Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Евангелізацыйны курс для шукаючых Бога праходзіць у Навагрудку
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.10.2016 12:23

У парафіі Святога Міхала ў Навагрудку распачаўся Евангелізацыйны курс для тых, хто шукае адказы на хвалюючыя жыццёвыя пытанні. Курс разлічаны перш за ўсё на людзей дарослых, якія не з’яўляюцца практыкуючымі вернікамі.

Першая сустрэча, у якой узялі ўдзел звыш 40 слухачоў, адбылася 15 кастрычніка. Курс часова разлічаны на два месяцы.

Кожную суботу вернікі змогуць пачуць адказы на мноства пытанняў: кім ёсць Езус Хрыстус? Навошта Ён памёр за кожнага чалавека? Навошта чытаць Біблію? Як маліцца? Як Бог накіроўвае чалавека? Хто такі Святы Дух? Што такое Касцёл?

Фармат сустрэч накіраваны на тое, каб людзі, не саромеючыся, адкрывалі свае сэрцы, дзяліліся досведам свайго жыцця, веры і малітвы.

На пачатку сустрэч ёсць магчымасць у нефармальнай атмасферы за кубкам гарбаты бліжэй пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі. Затым пасля прадстаўлення тэмы дня праходзіць праца ў групах і дыялог на дадзеную тэму, зыходзячы з жыццёвых сітуацый.

Мэта евангелізацыйнага курса — дапамагаць тым, хто ў пошуку, праз веды па рэлігіі спазнаць Бога і спрыяць іх свядомаму ўдзелу ў жыцці супольнасці Касцёла.

Сустрэчы адбываюцца пры касцёле святога Міхала Арханёла па суботах у 19.30. Завершыцца курс у канцы снежня.

Кс. Юрый Жэгарын
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.