Дыяцэзіяльная сустрэча кансэкраваных асобаў прайшла ў гродзенскай катэдры | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.02.2017 09:13

1 лютага ў Гродне адбылася сустрэча законных сясцёр і айцоў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца 2 лютага.

Сустрэча пачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім). Прысутныя паслухалі канферэнцыю, маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гэты дзень ён адзначыў трэцюю гадавіну прыняцця біскупскай сакры. У Імшы прымаў удзел і Гродзенскі ардынарый Аляксандр Кашкевіч.

Падтрымаць малітвай усіх кансэкраваных асобаў дыяцэзіі прыбылі шматлікія жыхары горада Гродна. Для іх гэта была таксама нагода малітоўна падзякаваць усім тым, хто сваім прыкладам і апостальскай руплівасцю паказвае ім шлях да неба.

Сведчанне, што непадзельная любоў да Бога з’яўляецца магчымай

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: «Сутнасць кансэкраванага жыцця, незалежна ад форм, у якіх яно рэалізуецца, заўсёды застаецца нязменнай. Гэта поўны дар, ахвяра з самога сябе, якую манах або манахіня складае з любові да Пана Езуса, а ў Ім — да кожнага чалавека. Гэтая ахвяра з сябе рэалізуецца праз радыкальнае практыкаванне евангельскіх парадаў: убоства, чыстасці і паслухмянасці».

Іерарх дадаў, што, рашаючыся на гэты асаблівы шлях наследавання Езуса Хрыста, «кансэкраваныя асобы даюць сведчанне, што такая поўная, выключная, непадзельная любоў да Бога з’яўляецца магчымай».

Паводле grodnensis.by (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by