Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Фэст у гонар Маці Божай з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў прайшоў у Юрацішках
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.05.2017 15:28

13 мая ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках адбыўся фэст, прысвечаны 100-годдзю фацімскіх аб’яўленняў. Маці Божая Фацімская ўшаноўваецца ва ўсім свеце, у тым ліку і вернікамі парафіі ў Юрацішках. Тут у бакавым алтары знаходзіцца фігура Маці Божай Фацімскай.

Cвятую Імшу ўзначаліў кс. Віктар Субель. Божае Слова да парафіян скіраваў а. Андрэй Агель SP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Ліда-Індустрыяльны).

Звяртаючыся да вернікаў, святар распавёў, што ў 1917 годзе, калі ішла Першая сусветная вайна, папа Бэнэдыкт XV у сваім пастырскім пасланні да католікаў усяго свету, настойліва патрабаваў аднаўлення міру. Праз некаторы час Маці Божая аб’яўляецца свету і просіць аб спыненні вайны, заклікае да міру. І не проста просіць, але ўказвае на сродкі дасягнення міру і згоды: навяртанне, пакаянне і малітва.

«Як Езус вучыў вучняў малітве “Ойча Наш”, так Марыя навучае нас малітве Ружанца», — сказаў святар.

Святар прыводзіў прыклады з гісторыі, калі людзі розных нацыянальнасцей, рознага сацыяльнага статусу і адукацыі маліліся на ружанцы і ўшаноўвалі Маці Божую. «Так і сёння пасланне Маці Божай з’яўляецца актуальным і патрабуе ад нас навяртання, пакаяння і малітвы», — сказаў айцец піяр.

Скончылася святая Імша ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла і бласлаўленнем.



14 красавіка ў парафіі распачалася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай.

Вікторыя Пярлухіна
фота аўтара


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.