Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Парафія Святога Духа ў Гродне распрацавала план будучага касцёла
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
15.03.2017 16:26

Праектаванне касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі завяршылі ў парафіі Святога Духа ў гродзенскім мікрараёне Альшанка. Парафія Святога Духа — адна з самых маладых у Гродне.

Сёння тут дзейнічае капліца, якую ў будучым павінен замяніць новы касцёл. Яго праект распрацоўваў гродзенскі архітэктар Аляксандр Штэн, за плячыма якома вопыт распрацоўкі праектаў святыняў у Мастах, Лідзе і Гродне.

Паводле слоў пробашча парафіі кс. Паўла Салабуды, цяпер з праектам працуюць эксперты, якія рыхтуюць праектную дакументацыю. Наступным этапам стане атрыманне дазволу на будаўніцтва ў мясцовай улады.

«Побач з новай святыняй будзе знаходзіцца парафіяльны цэнтр, у якім размесціцца дом для святароў, а таксама канцылярыя, актавая зала, парафіяльны кіёск, класы для катэхетычных заняткаў і інш.», — адзначыў кс. Павел.

Як дадаў пробашч парафіі, на прыкасцёльнай тэрыторыі прадугледжана таксама ўзвядзенне званіцы і стацый Крыжовага Шляху.

Ілья Лапато



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.