Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мансеньёр Філіппо Чампанэллі падчас Імшы-падзякі за дыпламатычную службу ў Беларусі: «Хачу сказаць дзякуй усім вам»
Іерархі
29.08.2015 00:09

28 жніўня ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася Імша падзякі былога сакратара Апостальскай Нунцыятуры мансеньёра Філіппо Чампанэллі за дыпламатычную місію ў Беларусі. 
 
У Імшы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB і Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Падчас Імшы быў прадстаўлены і новы сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Марынко Антолавіч.

«Хачу сказаць дзякуй усім вам, пачынаючы з маёй "сям’і" — Нунцыятуры — і заканчваючы ўсімі вамі, з кім мы дзе-небудзь сустракаліся», — адзначыў у сваёй гаміліі мансеньёр Філіппо Чампанэллі. 
 
«У вас незвычайныя позіркі, яны ўразілі мяне ўнутранасцю жыцця» 

Святар адзначыў, што час, праведзены ў Беларусі, даў яму новы вопыт і навучыў новаму ў Касцёле. Мансеньёр прыгадаў моманты, якія найбольш уразілі яго падчас дыпламатычнай працы ў Беларусі. Адным з такіх момантаў была працэсія Божага Цела ў Мінску, калі «тысячы вернікаў у маўчанні ўкленчылі перад Гостыяй».
 
 

«Я забіраю з сабою ў Рым вашыя позіркі, якія вы скіроўваеце да Хрыста. Езус казаў, што вока — гэта светач цела. У вас незвычайныя позіркі, яны ўразілі мяне ўнутранасцю жыцця; ахвярнасцю, якую вы перажылі; пакорай, вялікай павагай і годнасцю, — сказаў святар. — Я буду вельмі шмат пра вас распавядаць і буду шчаслівы занесці гэтыя позіркі, пабачаныя мною ў Беларусі, усім, каго сустрэну».

Каментуючы словы літургічнага чытання гэтага дня, святар дадаў: «Тое, што дае моц хрысціянству — гэта прагненне Бога. Мы павінны быць каналам міласэрнасці, праз які праходзіць жыватворчая вада міласэрнасці, каб у прастаце і чысціні мы маглі спазнаваць Бога».

Мансеньёр Філіппо Чампанэллі заахвоціў вернікаў маліцца за святароў, каб «яны сталі прыладай гэтай міласэрнасці».

«Каб дом Папы быў домам гасцінным»
 
На завяршэнне святой Імшы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, узяўшы слова, падзякаваў прысутным біскупам і вернікам за тое, што прынялі ўдзел у памятным набажэнстве.

«Не так часта бывае, што так шмат біскупаў збіраюцца разам на адну Імшу. Для мяне гэта знак таго, што Апостальская Нунцыятура — таксама адна з важных частак Касцёла», — сказаў прадстаўнік Папы.

Скіроўваючы словы да мансеньёра Філіппо Чампанэллі, арцыбіскуп дадаў, што мансеньёр заўжды разглядаў святарства як прыярытэт свайго жыцця, таму гэта дапаможа яму ў далейшым на Божай службе, каб несці Хрыста іншым народам.

Кажучы пра беларускіх вернікаў, Апостальскі Нунцый адзначыў іх натуру, якая «больш далікатная, чым у італьянцаў» і якую беларусы «стараюцца схаваць ад іншых». Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці звярнуў таксама ўвагу на тое, што Апостальская Нунцыятура імкнецца, «каб дом Папы ў Беларусі быў домам гасцінным».

Прадстаўнік Папы дадаў, што Нунцыятура актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і палітычным жыцці краіны, і запэўніў, што яна будзе рабіць гэта і надалей.
 

«Мы былі сведкамі скрыжаванняў у гісторыі вашага народа, які перажываў розныя падзеі. Мы таксама былі сведкамі і той любові, якую да вашага народа мае Пантыфік. Былі сведкамі тых сімвалічных жэстаў да грамадства, якія падкрэслівалі любоў Папы да гэтай краіны», — сказаў арцыбіскуп.

Напрыканцы прамовы Апостальскі Нунцый яшчэ раз падзякаваў мансеньёру Філіппо Чампанэллі за чулае сэрца і працу на карысць беларускага народа.
 
 
У сваю чаргу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсіх беларускіх католікаў падзякаваў мансеньёру Філіппо за «сведчанне любові і прыклад веры». 

На развітанне мансеньёру Філіппо Чампанэллі быў падараваны крыж у знак памяці пра Беларусь, каб, «гледзячы на яго, мансеньёр прыгадваў Беларусь і яе вернікаў». Мансеньёру Марынко Антолавічу — новаму сакратару Апостальскай Нунцыятуры — быў уручаны букет ружаў колеру ватыканскага сцяга.
 
Ілья Лапато, фота Аксаны Ючкавіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію