Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на завяршэнне Года веры ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету
Іерархі
20.11.2013 08:40

Ведаю, у каго паверыў (пар. 2 Цім 1, 12)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Добра вядома, што 11 кастрычніка 2012 г. Папа Бэнэдыкт XVI урачыста распачаў Год веры, галоўнай мэтай якога было яе адраджэнне, бо чалавецтва апынулася ў духоўнай пустыні. У сучасным свеце неабходна нанова адрадзіць веру, паказаць яе прыгажосць і моц, і ўчыніць усё, каб яе агонь гарэў моцным полымем.

24 лістапада 2013 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, Год веры завяршаецца. Гэта добрая нагода, каб падзякаваць Богу за гэты час ласкі, паглядзець, што было зроблена і дасягнута, а таксама зрабіць рахунак сумлення адносна таго, як мы, у касцёльнай супольнасці і асабіста, яго выкарысталі.

2. Падчас Года веры Каталіцкі Касцёл у Беларусі і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія ў сваіх пастырскіх планах уключаліся ў планы паўсюднага Касцёла. У гэтым праявілася так патрэбная еднасць Касцёла, як і праяўленне нашай веры. Следаванне агульна-касцёльным пастырскім планам таксама ўзбагаціла нашу пастырскую працу і ўчыніла яе больш актыўнай і дынамічнай.
 
Сярод многіх ініцыятыў Года веры ў сусветным Касцёле на першае месца неабходна паставіць Сінод Біскупаў на тэму “Новая евангелізацыя для перадачы веры”, які адбыўся ў мінулым годзе. Сінод накрэсліў шляхі і метады новай евангелізацыі ў нашы часы. Чырвонай ніткай на Сінодзе праходзіла думка аб тым, што ў наш час не дастаткова хрысціць навернутых, але трэба таксама навяртаць ахрышчаных.

Асаблівае месца ў праграме Года веры ў Беларусі заняло святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў, якое адбылося пад дэвізам “Марыя – Маці нашай веры”. Нам вельмі прыемна, што Папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Святло веры” таксама назваў Марыю Маці нашай веры (пар. LF 60), што з’яўляецца пацвярджэннем імкнення Касцёла ў Беларусі знаходзіцца ў рэчышчы сусветнага Касцёла.

У святкаванне Года веры вельмі добра ўпісаліся перэгрынацыі копіі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, рэліквій св. Тэрэзы з Лізьё і св. Яна Боско па парафіях нашай краіны.

XXVIII Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра пад дэвізам “Ідзіце і навучыце ўсе народы” (Мц 28, 19) і ІІІ Усебеларуская малітоўная сустрэча моладзі, якая адбылася ў Івянцы на такую ж тэму, таксама сталі добрым сведчаннем імкнення моладзі да новага перажывання і ўмацавання веры. Вера ад слухання (пар. Рым 10, 17) і моладзь, ад якой залежыць як будучыня нашай Бацькаўшчыны, так і Касцёла, павінна займаць асаблівае месца ў абвяшчэнні Евангелля.

У святкаванне Года веры арганічна ўлілася VII міждыяцэзіяльная пілігрымка сем’яў у Будслаў пад дэвізам “Сям’я – школа веры”. Сям’я павінна займаць ключавое месца ў пераадоленні крызісу веры, бо яна ёсць першай школай евангелізацыі. Нездарма Папа Францішак падкрэслівае, што сям’я з’яўляецца лекамі ад крызісу веры і секулярызму (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/october/documents/papa-francesco_20131025_plenaria-famiglia_it.html).

Асаблівае значэнне мела далейшае вывучэнне і паглыбленне вучэння Другога Ватыканскага Сабору, які быў Саборам аб веры, і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, як кнігі веры.

Вельмі важнымі і актуальнымі былі агульнабеларуская сустрэча святароў, падчас якога слугі алтара разважалі на тэму “Святло веры – святарская вернасць”, і сустрэча сясцёр нашай архідыяцэзіі на тэму “Марыя – Маці веры і ўзор нашага жыцця ў Касцёле”.

Шматлікія пілігрымкі да святых месцаў, канферэнцыі, сімпозіумы, катэхізацыя і гаміліі галоўнай мэтай ставілі адраджэнне веры і яе ўмацаванне.  

3. Сімвалічна, што Год веры завяршаецца ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, якой таксама завяршаецца літургічны год. Вера вядзе да збаўлення (пар. 1 П 1, 5) і да вечнага жыцця ў Божым Валадарстве, да чаго мы ўсе пакліканы.

Кароль Егіпта Фарук I за некалькі гадоў да таго, як у 1952 г. быў адхілены ад улады, пісаў: “Увесь свет неспакойны і перажывае часы рэвалюцый. Хутка застанецца толькі пяць каралёў: кароль Англіі, кароль шабляў, кароль клубаў, кароль сэрцаў і кароль брыльянтаў”.

Гісторыя паказала, што ў пэўным сэнсе ён меў рацыю, хаця і не да канца. Сапраўды, некалькі каралёў страціла сваё панаванне, а адзін – іспанскі – яго вярнуў сабе. Аднак няўзброеным вокам бачна, што багацце і прыемнасці становяцца каралямі сучаснага свету, і імі найбольш заняты думкі і мары чалавека.

Як бы там ні было, ёсць сапраўдныя каралі ці іх няма, але сучасныя манархіі ўжо не маюць такой улады, якую яны мелі ў 1925 г., калі Папа Пій XI устанавіў урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, хаця іх ўплыў усё яшчэ застаецца важным.

Можна з упэўненасцю сказаць, што ніхто ў 1925 г. не мог сабе ўявіць, што жыццё каралеўскіх асоб у наш час будзе зусім іншае, чым было раней. Напрыклад, ці мог хтосьці ўявіць сабе, што будучага пераемніка англійскага трону, сына Брытанскага прынца Уільяма і герцагіні Кембрыджскай Кэйт, прынца Джорджа, якога прэса назвала “Royal baby” – “каралеўскае дзіця”, са шпіталю дамоў на машыне павязе сам бацька?! Ці ў каралеўскай сям’і няма вадзіцеляў? Напэўна, ёсць, і дастаткова, але бацька павёз нованароджанага сына дамоў сам. Гэта знак новых часоў, якім падвержаны таксама і каралеўскія асобы.

4. Што меў на ўвазе Папа Пій XI, калі ў 1925 г. устанавіў урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету? Не трэба ўгадаваць, бо ён сам падае тры прычыны таго, чаму Хрыстус з’яўляецца адзіным і вечным Валарадом (пар QP 7-16).

Найперш таму, што сам габрэйскі народ назваў Яго такім, для пацвярджэння чаго Папа выкарыстоўвае шматлікія цытаты са Святога Пісання.

Далей таму, што арханёл Габрыэль падчас Звеставання сказаў Марыі, што народжаны з Яе Сын атрымае трон Давіда і будзе панаваць на векі (пар. Лк 1, 32).

Трэцяя прычына ў тым, што Хрыстус з’яўляецца нашым Збаўцам. І мы павінны Яго за гэта праслаўляць.

Чаму Пій XI выбраў менавіта 1925 г., каб устанавіць урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету?

У 1925 г. насенне фашызму, нацызму і камунізму пачало буйна прарастаць. Атэістычныя ідэалогіі адхілілі ролю Бога і Касцёла ў справах гэтага свету. У сувязі з гэтым Папа пісаў, што з выключэннем Бога з палітычнага жыцця грамадства яно падвяргаецца вялікай небяспецы, бо не мае трывалага падмурку. У той жа час, калі чалавек як у прыватным, так і ў публічным жыцці прызнае, што Хрыстус з’яўляецца Валадаром, грамадства атрымае благаслаўленне сапраўднай свабоды, добра арганізаванага парадку, міру і гармоніі (пар. QP 18-19).

Папа Пій XI таксама заклікаў дзяржаўные ўлады да захавання Божага закону і хрысціянскіх прынцыпаў у іх дзейнасці і да забеспячэння маладым маральнага выхавання (пар. QP 32).

Такім чынам, устанаўліваючы ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, Папа адрэгаваў на праяўленні атэізму, свецкага гуманізму і таталітарызму, якія імкнуліся сцерці імя Езуса з чалавечай памяці.

5. За мінуўшы ад 1925 г. час свет змяніўся вельмі моцна і таксама адпаведна змянілася тактыка дзеяння злога духа. З’явіліся новыя выклікі, змяніўся менталітэт чалавека і абставіны яго жыцця, што стала яшчэ адной прычынай неабходнасці панавання Хрыста ў нашым жыцці, бо даволі часта сучасныя хрысціяне больш клапоцяцца аб грамадскіх, культурных і палітычных наступствах сваёй дзейнасці, чым аб веры, – як заўважае Папа Бэнэдыкт XVI у Апостальскім пасланні “Porta fidei” (“Брамы веры”) (пар. PF 2). А Папа Францішак у энцыкліцы “Lumen fidei” (“Святло веры”) кажа, што сучаснаму чалавеку “вера стала ўяўляцца як ілюзорнае святло, якое перашкаджае чалавеку з адвагай здабываць веды” (LF 2).

Перад выпрабаваннямі сучаснасці, паступаючым секулярызмам і маральным рэлятывізмам свет патрабуе ведаць, што не развіццё навукі і тэхналогіі, не імкненне да багацця і задавальненняў, не абсалютная без маральнай адказнасці свабода і г.д., але Хрыстус з’яўляецца Валадаром гісторыі. Ён павінен валадарыць у нашых сэрцах і душах, у нашым асабістым жыцці і ў жыцці грамадства і свету, каб яго перамяняць на лепшы.

Сённяшняя ўрачыстасць і заканчэнне Года веры заклікае нас асэнсаваць нашу веру, з мэтай яе паглыблення, а таксама ў абставінах выклікаў секулярызму паглядзець на праўду аб Валадарстве Хрыста ў кантэксце сучасных адносін паміж Касцёлам і светам.

Дзякуючы таямніцы збаўлення мы сталі каралеўскім святарствам і ўдзельнікамі жыцця ў Хрысце. Наш удзел у Яго каралеўскім валадарстве павінен вызваліць нас ад усіх залежнасцяў дзеля ачышчанага, умацаванага і ўзвышанага жыцця ў Хрысце (пар. LG 13). Не выпадкова святы апостал Павел кажа, што Яму належыць валадарыць, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад свае ногі (пар. 1 Кар 15, 25). Падобна анёлам, мы створаны, каб праслаўляць Бога ў Езусе Хрысце, нашым Валадары. Мы гэта чынім, калі прызнаём права Хрыста на Яго праслаўленне і ўдзячнасць, жывучы ў падпарадкаванні Яго волі, не як нявольнікі, але ў свабодзе дзяцей Божых.

6. Аднойчы ганарасты амерыканец ехаў аўтобусам у Швецыі і сказаў чалавеку, які сядзеў побач, што Амерыка — самая дэмакратычная краіна, кожны яе грамадзянін можа прыйсці ў Белы Дом і размаўляць з Прэзідэнтам. На што той яму адказаў, што гэта нічога ў параўнанні з тым, што ў Швецыі кароль і народ ездзяць адным і тым жа аўтобусам, і выйшаў. Тады іншы чалавек сказаў амерыканцу, што ён сядзеў побач з каралём Швецыі.

Нас дзівіць тое, што кароль Швецыі ехаў аўтобусам разам са сваімі падданымі. Але ці не павінна нас дзівіць тое, што Езус едзе нашым жыццёвым аўтобусам разам з намі ў напрамку неба – мэты нашага жыцця?! Ён наш Валадар, і ў Ім мы жывём, рухаемся і маем усё дабро. Ён не толькі частка нашага жыцця, але яго цэнтр і адначасова пачатак і канец. Гэта Божы дар і адначасова заданне.

Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае нам пра тое, што неабходна прызнаць сваю прыналежнасць да Езуса або стаць нявольнікам граху. Іншага рашэння няма. Але ёсць вялікая розніца паміж гэтымі двума прыналежнасцямі: грэх занявольвае нас, а за прыналежнасць да Езуса мы атрымліваем сапраўдную свабоду і вечнае жыццё.

Добрым прыкладам з’яўляецца сённяшняе Евангелле аб смерці Езуса на крыжы. Побач з Ім знаходзіліся два злачынцы, адзін з якіх пакаяўся і прасіў прабачэння, кажучы: “Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства” (Лк 23, 42). Адказ Езуса быў станоўчы: “Сапраўды кажу табе: сёння ж будзеш са Мною ў раі” (Лк 23, 43). Такім чынам злачынец, які каяўся, першым з людзей увайшоў праз адчыненую дзякуючы таямніцы збаўлення браму неба.

У гэтым злачынцы, якога традыцыя называе добрым, мы павінны бачыць саміх сябе. Каб здабыць вечнае шчасце, нам таксама трэба пакаяцца і даверыцца Хрысту. Першымі словамі, з якімі Хрыстус звярнуўся да сваіх слухачоў, былі наступныя: “Кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Таму пакаянне павінна ісці нага ў нагу з верай. І калі мы наракаем на наша жыццё і на яго праблемы, то найперш павінны прызнаць, што гэта не што іншае, як праблема нашай слабой веры.

Адзін знакаміты артыст вучыў маладых артыстаў, што кароль прысутнічае на кожным прадстаўленні, таму сваю ролю мы павінны выконваць так, яе падабаецца выконваць яе перад каралём. Езус Хрыстус – Валадар Валадароў — прысутнічае сярод нашых штодзённых спраў, таму мы павінны прысвяціць наша жыццё Яму. Мы зможам гэта ўчыніць, калі наша вера будзе моцнай, калі мы будзем моцна верыць, што Ён адзіны і сапраўдны Валадар сусвету, і калі Яму даверымся да канца.

7. Вера – гэта Божы дар і адначасова заданне, і таму мы яе павінны сведчыць у штодзённым жыцці, у выконванні Божых запаведзяў, якія нязменныя, бо гэта ўказальнікі дарогі да шчасця і вечнасці. Абставіны жыцця, якія змяняюцца, і менталітэт чалавека не з’яўляюцца дастатковымі для змены Божага закону. Касцёл – гэта не клуб па інтарэсах, не грамадская арганізацыя і нават не парламент, і ён не змяняе Божага закону, але навучае аб неабходнасці яго захавання.

Нельга таксама чыніць беззаконне, спадзеючыся на Божую міласэрнасць. Так, Бог міласэрны, але адначасова і справядлівы. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер кажа, што Божая міласэрнасць не з’яўляецца звальненнем ад Божых запаведзяў (пар. http://www.fronda.pl/a/abp-muller-milosierdzie-boga-nie-jest-dyspensa-od-bozych-przykazan,31458.html).

8. Дарагія браты і сёстры!

Год веры завяршаецца, але не можа завяршыцца яе пошук, новае адкрыццё і сведчанне, бо выклікі секулярызму становяцца ўсё больш і больш небяспечнымі. Ужо прыйшоў час прывіць імунітэт супраць гэтай хваробы сучаснасці, каб быць устойлівымі на яе вірусы. Для гэтага трэба жыць праўдай Евангелля, якое ў нашым жыцці, атручаным смогам выклікаў сучаснасці, павінна стаць глытком свежага паветра.

Нам неабходна памятаць, што не грэх і дрэнныя звычкі, а вера павінна быць спадарожніцай нашага жыцця. Яна дазваляе нам пазнаць цуды, якія Бог чыніць нам. Вера, якая стараецца распазнаваць знакі часу, абавязвае нас быць жывымі сведкамі прысутнасці Уваскрослага ў свеце. Вера з’яўляецца асабістым і адначасова супольным актам. Гэта Божы дар, які мы атрымалі, і якім неабходна жыць у супольнасці Касцёла і перадаваць свету. Вера – гэта святло, якое дазваляе адрозніць дабро ад зла і якое асвятляе шлях нашага жыцця, каб мы не заблукалі (пар. LF 3).

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”) падкрэслівае, што фундаментам хрысціянскай веры ёсць спатканне з падзеяй, з Асобай Езуса Хрыста, які надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны кірунак (пар. DCE 1). Усім нам неабходна новае жыццё, не толькі грамадскае і матэрыяльнае, але таксама і духоўнае. Яго дае вера, для чаго неабходна ўвайсці ў яе браму, якая шырока адчынена для ўсіх (пар. PF 1).

Таму, удзячныя Богу за дар Года веры і атрыманыя ў ім ласкі, на парозе новага літургічнага года, які праз тыдзень распачнём, ніколі не адмовімся ад Хрыста, у якога паверылі (пар. Цім 1, 12), зробім пастанаўленне заўсёды расчышчаць дарогу прыходзячаму Хрысту (пар. Мк 1, 3), выходзіць на Яго спатканне, як нашага Валадара, які прыходзіць да нас праз служэнне Касцёла. Адчынім Яму дзверы нашых сэрцаў і душаў, упусцім Яго туды, каб Ён там валадарыў і ўмацоўваў нашу веру, без якой няма збаўлення (пар. Ян 3, 36).  

На гэты шлях, давяраючы ўсіх вас апецы Марыі – Маці нашай веры, якая нас вядзе да свайго Сына Валадара Сусвету – пачынальніка і спраўцы веры (пар. Гбр. 12, 2), ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 19 лістапада 2013 г.


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Пій XI. Энцыкліка “Quas primas” (QP).
2. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG).
3. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка “Deus caritas est” (DCE).
4. Бэнэдыкт XVI. Апостальскае пасланне “Porta fidei” (PF).
5. Францішак. Энцыкліка “Lumen fidei” (LF).
6. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/october/documents/papa-francesco_20131025_plenaria-famiglia_it.html.
7. http://www.fronda.pl/a/abp-muller-milosierdzie-boga-nie-jest-dyspensa-od-bozych-przykazan,31458.html.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету 24 лістапада 2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію