця. Ён таксама заахвочвае да таго, каб любоў і адмаўленне ад насілля кіравалі адносінамі паміж людзьмі, грамадствамі і народамі (пар. ПСДзМ 17, 1).

3. У першай частцы пад назвай «Разбіты свет» Папа, прыгадваючы дзве сусветныя вайны, пагрозу атамнай вайны і іншыя канфлікты мінулага стагоддзя, а таксама сучасную фрагментарную вайну, сцвярджае, што сёння вельмі цяжка сказаць, стала насілля ў свеце менш ці больш, чым было раней, і ці лепш мы ўсведамляем праблему насілля, бо, можа, з ім ужо проста звыкліся. Так ці інакш, існуючае ў свеце насілле становіцца прычынай вялікіх цярпенняў людзей. Пры гэтым Пантыфік сцвярджае, што насілле не з’яўляецца лекам для сучаснага разбітага свету. Наадварот, яно вядзе да з’яўлення новых праблем, у выніку якіх церпяць людзі (пар. ПСДзМ 17, 2).

4. У другой частцы пад назвай «Добрая Навіна» Папа нагадвае пра тое, што Езус таксама жыў у часы насілля і вучыў, што полем барацьбы паміж насіллем і супакоем з’яўляецца чалавечае сэрца (пар. Мк 7, 21). Пры гэтым Хрыстус падкрэсліваў, што бязмежная і безумоўная Божая любоў прабачае, і заклікаў вучняў любіць нават сваіх ворагаў (пар. Мц 5, 44). А ратуючы жанчыну ад каменавання за чужаложства (пар. Ян 8. 1-11) і загадваючы Пятру схаваць меч (пар. Мц 26, 52), паказаў шлях, як можна адрачыся ад насілля. Таму той, хто прымае вучэнне Езуса, здольны распазнаць насілле, якое носіць у сабе, і дазваляе, каб Божая міласэрнасць вылечыла яго ад гэтага зла. Такім чынам, чалавек становіцца прыладай паяднання.

Пантыфік выразна вучыць, што быць сапраўдным вучнем Хрыста азначае прыняць Яго прапанову адмовіцца ад насілля. Пры гэтым ён цытуе свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, што любоў ворагаў з’яўляецца ядром хрысціянскай рэвалюцыі і magna charta — «вялікай хартыяй» хрысціянскага адмаўлення ад насілля, што не азначае капітуляцыі перад злом, але адказам дабра на зло (пар. ПСДзМ 17, 3).

5. У трэцяй частцы пад назвай «Мацнейшыя, чым насілле» Папа нагадвае, што ў сучасным свеце адмаўленне ад насілля часта ўспрымаецца як пройгрыш ці пасіўнасць. На самой справе гэта далёка не так. Адначасова папа Францішак успамінае словы св. Тэрэзы з Калькуты, што супакой можна ўстанавіць не зброяй, а ўзаемнай любоўю, таму што сіла зброі падманлівая.

Гісторыя выразна сведчыць пра тое, што барацьба без насілля прыносіць вельмі добрыя вынікі. У прыклад Папа ставіць Магатму Гандзі, які мірнымі метадамі змагаўся за незалежнасць Індыі; Марціна Лютара Кінга, які таксама мірна выступаў супраць расавай дыскрымінацыі ў ЗША, і іншых асобаў.

Пантыфік прыпамінае і аб тым, што хрысціянскія супольнасці сваёй малітвай і адважнай дзейнасцю садзейнічалі падзенню камуністычных рэжымаў у Еўропе. У гэтым працэсе асаблівая заслуга належыць св. Яну Паўлу II. Паводле Вялікага Папы, эпахальная змена жыцця народаў і дзяржаў адбываецца праз мірную барацьбу, якая карыстаецца толькі зброяй праўды і справядлівасці без насілля.

Нагадваючы, што Касцёл спрыяе развіццю стратэгій без насілля з мэтай будавання справядлівага і трывалага міру, Папа падкрэслівае, што ненасілле — гэта таксама спадчына многіх іншых рэлігій. Чарговы раз Святы Айцец кажа, што апраўдванне насілля рэлігіяй з’яўляецца зневажаннем Бога і толькі мір святы, а не вайна (пар. ПСДзМ 17, 4).

6. У пятай частцы паслання пад назвай «Хатнія крыніцы палітыкі, якая адмаўляецца ад насілля», Папа закранае праблему насілля ў сем’ях. Ён падкрэслівае, што сям’я з’яўляецца неабходным тыгелем, дзякуючы якому сужонкі, бацькі і дзеці, браты і сёстры вучацца разумець адно аднаго і бескарысліва клапаціцца адно аб адным, а таксама, што сям’я з’яўляецца месцам, дзе непаразуменні і канфлікты перамагаюцца не сілай, а праз дыялог, пашану і пошук карысці іншага, праз міласэрнасць і прабачэнне.

Этыка братэрства і мірнага суіснавання не павінна абапірацца на логіцы страху, насілля і закрыцця, але на адказнасці, дыялогу і ўзаемапавазе. У сувязі з гэтым Папа заклікае да спынення насілля ў сям’і і злоўжывання адносна жанчын і дзяцей, заклікае да раззбраення, а таксама да забароны і знішчэння ядзернай зброі. Атамнае палоханне і пагроза ўзаемазнішчэння не могуць быць асновай такой этыкі.

Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які не так даўно завяршыўся, стаў добрай нагодай і заахвочваннем да таго, каб Божая міласэрнасць увайшла ў нашыя сэрцы. Ён дапамог нам усвядоміць, што многія групы людзей становяцца ахвярамі несправядлівасці і церпяць з-за насілля. У той жа час яны з’яўляюцца членамі нашай супольнай «сям’і», нашымі братамі і сёстрамі. Таму палітыка адмаўлення ад насілля павінна распачынацца ў сем’ях, каб з іх распаўсюдзіцца па ўсім свеце.

7. У шостай частцы паслання пад назвай «Маё заахвочванне» папа Францішак нагадвае пра неабходнасць ненасілля ў справе будавання сталага міру згодна з вучэннем Касцёла, яго ўдзелу ў міжнародных арганізацыях і ўкладзе хрысціян у апрацоўку адпаведнага заканадаўства. Для гэтага сам Езус прапануе нам «падручнік» будавання міру, якім з’яўляецца Яго казанне «на гары» з васьмю благаслаўленнямі (пар. Мц 5, 3-10). Езус кажа: благаслаўлёныя лагодныя, міласэрныя, міратворцы, чыстыя сэрцам, тыя, хто імкнецца да справядлівасці.

Восем благаслаўленняў Езуса — гэта не толькі настольная кніга хрысціяніна, але і праграма для палітыкаў, рэлігійных лідараў, кіраўнікоў міжнародных арганізацый, прадпрыемстваў і СМІ. Дзеянне паводле іх азначае выбар салідарнасці як стылю тварэння гісторыі і будавання грамадскага сяброўства. Непрыняцце насілля з’яўляецца спосабам паказаць, што еднасць больш моцная і плённая, чым канфлікты.

Каталіцкі Касцёл і надалей будзе падтрымліваць усялякія змаганні ў будаванні міру праз актыўнае і творчае адмаўленне ад насілля. Вялікая надзея ў сувязі з гэтым ускладаецца на новую ватыканскую дыкастэрыю па справах інтэгральнага развіцця чалавека, якая будзе садзейнічаць усталяванню справялівасці і міру, абароне стварэння, а таксама будзе клапаціцца пра мігрантаў, хворых, маргіналаў, вязняў, беспрацоўных, ахвяр рабства і катавання і г.д. (пар. ПСДзМ, 6).

8. У заключнай частцы паслання Папа звяртаецца да Марыі — Каралевы свету, каб была нашым правадніком на шляху будавання сталага міру. Падкрэсліваючы, што ўсе людзі жадаюць спакою, Пантыфік заклікае праз малітву і дзеянне ачышчаць сябе ад насілля з мэтай будавання супольнага дома, бо ўсё магчыма ў Богу (пар. ПСДзМ, 7).

9. Як бачна, у сёлетнім пасланні на Сусветны дзень міру папа Францішак падкрэслівае, што насілле і спакой з’яўляюцца двума супрацьлеглымі спосабамі будавання грамадства. Колькасць крыніц насілля, якая ўзрастае, вядзе да сур’ёзных і негатыўных сацыяльных наступстваў. У той жа час ненасілле нясе пазітыў і спрыяе сапраўднаму прагрэсу. Таму шляхам дыялогу неабходна шукаць шляхі спакою там, дзе яны здаюцца цяжкімі і нават немагчымымі.

Такім чынам, адмаўленне ад насілля можа набываць больш шырокі сэнс: станавіцца не толькі жаданнем, натхненнем і маральным яго непрыманнем, але таксама рэалістычным, адкрытым на надзею падыходам да гэтай справы. Кожная сацыяльна-палітычная сістэма павінна абапірацца на першынстве закону. Калі захоўваецца закон і роўная годнасць кожнага чалавека, то адмаўленне ад насілля можа быць рэальным спосабам пераадолення ваенных канфліктаў. З гэтага пункту гледжання важна звяртаць увагу не на права сілы, але на сілу закону.

10. Дарагія браты і сёстры!

Сёння, на Новы Год, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Езуса Хрыста — Валадара Сусвету. Услухаемся ў голас Пятра нашага часу — папы Францішка. Зробім рахунак сумлення, ці мы сапраўды адракаемся ад насілля ў нашых сем’ях, супольнасцях, грамадстве, каб стаць сапраўднымі будаўнічымі міру, чаго ў наш, поўны неспакою, час найбольш патрабуе свет.

Няхай нашы малітвы і штодзённыя справы стануць ажыццяўленнем слоў велічнага гімну, які спявалі анёльскія хоры пры нараджэнні Збаўцы: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі».

Карыстаючыся нагодай, віншую ўсіх вас з Новым 2017 годам. Няхай Божая ласка, мір і апека Божай Маці спадарожнічаюць вам ва ўсе дні гэтага новага этапу нашага жыцця, калі мы будзем адзначаць Юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, у якіх Марыя — Каралева свету — заклікала да малітвы і навяртання, як умовы гарманічнага і мірнага развіцця чалавецтва.

З малітвай і благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 снежня 2016 г.
Урачыстасць Нараджэння Пана

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Францішак. Пасланне на 50 Сусветны дзень міру 2017 г. (ПСДзМ 17).

P.S. Глыбокапаважаныя святары могуць прачытаць гэты Каментарый вернікам ва ўрачыстасць Багародзіцы Марыі 1 студзеня 2017 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

18.01 14:47Пастырскі ліст біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Дзень кансэкраванага жыцця 2017 г.
16.01 09:39Каталіцкія іерархі прынялі ўдзел у святкаванні 20-годдзя «Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра свв. Мятода і Кірыла»
14.01 12:39Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на 2017 год
10.01 14:33Мітрапаліт Кандрусевіч удзельнічае ў V Еўрапейскім каталіцка-праваслаўным форуме ў Парыжы
06.01 19:58Мітрапаліт Кандрусевіч ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана: прыклад трох каралёў заклікае нас змяніць дарогу нашага жыцця
04.01 12:12Мітрапаліт Кандрусевіч свой дзень нараджэння адзначыў малітвай ў мінскай архікатэдры
02.01 14:20Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр: Ватыкан і Беларусь не адмовіліся ад ідэі канкардату, але працы яшчэ шмат
02.01 00:57Мітрапаліт Кандрусевіч ва ўрачыстасць Святой Сям’і: «Святая Сям'я — прыклад для сучасных сем’яў» (+фота)
31.12 11:39Каментарый арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да Паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру 2017 года
28.12 15:24Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB да ўдзельнікаў Легіёна Марыі: «Будзьце вуснамі, рукамі і нагамі Езуса»