Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Лідчыны здзейснілі экскурсію па святынях Гродзеншчыны
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.09.2016 15:24

Група вернікаў з розных парафій Лідчыны на чале з кс. Юрыем Бяганскім здзейсніла экскурсію па святынях Гродзеншчыны. Экскурсія была прысвечана 25-годдзю заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.

Праграма экскурсіі была запланавана па маршруце Ліда-Жырмуны-Асава-Радунь-Забалаць-Першамайская-Новы Двор-Азёры-Гродна-Ішчолна-Ліда. Усяго ў яе ходзе было 12 сустрэч з пробашчамі, парафіянамі і ўдзел у святой Імшы. Гэтыя сустрэчы спрыялі наладжванню культурнага, духоўнага складніку, неабходнаму духоўнаму настрою ўдзельнікаў.

Экскурсія пачалася ля сцен касцёла Адшукання Святога Крыжа ў Жырмунах, дзе кс. Юрый Барташэвіч распавёў аб гісторыі парафіі і аграгарадка.

Затым вернікі скіраваліся ў касцёл св. Юрыя ў Асаве. Мясцовы пробашч кс. Ян Пецюн распавёў пра святыню, яе гісторыю, традыцыі, паказаў святую крыніцу чыстай лечачай вады, якую падчас юбілейных урачыстасцяў асвяціў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Таксама ўдзельнікі экскурсіі даведаліся пра старадаўні арган, які сваімі сіламі аднавіў кс. Ян Пецюн, дзякуючы якому праходзяць штогадовыя міжнародныя музычныя фестывалі.


Далей экскурсійная праграма пазнаёміла з касцёлам Маці Божай Ружанцовай у Радуні, які знаходзіцца ў адрэстаўраваным стане і выкладзены каменем. Па словах кс. Паўла, касцёл мае багатае мінулае. Тут вернікі змаглі памаліцца ля рэдкіх абразоў.

У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайскай святар распавёў пра святы парафіі і яе сучасную дзейнасць.

Вернікі пабачылі таксама касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – помнік драўлянага дойлідства, і касцёл Хрыста Валадара ў Азёрах, размешчаны ў маляўнічым азёрным месцы.


Удзельнікі экскурсіі ацанілі і касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ішчолне, помнік XVIII ст.,  з яго цікавай адметнасцю – сонечным гадзіннікам.

Таксама адбылася сустрэча з прэфектам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Андрэем Лішко, які прывітаў удзельнікаў падарожжа і ўдзяліў благаслаўленне з пажаданнямі мець духоўныя зносіны, падзяліўся вопытам духоўна-асветніцкай працы Касцёла ў Беларусі. Вернікі пабачылі і ўражваючы кніжны фонд бібліятэкі семінарыі, прадстаўлены кнігамі на розных мовах ад іўрыту да іспанскай, італьянскай, нямецкай. Сустрэча завяршылася святой Імшой з удзелам кс. Юрыя Бяганскага ў гродзенскай семінарыі.


Надзея Мікановіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.