Удзельніцы рэкалекцый у Адамавічах разважалі пра сутнасць быцця Божымі дзецьмі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.01.2017 16:46

З 2 па 5 студзеня ў Адамавічах у кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езуса прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат. Тэмай духоўных практыкаванняў сталі словы з Евангелля: «Калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае». Пра сутнасць быцця дзіцём Божым дзяўчатам распавядаў кс. Андрэй Скамарошка.

Кожны дзень рэкалекцый быў асаблівым, таму асноўнай задачай удзельнікаў было адкінуць усе перажыванні і праблемы, якія трывожаць сэрца, і нарэшце стаць Божым дзіцём, абдымаючы любячага Айца.

Што значыць быць Божым дзіцем? Божым дзіцём мы становімся ад самага пачатку, а менавіта ад моманту хросту. Гэта пячатка Божай любові, якая ніколі не змыецца з нас, пячатка, якая дае нам магчымасць быць простымі ў адносінах з Панам Богам.

Быць Божым дзіцём азначае быць пакорным (жыць у праўдзе перад Богам), сціплым (можаш шмат мець, але не прывязвайся да гэтага), даверлівым (умець аддаваць і давяраць Пану Богу, нягледзячы ні на што), здольным любіць («Бог ёсць любоў»).

Кожны дзень удзельніцы слухалі Божае слова, разважалі над ім, выказвалі свае думкі на хвалюючыя іх тэмы.

Углядаючыся ў Езуса Эўхарыстычнага падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзяўчаты дзякавалі Пану Богу за дар веры і любові, за ўсе здольнасці і таленты, якія маюць, а таксама прасілі, каб Пан Бог кіраваў імі на жыццёвых шляхах, каб заўсёды і ўсюды заставацца Божым дзіцём.

Напрыканцы рэкалекцый удзельніцам даручылі несці радасць ад быцця Божымі дзецьмі ў сваё паўсядзённае жыццё — не толькі словам, але і ўчынкамі: «Дзеці, не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю. І па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, і супакоім перад Ім нашыя сэрцы».


Удзельніца рэкалекцый Яна Бабушкіна, фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by