Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды святкавання 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў
Іерархі
17.06.2013 10:20

Тэкст на польскай мове>>>

Марыя — Маці нашай веры, благаславі свой народ

Шчаслівая тая, якая паверыла (Лк 1, 45).

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтымі словамі святая Альжбета прывітала Марыю, якая прыйшла адведаць яе пасля Звеставання. У гэтым Годзе веры і адначасова Юбілейным годзе Будслаўскага санктуарыя яны набіраюць асаблівае значэнне.

Брамы веры адчыненыя для ўсіх, – кажа папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на Год веры (пар. PF 1). Праблема толькі ў тым, што сучасны чалавек не імкнецца прайсці праз іх. Многія старэйшыя людзі, асабліва тыя, які жылі на вёсцы, добра памятаюць тыя часы, калі ніхто не замыкаў сваіх хатаў, бо ведаў, што ніхто нічога не ўкрадзе. Зусім інакш сёння. Прыказка «мой дом – мая крэпасць» становіцца рэальнасцю нашага жыцця. Яшчэ не паспяваем увайсці ў наша памяшканне, як хуценька замыкаем дзверы на ключ. Вельмі часта мы нават не ведаем сваіх суседзяў, хто яны і чым займаюцца.

Сённяшнія часы – гэта часы нязвычайнага парадоксу. З аднаго боку ў нас усё больш і больш праяўляецца прыватнасць, мы адасабляемся ад іншых і не хочам, каб яны ведалі пра нас. З іншага ж, у эру інтэрнэту і іншых сродкаў масавай камунікацыі вялікі свет становіцца маленькай вёскай і мы імгненна ведаем, што адбываецца на іншых кантынентах.

Такая складаная сацыяльная сітуацыя пераносіцца і на вымярэнне веры. Сучасны чалавек вельмі часта замыкае дзверы сваёй душы для веры. А калі і дапускае веру, то толькі як прыватную справу чалавека.

У такой сітуацыі ў часы, калі чалавек знаходзіцца як быццам у духоўнай пустыні, нам неабходна не толькі абвяшчэнне Евангелля, бо вера ад пачутага, – як кажа святы апостал Павел (пар. Рым 10, 17), але таксама і прыклад. Лацінская прыказка кажа: “Verba docent – exempla trahunt” –“Словы вучаць, а прыклады цягнуць”. Такім прыкладам для нас з’яўляецца Марыя, тая, якую святая Альжбета назвала шчаслівай (пар. Лк 1, 45).

2. На шляху нашай жыццёвай пілігрымкі мы сустракаемся з Маці Божай Будслаўскай, якая ўжо чатыры стагоддзі таму прыйшла сюды, каб наведаць нашу зямлю, і засталася з намі, каб валадарыць. Перад яе вачыма доўгая гісторыя нашага народа – гісторыя супакою, знявоненняў і крывавых войнаў; гісторыя росквіту Касцёла і яго пераследу; гісторыя моцнай і гераічнай, пацверджанай крывёю мучанікаў, веры і таксама сучасныя складаныя сацыяльна-палітычныя абставіны. Атрымаўшы свабоду веравызнання, мы, на жаль, трацім свабоду дзяцей Божых, бо адказваемся жыць паводле Божага закону і гэтым самым замыкаем дзверы для Божага дару веры і будавання жыцця паводле прынцыпаў Евангелля.

Таму сёння, напярэдадні вялікага Будслаўскага юбілею, нам неабходна нанова адчытаць евангельскае пасланне аб адведзінах Марыяй дома Альжбеты і Захарыі.

Як калісьці, больш за 2000 гадоў таму, Марыя прынесла туды Езуса, так і сёння яна нясе Яго ўсім людзям, у тым ліку і нам; нясе, каб мы зразумелі неабходнасць Яго прысутнасці ў нашым асабістым жыцці, як і ў жыцці ўсяго нашага грамадства. Божы закон, які самім Стварыцелем упісаны ў прыроду чалавека і які можна распазнаць з дапамогай розуму, схіляе нас да ўшанавання Божага плану, мэтай якога з’яўляецца дабро чалавека. Гэты закон вызначае ўнутраны парадак, які чалавек мае і які павінен захаваць. Усялякая дзейнасць, якая супрацьстаіць гэтаму парадку, негатыўна ўздзейнічае на самога чалавека.

3. “Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае (…) усё праз Яго і для Яго створана. Бо спадабалася Богу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа” (Клс 1, 16. 19-20). Гэтыя словы святога апостала Паўла вызначаюць дарогу захавання атрыманых ад Бога дароў. Гэта найперш дарога паяднання ў Хрысце. Ён праз кроў крыжа і ўваскрасенне вярнуў стварэнню першасны парадак. Увесь свет, у цэнтры якога знаходзіцца чалавек, быў вырваны з няволі смерці і сапсуцця (пар. Рым 8, 21), а таксама быў адноўлены (пар. Адкр 21, 5) і існуе ўжо не для смерці, але для жыцця ў Хрысце. Дзякуючы з’яднанню з Хрыстом чалавек адкрывае нанова сваё месца ў свеце. У Ім ён нанова ўсведамляе гармонію паміж Стварыцелем і сабой.

Усё гэта магчыма толькі праз веру, якая знаходзіцца ў вялікай небяспецы і праходзіць праз розныя выпрабаванні.

4. Каб вера была моцнай, яна павінна быць выпрабавана, яна павінна прайсці праз тыгель дасведчанняў і праз жыццёвыя буры. Вонкавая, якая абапіраецца толькі на пачуцці, звычаі і традыцыі, вера перад абліччам цяжкасцяў можа трапіць у крызіс. Менавіта ў выпрабаваннях веруючы паказвае сваю веру як аўтэнтычнае злучэнне з Хрыстом і давер да Яго. Сапраўдная вера – гэта вера, якая абапіраецца на Бога і Яго слова. Усе іншыя практыкі вельмі добрыя і дапаможныя ў яе захаванні. Таму Касцёл таксама заахвочвае да так званай народнай пабожнасці. Менавіта яна дапамагла ў захаванні веры і яе перадачы маладому пакаленню падчас ганенняў на Касцёл.

Прыкладам загартавання нашай веры з’яўляецца Марыя, якая павінна была знесці не адно выпрабаванне. Менавіта таму Касцёл прадстаўляе яе нам як тую, якая ішла наперад у пілігрымцы веры (пар. LG 58). У яе жыцці кожны дзень ажыццяўляліся словы святой Альжбеты: “Шчаслівая тая, якая паверыла” (Лк 1, 45). Таму Касцёл у Марыі бачыць найлепшы прыклад захавання веры.

Марыя апярэджвае нас і ідзе перад намі ў пілігрымцы веры, як быццам прадбачачы нашы крокі, яна на нашым шляху веры блізкая да нас. Марыя з’яўляецца нашай дарогай у тым сэнсе, што апярэджвае нас і ўказвае нам шлях веры, які яна сама перажыла. Гледзячы на яе жыццё, мы павінны знаходзіць адказ на нашы праблемы, перадусім беручы з яе прыклад прыняцця Божай волі. Яе “fiat” змяніла свет, бо дзякуючы гэтаму ў яго ўвайшоў Збаўца. Таксама і наша “fiat” Богу будзе змяняць свет, ён стане больш боскім.

Гэтае “fiat” Марыя паўтарала ўсё сваё жыццё, якое не было лёгкім. У ім было шмат бур і хваляванняў, у якіх удасканальвалася яе вера.

Тут трэба зазначыць: вера не гарантуе, што жыццё чалавека абыдзецца без духоўнай цемры. Наадварот, яна яе прадугледжвае. У гэтым крыецца сэнс веры, якая выстаўлена на многія выпрабаванні. І сапраўды, як шмат святых нагадвае пра духоўную цемру, праз якую ім трэба было прайсці. Такіх выпрабаванняў было нямала і ў жыцці Марыі. Гэта найперш нязручная сітуацыя з Юзафам, які даведаўся, што яна цяжарная. Потым гісторыя нараджэння Езуса ў бэтлеемскай стайні, бо не было месца ў заездзе. Далей цяжкая вандроўка ў Егіпет, каб уратаваць Немаўлятка Езуса ад забойчай рукі Ірада.

Наступныя выпрабаванні – гэта калі Езуса не прымаюць у сваім горадзе і нават выганяюць адтуль. Потым крыжовы шлях, на якім яна сустракае свайго асуджанага на ганебную крыжовую смерць Сына. І нарэшце – сама смерць Хрыста. Паўсюль Марыя паўтарала сваё “fiat”. Гэта была яе ахвяра, якую яна ўключыла ў збаўчую ахвяру свайго Сына, дзякуючы чаму стала Маці Касцёла і Маці ўсяго адкупленага чалавецтва.

Калі наша жыццё здаецца нязносным, то запытаемся саміх сябе, ці знаходзімся блізка Марыі, жыццё якой не было лёгкім, але шчаслівым. У гэтым заключаецца парадокс любові. Для чалавека, які любіць Бога і з Ім злучаны, цяжкасці жыцця могуць станавіцца радасцю і шчасцем, бо з’яўляюцца нагодай выказаць Богу сваю любоў і вернасць. Нават калі Бог маўчыць, трэба памятаць, што гэтае маўчанне з’яўляецца толькі іншай формай Яго слова. Нездарма Бог сказаў святой Тэрэзе з Авілы: “Калі табе выдавалася, што ты была адна, Я быў найбліжэй да цябе” (http://www.opoka.org.pl/biblioteka). Бог не дае знаку, бо жадае, каб мы Яму больш давяралі. Такое маўчанне з’яўляецца пэўнай рызыкай, бо некаторыя адыходзяць. Менавіта таму адны праз выпрабаванне веры становяцца больш моцнымі, а іншыя адыходзяць, бо не да канца давяраюць Богу.

Пастава Марыі перад абліччам цяжкіх выпрабаванняў для нас з’яўляецца голасам сумлення. У яе жыцці ўсе выпрабаванні завяршаліся ўмацаваннем веры. У яе не было разыходжання паміж верай і жыццём. У нас вельмі часта ўсё наадварот – вельмі часта існуе розніца паміж верай і жыццём, паміж словамі і чынамі, паміж ідэяй і яе ажыццяўленнем.

Марыю, якая заўсёды паўтарала сваё “fiat”, можна назваць Маці даверу. Самая вялікая падзея ўсіх часоў адбылася на Кальварыі, дзе Хрыстус сказаў сваё “так” Богу Айцу. Падобна гэтаму, найважнейшыя здарэнні нашага жыцця адбываюцца тады, калі мы кажам Богу нашае “так”, калі згаджаемся з Яго воляй, і прыкладам у гэтым для нас ёсць Марыя.

Наша жыццё складаецца з пастаянных звеставанняў, якімі з’яўляюцца як прапановы Божай ласкі, так і выпрабаванні веры. Дадзены нам час з’яўляецца бясцэнным, бо ён узбагачаны прысутнасцю Бога. Кожная хвіліна нашага жыцця з’яўляецца скіраваным да нас выклікам, ці адкажам мы Богу “так”. Сутнасць хрысціянства – гэта сталая згода з воляй Божай і моцная вера ў Яго.

5. Сярод папулярных напіткаў нашага часу ёсць так званая лёгкая кока-кола – light coca-cola. Адносна веры, то трэба сказаць, што няма light faith – лёгкай веры. Вера заўсёды перажывае выпрабаванні, якімі з’яўляюцца выклікі кожнага часу.

Найбольш нябяспечнымі выпрабаваннямі веры ў наш час з’яўляюцца наступныя:

- Сучасная субкультура, якая заклікае ісці па жыцці разам з плынню; не супраціўляцца ёй, але паддавацца. Гэта найбольш лёгкі варыянт жыцця, які не патрабуе ініцыятывы і вялікага высілку, бо заклікае быць падобнымі да іншых, да натоўпу і жыць яго філасофіяй. Сучасная субкультура не ўспрымае духоўнасці, у ёй Езус ігнараваны і высмейваны; Ён абвяшчаецца Валадаром мінулых часоў, спіхваецца на перыферыю жыцця і г.д. У той жа час Святое Пісанне кажа, што той, хто верыць у Езуса, не будзе асаромлены (пар. Рым 10, 11). Калі ідалы субкультуры абяцаюць усё, а на самой справе ўсё забіраюць, то Езус дае ўсё.
- Наступным выпрабаваннем веры з’яўляецца дыктатура маральнага рэлятывізму, які кажа, што ўсё адносна і няма абсалютнай праўды. Паводле гэтай тэорыі таксама і праўды веры залежаць ад канкрэтнай сітуацыі, у якой жыве чалавек, і ад яе ацэнкі. Таму маральны рэлятывізм – гэта не што іншае, як ерась сучаснасці.
- Надзвычай небяспечным выпрабаваннем веры з’яўляецца непашана і маніпуляцыя самым вялікім Божым дарам — жыццём чалавека, у выніку чаго сучасная цывілізацыя, замест таго каб быць цывілізацыяй жыцця, становіцца цывілізацыяй смерці.
- Асаблівым выпрабаваннем веры становіцца крызіс сям’і, калі традыцыйная і Богам устаноўленая мадэль сям’і як адзінага і напарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, узаемнай дапамогі і працягу чалавечага роду сёння ўсё часцей і часцей не прымаецца сучасным светам і прапагандуецца мадэль гомасексульнага саюзу нават з правам усынаўлення дзяцей. Усё гэта вядзе да сістэмнага крызісу грамадства, бо сям’я з’яўляецца яго фундаментам (пар. GS 52).
- Чарговым выпрабаваннем веры з’яўляецца дасведчанне цярпенняў, якое часта становіцца аргументам супраць існавання Бога. Сапраўды, колькі несправялівасці і цярпенняў у свеце. І тады паўстае пытанне: а дзе Ты, Божа, быў, калі здзяйснялася несправядлівасць, лілася кроў нявінных людзей? Чаму Ты маўчаў? На гэтыя і падобныя пытанні можна адказаць наступным чынам. Бог быў на сваім месцы, Ён даў нам свой закон, якога трэба трымацца. Мы часта наракаем, што законы нядобрыя і недасканалыя. Трэба памятаць, што дасканалы толькі Бог, і Ён даў нам найбольш дасканалы закон, якім з’яўляюцца дзесяць Божых запаведзяў. Але ці мы іх выконваем? Не. І таму праблема зла не ў Богу, але ў чалавеку.

Вера падвяргаецца выпрабаванням. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, у той час кардынал Ёзаф Ратцынгер, дае вельмі прыгожы і поўны глыбокага зместу прыклад сітуацыі веруючага чалавека ў наш час. Ён кажа, што веруючы чалавек прывязаны да крыжа, які хістаецца на марскіх хвалях. Такім чынам, не што іншае, як крыж, злучае верніка з Богам, і чалавек ведае, што дрэва крыжа магутнейшае за бушуючае мора (пар. ВХ, с. 32-33).

Да дрэва свайго крыжа была прыбіта і Марыя, якая вытрывала ўсе выпрабаванні веры і для нас з’яўляецца прыкладам.

6. Дарагія браты і сёстры!

Юбілейны год Будслаўскага санктуарыя, які адзначаем у Год веры, – гэта яшчэ адна нагода зрабіць рахунак сумлення адносна нашай веры з мэтай яе ажывіць і сведчыць у штодзённым жыцці. Марыя ў гэтым працэсе з’яўляецца для нас прыкладам. Яна была з намі ў цяжкія часы пераследу веры. Яна застаецца з намі і ў новыя часы, калі з аднаго боку мы цешымся свабодай веравызнання, а з іншага – самі адступаем ад прынцыпаў веры.

Юбілей Будслаўскага санктуарыя мы адзначаем пад дэвізам: “Марыя – Маці нашай веры”. Тая, якая паверыла, сёння хоча падтрымаць нашу веру і ў шматлікіх яе выпрабаваннях даць надзею, што вера і ў наш час патрэбна, што яна можа квітнець, што на яе падмурку мы можам будаваць нашу будучыню і што яна мае эсхаталагічнае вымярэнне і вядзе нас да вечнага шчасця (пар. Флп 3, 20).

Святкаванне сёлетніх Будслаўскіх урачыстасцяў будзе ўзбагачана прысутнасцю легата Яго Святасці Папы Рымскага Францішка, якім прызначаны Яго Эмінэнцыя кардынал Жан-Луі Таран – старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Дарэчы, менавіта ён меў гонар аб’явіць свету аб выбары новага Пантыфіка – Францішка. У яго асобе сярод нас будзе прысутнічаць сам Папа. Праз яго мы пачуем голас Святога Айца, вялікага прыхільніка Маці Божай, абаронцы і абвяшчальніка веры.

Сардэчна запрашаю ўсіх вернікаў Беларусі і з-за мяжы прыняць удзел у гэтых Юбілейных урачыстасцях, якія адбудуцца ў Будславе 5–6 ліпеня 2013 г. (асабліва ў святой Імшы 6 ліпеня, якую ўзначаліць кардынал Жан-Луі Таран).

Запрашаю таксама ў пілігрымкі да гэтага святога месца, каб яны сталі яшчэ адным інструментам так патрэбнай у наш час новай евангелізацыі для перадачы і ўмацавання веры.

Да цябе, Марыя — Маці нашай веры — звяртаюся! Благаславі апошні этап падрыхтоўкі да Будслаўскіх урачыстасцяў, благаславі пілігрымаў, благаславі ўдзельнікаў, благаславі Беларусь, каб яна заўсёды заставалася краінай моцнай і непахіснай веры! Благаславі нас, каб мы паверылі і былі шчаслівымі, як была шчаслівай Марыя (пар. Лк 1, 45)! Благаславі, каб Будслаўская святыня сапраўды ўбачыла новы век пабожнасці і рэлігійнасці нашага народа, – як піша папа Францішак ў Лісце да свайго пасланніка на юбілейныя ўрачыстасці кардынала Жана-Луі Тарана (пар. /2/home/news/belarus/34-belarus/118199-papa-taran.html)!

Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай на час падрыхтоўкі і ўдзелу ў Юбілейных урачыстасцях, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Мінск, 19 мая 2013 г.
Урачыстасць Спаслання Святога Духа


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Другі Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG).
2. Другі Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл
у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS).
3. Бэнэдыкт XVI. Апостальскае Пасланне “Porta Fidei” (PF).
4. Йозеф Ратцингер. Ввведение в христианство. Москва 2006 (ВХ).
5. http://www.opoka.org.pl/biblioteka/T/TS/rozwaz_wiara_06.html.
6. /2/home/news/belarus/34-belarus/118199-papa-taran.html.

P.S. Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 23 чэрвеня 2013 г. ва ўсіх каталіцкіх парафіях нашай краіны.
            

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію